Жыхары аграгарадка Вішоў Іван і Тамара КАЗАКОВЫ сёлета адзначаюць 35-годдзе сумеснага жыцця. За гэты час яны ўладкавалі ўласны дом, вырасцілі сына і дачку, дачакаліся траіх унукаў і пасадзілі сад.
Іван Уладзіміравіч шмат гадоў працуе механізатарам СВК “Калгас “Радзіма”, Тамара Андрэеўна таксама рабіла ў гаспадарцы, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але яго адпачынкам можна назваць вельмі ўмоўна: агарод, дом, хатняя жывёла – усё патрабуе яе працавітых рук.
– Наш дом пабудаваны на ўзгорку, зямля тут не вельмі добрая, лічы, адзін пясок, – распавяла Тамара Казакова. – Таму з мужам прыклалі шмат намаганняў, каб яна нам паслужыла. Паабапал участка муж пасадзіў розныя дрэвы: сосны, бярозы, клёны, а ўнутры, у зацішку, — пладовы сад. За некалькі прамінулых гадоў высадзілі каля сямідзесяці маладых дрэўцаў.
Пабываўшы ў гэтым гасцінным доме, заўважыла, што яго гаспадары вельмі любяць кветкі. Прыгожыя расліны раскашуюць у палісадніку і паабапал усяго двара з ранняй вясны да позняй восені. На ўчастку таксама знайшлося месца для выгулу козачак, курэй і авечак, а таксама гульнёвай пляцоўкі для ўнукаў.
Іван Уладзіміравіч спачатку зрабіў для малых альтанку, потым стол з лавачкамі. Калі дзеці падраслі, кожнаму змайстраваў па ўласных арэлях і горцы.
– Дэкаратыўныя элементы для ўпрыгажэння гульнёвай зоны для ўнукаў прынцыпова не шукаў, – усміхаецца Іван Уладзіміравіч. – Захацелі дзеці кожнаму па асобным крэслу, калі ласка, сажалку з бусламі – усё зроблена з падручных матэрыялаў. Толькі ў халодную пару вадой возерца не напаўняем, бо малыя ўжо аднойчы выкупаліся там.
У дбайных гаспадароў ніводная рэч не застаецца без прызначэння. Стары металічны камін Іван Уладзіміравіч “перапрафіляваў” пад капцільню. Невялікая альтанка, дзе летам збіраецца ўся сям’я, зроблена з самых простых матэрыялаў. Улетку яе густа абвівае вінаграднік, ствараючы ціхае і ўтульнае месца.
Гутарачы з Тамарай Андрэеўнай, задумалася: гэта колькі трэба часу, каб дагледзіць усю хатнюю гаспадарку, сад, кветнікі, градкі! Звычайныя на першы погляд рэчы патрабуюць немалых фізічных намаганняў. Вядома ж, бацькам дапамагаюць дзеці. Але і самі гаспадары стараюцца, ствараюць пяшчотную прыгажосць не толькі для сябе, але і для нашчадкаў. Даюць ім прыклад разумнага гаспадарання на роднай зямлі. Ці не таму сядзіба Казаковых выглядае дагледжанай і заможнай?
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.