У мінулую пятніцу прафесійнае свята – Дзень работнікаў лесу – адзначылі ў медыяцэнтры “Зорка” працаўнікі ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”.
На свята завітала шмат ганаровых гасцей, ветэраны працы і работнікі арганізацыі. Напачатку ўсе прысутныя прагледзелі відэафільм, зняты да юбілею вышэйстаячай арганізацыі – Магілёўскага ДВЛГА, з даты заснавання якога сёлета споўнілася 80 гадоў.
Віншаванні з нагоды прафесійнага свята першым выказаў дырэктар лясгаса Аляксандр ХОДАС. У сваім выступленні ён адзначыў безумоўную важнасць працы прадстаўнікоў лясной сферы, акрэсліў сённяшнія аспекты развіцця лесагаспадарчай галіны Бялыніччыны. Таксама ён дадаў, што днямі ў Магілёўскім лясгасе адкрыўся новы лесанасенны цэнтр – цэлы комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу каштоўных парод дрэў з закрытай каранёвай сістэмай. Дзякуючы высокай прыжывальнасці такіх саджанцаў значна палепшацца лесааднаўленчыя работы ў рэгіёне.
Затым Аляксандр Мікалаевіч уручыў узнагароды лепшым з лепшых працаўнікоў лясгаса. Ганаровую грамату Міністэрства лясной гаспадаркі атрымаў Міхаіл ГУРАНЁЎ, грамату ведамства – Андрэй ХРАМЦОЎ, Падзяка Міністра ўручана Анатолю КОЗЫРАВУ. Ганаровай граматай Магілёўскага ДВЛГА дырэктар лясгаса ўзнагародзіў Дзяніса ЮРЧАНКУ, Падзякай генеральнага дырэктара – Алену ШЛЯПАВУ.
Цёпла павіншаваў працаўнікоў лясной сферы старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй САЛАНІНКА. Ён уручыў падзякі райсавета дэпутатаў галоўнаму ляснічаму Уладзіміру ЯКАЎЦУ і лесніку Аркадзю КАЎТУНОВУ.
Намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА ўзнагародзіла Ганаровай граматай райвыканкама старшыню прафсаюзнай пярвічкі лясгаса Наталлю КОЗЫРАВУ.
Яшчэ адну ўзнагароду – Грамату абласнога камітэта прафсаюза работнікаў леса і прыродакарыстання, а таксама памятны знак “Лепшы па прафесіі” – намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Юліі КУДРАВЕЦ уручыла старшыня райаб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК.
Падзякі і каштоўныя падарункі ад РК ГА “БРСМ” атрымалі ляснічы Ацябрскага лясніцтва Аляксандр ЗДРАВЕНКА, вальшчык лесу Свяцілавіцкага лясніцтва Сяргей ФУРСАЎ і інжынер па падрыхтоўцы кадраў Аляксандра МАКАРЭВІЧ.
Шэраг працаўнікоў лясгаса ўдастоіліся ганаровых грамат ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” і грашовых прэмій.
Па традыцыі, на свяце былі ўшанаваны сувенірамі і кветкамі ветэраны арганізацыі, а таксама ўрачыста прыняты ў лік работнікаў лясгаса чацвёра маладых спецыялістаў. Ад імя прыбыўшай моладзі выступіў інжынер паляўнічай гаспадаркі Аляксандр КОТАЎ.
– Калі я і мае калегі вырашылі прысвяціць сваё жыццё лесу, то пастараемся працаваць дастойна, як і нашы ветэраны, – паабяцаў малады спецыяліст.
Яшчэ адзін яркі акцэнт у свята ўнеслі вакалісты і творчыя калектывы РЦК, а таксама ўдзельнікі народнага тэатра мініяцюр “Імпульс”, якія падарылі лясгасаўцам цёплыя і прыгожыя мастацкія нумары.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.