У панядзелак прайшло традыцыйнае штогадовае вітанне маладых спецыялістаў, якія першае працоўнае месца атрымалі ва ўстановах адукацыі раёна.
Сёлета вялікая настаўніцкая сям’я Бялыніччыны папоўніцца на 10 педагогаў, трое з іх – жыхары нашага раёна. Дзевяць маладых спецыялістаў – выпускнікі МДУ імя А.Куляшова, адзін – Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа. Сярод іх настаўнікі пачатковых класаў, гісторыі і грамадазнаўства, біялогіі і хіміі, фізічнай культуры, два лагапеды, сацыяльны педагог. Яны папоўняць калектывы дзвюх школ райцэнтра, Машчаніцкай, Вішоўскай СШ і ясляў-сада, Цяхцінскага ВПК ДС СШ, раённага СПЦ і МЦ “Ветразь”.
На пачатку сустрэчы маладых педагогаў павітала намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА:
– Бялыніччына багатая на добрых, працавітых, таленавітых людзей, якія праслаўляюць край, дзе яны нарадзіліся і жывуць. Упэўнена, сваёй добрасумленнай працай вы таксама зробіце дастойны ўнёсак у развіццё нашага рэгіёну і, канечне, у выхаванне нашай будучыні – падрастаючага пакалення, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна.
Яна таксама распавяла маладым педагогам аб тых умовах, што створаны ў раёне для іх камфортнага пражывання і побыту, цікавага баўлення вольнага часу і, канечне, прафесійнага станаўлення і развіцця.
З уступленнем у самайстойнае прафесійнае жыццё моладзь павіншавала таксама начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА. Яна правяла для маладых настаўнікаў экскурс па сферы адукацыі раёна, распавяла аб дасягненнях лепшых настаўнікаў як сярод старшага пакалення, так і тых, хто толькі пачаў свой працоўны шлях, а таксама выказала надзею і на далейшую, пасля адпрацоўкі, замацаванасць педагогаў у раёне, якая складае, дарэчы, 54 %.
Падчас мерапрыемства маладыя педагогі павіталіся з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, дзе яны будуць працаваць, і пазнаёміліся са спецыялістамі аддзела па адукацыі райвыканкама.
Аб сацыяльных гарантыях і прэферэнцыях для маладых спецыялістаў-членаў прафсаюзных пярвічак — распавяла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля СМОЎЖ, а супрацоўніца ЦБУ № 701 ААБ “Беларусбанк” Алена КЛЮЧАНКОВА пазнаёміла іх з магчымасцямі і ўмовамі льготнага крэдытавання на набыццё тавараў першай неабходнасці.
З бадзёрым настроем робіць першыя крокі на сваім працоўным шляху малады педагог Вішоўскай СШ, выпускніца СШ № 2 райцэнтра Крысціна ТРУСАВА:
– Ва ўніверсітэт паступіла па мэтавым накіраванні. Тое, што буду працаваць у сельскай мясцовасці, мяне ніколькі не засмучае. Аграгарадок Вішоў – цікавае месца з усімі неабходнымі ўмовамі для жыцця. Нягледзячы на параўнальна невялікую адлегласць яго ад райцэнтра вырашыла, што больш зручна будзе жыць там. Акрамя кіраўніцтва школы, паспела пазнаёміцца і з вучнямі: ветлівыя, адкрытыя рабяты. Шчыра прызнацца, да сённяшняга дня існавала нейкае хваляванне ад пачуцця невядомасці таго, што чакае наперадзе, аднак падчас сённяшняй сустрэчы адчуваю натхненне і толькі станоўчы, бадзёры настрой на працу. Спадзяюся, усё атрымаецца!
У добры шлях, маладыя педагогі!
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.