Выязное пашыранае пасяджэнне па выніках вытворча-гаспадарчай дзейнасці Бялыніцкага РГЗ за студзень-ліпень бягучага года адбылося днямі на базе ўстановы.
Падчас мерапрыемства, на якім прысутнічалі гендырэктар РУП “Магілёўаблгаз” Аляксандр ПЫЛАЕЎ, кіраўнікі вытворчых упраўленняў і раёнаў газазабеспячэння, пазнаёміліся з праектам “Разумная база”, што быў рэалізаваны пры рэканструкцыі вытворчай базы РГЗ.
У прыватнасці, кіраўнік яго Аляксандр ВАРОНІН дэталёва распавёў калегам аб трох кампанентах праекта. Першы з іх – дыспетчарызацыя энергарэсурсаў – уяўляе сабой комплекс прыбораў уліку электраэнергіі, вады, цяпла, газу, сістэмы перадачы дадзеных і праграмнага забеспячэння. Сістэма дазваляе весці бесперапынны ўлік і аналіз расходавання ўсіх відаў рэсурсаў па любых зададзеных прамежках часу: гадзінах, днях, месяцах і гадах, а таксама аб’ектах.
Другі кампанент – кіраванне вонкавым асвятленнем – прадстаўлены сукупнасцю двух дзясяткаў светадыёдных радыёкіроўных свяцільняў, якія пры дапамозе мабільнай прылады праграміруюцца па часе ўключэння і выключэння, а таксама па магутнасці светлавога патоку ад нуля да 100%. Такім чынам, без неабходнасці на тое ні ў адным з памяшканняў не зрасходуецца лішняе святло.
З дапамогай кіравання ацяпленнем – трэцяга кампанента “Разумнай базы” – рэалізавана магчымасць падтрымання неабходнай тэмпературы паветра ў разнастайных групах памяшканняў у залежнасці ад іх прызначэння і рэжыму працы персаналу. Напрыклад, неабходнасць ацяпляць залу для пасяджэнняў, якая выкарыстоўваецца не часта, нароўні з памяшканнямі, дзе пастаянна знаходзяцца людзі, адсутнічае. Гэта, зноў жа, эканомія рэсурсаў.
Прысутным таксама прадставілі новы праграмны комплекс “Сістэма кіравання аховай працы” і сістэму кантролю ўліку працоўнага часу і цвярозасці, з дапамогай якой ажыццяўляецца кантроль за захаваннем працоўнай дысцыпліны на прадпрыемстве, а менавіта: фіксуецца прыход і пакіданне працоўнага месца, стан супрацоўнікаў, якія выконваюць работы з павышанай бяспекай. Падман сістэмы, калі, скажам, замест работніка з астаткавай дозай алкаголю ў арганізме ў апарат дыхне іншы, поўнасцю выключаны.
Адной з галоўных тэм пасяджэння было таксама выкананне асноўных паказчыкаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці станцый газазабеспячэння. Што тычыцца непасрэдна Бялыніцкага РГЗ, то ўсе яны выкананы ў поўнай меры. З боку кіраўніцтва РУП “Магілёў-аблгаз” дзейнасці ўстановы дадзена высокая адзнака.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі яго наведалі раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі і алею Герояў у Ліпавым Гаі.
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.