Увосень – работ восем! А рук, на жаль, толькі дзве, – хочацца дадаць да вядомай народнай прыказкі. Але і дзвюма рукамі можна зрабіць шмат.
У верасні аграрыі раёна занятыя ў сельгасработах пад самую завязку. У гаспадарках актыўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, вядзецца ўздым зябліва, пасеў азімых культур.
Галоўны аграном ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Іван ГАЙДУРАЎ не хавае лёгкага хвалявання: на момант нашай з ім сустрэчы ў гаспадарцы поўным ходам ішла ўборка грэчкі. Патрэбна ўсяго некалькі пагодных дзён, каб яе ўбраць. Надвор’е і сапраўды радуе цяплом, справа толькі за тым, каб тэхніка не падвяла.
– Грэчкі пасеялі сёлета толькі 56 гектараў, – распавядае Іван Міхайлавіч. – У наступным годзе плануем павялічыць плошчу пад яе. Большасць земляў у таварыстве лёгкія, пясчаныя, таму стараемся рабіць упор на тыя культуры, якія там добра растуць. Зараз вядзём актыўны пасеў азімых культур, фарміруем ураджай будучага года.
Іван Гайдураў працуе ў гаспадарцы ўсяго год. Да гэтага шчыраваў аграномам у Клічаўскім раёне, але жыццёвыя абставіны змусілі яго вярнуцца на малую радзіму, на Бялыніччыну. Па яго прыбыцці справы ў раслінаводчай галіне райаграпрамтэхзабеспячэння знаходзіліся не ў самым лепшым стане. Зараз сітуацыя пакрысе выпраўляецца.
Нягледзячы на розныя складанасці, у таварыстве створаны насенны фонд зерневых культур, уводзяцца ў эксплуатацыю землі, што доўгі час пуставалі, палі своечасова праходзяць запланаваныя этапы апрацоўкі.
– Галоўная задача на сённяшнім этапе – закласці трывалую кармавую базу для жывёлы, – дзеліцца бягучымі планамі Іван Міхайлавіч. – Тут усё завязана ў ланцужок: добрыя кармы – гэта малако і мяса, прадукцыя жывёлаводства – грошы, а яшчэ – каштоўная арганіка. Грошы – гэта і зарплата, і своечасовае абслугоўванне, і рамонт сельгастэхнікі. Арганічныя ўгнаенні ў сваю чаргу ствараюць перадумовы добрага ўраджаю. Важны і чалавечы фактар, праца механізатараў. Упэўнены, што прафесіяналізму ў іх не адняць.
– Каб з зямлі шмат узяць, ёй трэба і многа аддаць! – рэзюмуе аграном.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.