Днямі ў раённым Цэнтры культуры адбыўся святочны канцэрт народнага хору ветэранаў працы

“Натхненне”, прысвечаны 25-гадоваму юбілею з часу яго ўтварэння.

Да свайго юбілею ўдзельнікі хору падрыхтавалі вялікую і цікавую канцэртную праграму, у якой прагучалі папулярныя творы і любімыя песні з рэпертуара калектыву.

Шмат віншаванняў было адрасавана хору на святочным мерапрыемстве. З прыгожай датай юбіляраў павіншавала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля СМОЎЖ. Яна пажадала ўдзельніцам хору новых творчых поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту. А пенсіянерам-педагогам уручыла падзячныя лісты. Дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Святлана КАНДРАЦЬЕВА падзякавала ўдзельніцам хору за любоў да песні і творчыя дасягненні, а таксама ўручыла памятны падарунак.

Некаторыя ўдзельніцы калектыву працавалі ў раённай бальніцы, таму і гэтая арганізацыя не згубіла магчымасці павіншаваць юбіляраў. Ад кіраўніцтва ЦРБ была зачытана віншавальная тэлеграма.

Рэгіна РАДЗІЁНАВА і Марыя ГАЛУЗАВА, удзельніцы хору, якія стаялі ля вытокаў яго заснавання, выказалі свае віншаванні са сцэны, падзяліліся ўспамінамі.

У святочнай канцэртнай праграме выступілі таксама народны вакальны ансамбль “Славяне” і дыпламантка міжнародных і абласных конкурсаў Юлія МАРОЗ.

Хор ветэранаў працы “Натхненне” быў створаны ў 1995 годзе на базе раённага Цэнтра культуры. У 2005 годзе яму прысвоена ганаровае званне “Народны”. Першым кіраўніком калектыву была Франя АРЛОЎСКАЯ. З верасня гэтага года хорам кіруе малады спецыяліст РЦК Анастасія ГАЙДА, канцэртмайстар – Валерый МАКАРАНКА.

       Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email