У ААТ “Новая Друць” працуе сямейны экіпаж камбайна ў складзе бацькі і дачкі Аляксандра і Алены СМАЛЯКОВЫХ.
Карэспандэнт раённай газеты завітала на поле каля вёскі Сцёхава, дзе з самай раніцы працавалі камбайны сельгаставарыства.
Алена – адзіная прадстаўніца прыгожага полу ў нашым раёне на сёлетнім жніве. Заўважыць яе разам з бацькам у кабіне новенькага “Палесся” аказалася нескладана. Дзве блакітныя майкі добра праглядаліся на фоне чырвонага колеру камбайна і залацістага – збажыны. Светла-русыя валасы дзяўчыны заплецены ў косы.
Магутная машына спыняецца на рагу поля, і маленькія фігуркі спускаюцца ўніз, каб некалькі хвілін перадыхнуць, а потым зноў вярнуцца ў кабіну збожжаўборачнага камбайна.
Аляксандр Смалякоў шмат гадоў працуе ў сельгаставарыстве механізатарам і вось ужо 11-ты сезон запар убірае збожжа. Сёлета яго памочнікам стала дачка.
– Гэта я сама напрасілася, – усміхаецца Алена. – Пасля заканчэння Цяхцінскага ВПК ДС СШ паступіла вучыцца ў Горацкую сельгасакадэмію на эканаміста. Паколькі вучуся платна, захацелася зарабіць за летнія канікулы грошай. Першая вучэбная практыка ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай прайшла дыстанцыйна, таму вольнага часу аказалася больш чым дастаткова. Бацька таксама не быў супраць майго выбару.
Працоўны дзень сямейнага экіпажа пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы, а заканчваецца ў залежнасці ад умоў надвор’я. У спякотныя дні камбайны затрымліваюцца на полі да цемнаты.
Спраў у памочніка камбайнера шмат: трэба чысціць бункер, жняярку, кантраляваць страты, весці ўлік намалочанага зерня і многае што іншае. З усімі заданнямі Алена спраўляецца добра, сялянская загартоўка не падводзіць, а калі што незразумела, бацька падкажа і растлумачыць.
І Аляксандру пастаяннае знаходжанне дачкі побач не замінае. Калі яшчэ так пабудуць разам?
– Цэлы дзень праводзіць у полі не сумна, – гаворыць Алена. – За гэты час пабачыла шмат дзікіх жывёл: казуль, зайчыкаў, розных птушак. А што ўжо буслы! Яны суправаджаюць нас літаральна паўсюль. Думаю, на наступны год, калі летняя практыка пройдзе хутка, таксама пайсці на падпрацоўку памочнікам камбайнера. зноў буду працаваць разам з бацькам.
Святлана Магілеўчык.
Фота аўтара.