Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін ШУЛЬГАН на мінулым тыдні наведаў Бялыніччыну з рабочым візітам.

У райвыканкаме міністр правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію.

Па тэлефоне да Канстанціна Канстанцінавіча звярнуліся двое чалавек. Магіляўчанін Васіль КАРОТКІ распавёў аб сваёй задумцы выдаць кнігу пра гісторыю сваёй сям’і. Яго дзядуля, Сямён ХРАНОЎСКІ, шмат гадоў працаваў тэлеграфістам, а потым і начальнікам вузла паштовай сувязі ў Бялынічах. Міністр ухваліў яго ідэю і паабяцаў аказаць неабходную дапамогу, калі будзе сабраны дастатковы матэрыял і абгрунтавана важнасць будучага выдання.

Васіль Кароткі таксама запытаў у міністра, чаму спартыўны тэлеканал “Беларусь-5” не транслюецца ў рамках бясплатнага пакета лічбавага тэлебачання. Канстанцін Шульган паведаміў, што ў пакеце лічбавага тэлебачання Zala спартыўны канал ёсць, а пытанне ўключэння яго ў сетку бясплатнага вяшчання будзе разгледжана.

Наступнай на прамую лінію патэлефанавала пенсіянерка з Заазер’я. Яна жыве на лецішчы ўвесь сезон. Тэлефонная сувязь у тым месцы, нават сотавая, пакідае жадаць лепшага.

– Таксама з-за дрэннай сувязі не можам зрабіць плацяжы праз мабільную пошту. Прыходзіцца ісці ўслед за машынай туды, дзе “ловіцца сігнал”, – паскардзілася жанчына. – Паколькі дрэнна працуе інтэрнэт, ні ўнукі, ні праўнукі не хочуць прыязджаць да мяне.

Начальнік раённага ўчастка электрасувязі Міхаіл МАРКАЎ патлумачыў, што ў доме жанчыны ўстаноўлены тэлефон, які працуе па радыёсувязі. Зона пакрыцця і “Белтэлекама”, і мабільных аператараў у гэтым месцы слабая, таму даводзіцца цярпець некаторыя нязручнасці.

Канстанцін Шульган узяў зварот жанчыны на кантроль і паабяцаў вырашыць яе праблему.

У ходзе гутаркі з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай ФУРСАВАЙ міністр сувязі азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да свята беларускага пісьменства, а таксама наведаў раённы ўчастак паштовай сувязі, на якім ужо падыходзяць да завяршэння рамонтныя работы, пазнаёміўся з арганізацыяй работы бялыніцкіх паштавікоў і сувязістаў.

                     Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                        Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email