У суботу, 1 жніўня, у парку адпачынку Ліпавы Гай было шматлюдна: бялынічане і госці райцэнтра сталі ўздельнікамі свята, арганізаванага раённымі арганізацыямі ГА “Беларускі саюз жанчын” і “Беларускі фонд міру”, “За мір, сям’ю і стабільнасць!”.
Работнікі МЦ “Ветразь” падрыхтавалі для прысутных цікавую і насычаную забаўляльную праграму. Пакуль прыхільнікі песеннага жанру глядзелі канцэрт, самыя дужыя і спрытныя госці свята ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, маленькія – у гульнявой праграме, творчыя – у майстар-класах “Робім абярэгі”, “Кветкавы калейдаскоп” і інш. Працавалі таксама выстаўкі работ настаўнікаў і выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах розных кірункаў і творчая майстэрня “Намалюем твой партрэт”, дзе жадаючыя пазіравалі для мастака і атрымлівалі свае партрэты.
У рамках прафілактычнай акцыі “Канікулы без дыму і агня” тэматычныя пляцоўкі падрыхтавалі і супрацоўнікі РАНС. Разам з ратавальнікамі малыя ўзгадвалі правілы паводзінаў у надзвычайных сітуацыях, апрануўшы спецвопратку і сродкі індывідуальнай абароны, маглі адчуць сябе сапраўднымі пажарнымі.
Увогуле, свята, дзе кожны ўдзельнік знайшоў сабе занятак па душы, атрымалася па-сапраўднаму сямейным, душэўным і цікавым.
Вікторыя САВІНА.
Фота Вольгі НАБОКАВАЙ.