У Бялынічах усім жыхарам прыватнага сектара камунальнікі бясплатна выдаюць новыя смеццевыя кантэйнеры для збору бытавых адходаў.
На адзін падворак выдзяляецца пара пластыкавых кантэйнераў, аб’ёмам 120 літраў кожны. Жоўты – для збору другаснай сыравіны: паперы, шкла, пластыка. Шэры – для ўсіх астатніх відаў смецця, у тым ліку арганікі.
– Ужо выдалі каля 50% кантэйнераў, а ўсяго трэба раздаць 5152, – распавядае эколаг БУКП “Жылкамгас” Жанна АЎСІЕВІЧ. – Плануем абсталяваць кантэйнерамі прыватныя домаўладанні да пачатку верасня. Гэта складаны працэс. Не заўсёды домаўладальнікі пастаянна пражываюць там або гаспадары дома знаходзяцца ў зусім іншым горадзе. Трэба знайсці ўсіх дачнікаў.
Разам з новым дагаворам бялынічанам тлумачаць, як правільна сартаваць смецце па кантэйнерах і што ў іх класці нельга. Гэта, напрыклад, будаўнічыя адходы, энергазберагальныя лямпы, гарачы попел і лёгкаўзгаральныя прадметы.
Спецыяліст ЖКГ падкрэслівае: карыстацца кантэйнерамі домаўладальнікі будуць бясплатна. Яны павінны толькі заключыць дагавор на вываз смецця з БУКП “Жылкамгас”. Абавязкова трэба выконваць правілы карыстання: своечасова выстаўляць іх на вуліцу, каб смецце вывезлі, а ў выпадку, калі кантэйнер скрадуць, звярнуцца ў міліцыю. Кошт вывазу смецця ў кантэйнерах не зменіцца.
Дарэчы, для аб’езду прыватнага сектара, дзе будуць дзейнічаць новыя правілы па вывазе смецця, камунальнікі закупілі дзве спецыяльныя аўтамашыны.
Шэрыя кантэйнеры будуць вывозіць два разы на месяц. Жоўтыя – адзін раз на месяц. Гэта будзе адбывацца ў розныя дні.
– Смецце ў нас вывозяць рэгулярна. Мяхі з ім выстаўляем каля дома, – распавядае бялынічанка Кацярына, якая жыве ў прыватным сектары па вуліцы Мічурына. – А за той час, пакуль мех стаіць, яго могуць разарваць бадзячыя сабакі або вецер перакуліць, і смецце лётае па вуліцы. Гэта непрыгожа. Цяпер жа праблема вырашана. Вельмі задаволена такім простым рашэннем гэтай праблемы.
БУКП “Жылкамгас” пачаў падрыхтоўку тэхніка-эканамічнага абгрунтавання вывазу цвёрдых бытавых адходаў яшчэ восенню мінулага года. Сёлета ў сакавіку былі пададзены дакументы ва ўстанову “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”. Адтуль былі выдаткаваны сродкі на набыццё кантэйнераў.
З пачаткам працы новай сістэмы збору ЦБА будзе праводзіцца маніторынг па выкананні домаўладальнікамі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” і складацца пратаколы на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.