20 кастрычніка адзначаецца сусветны дзень статыстыкі. Але ў гэтым годзе ён асаблівы і для нашай краіны. Сёлета органам дзяржаўнай статыстыкі Беларусі споўнілася 100 гадоў. За гэты час у краіне была створана паўнавартасная структура органаў уліку з наладжанай сістэмнай і планамернай працай: ад Нацыянальнага статыстычнага камітэта да тэрытарыяльных органаў.

Сусветны дзень статыстыкі – свята адносна маладое. У вераснi 2008 года Статыстычны аддзел ААН, улічваючы ўклад статыстычнай навукі ў развіццё і ўдасканаленне сучасных працэсаў кіравання рэсурсамі і эканомікай, звярнуўся да краін і міжнародных арганізацый з прапановай аб правядзенні               20 кастрычніка 2010 года Сусветнага дня статыстыкі. Такім спосабам сусветная супольнасць вырашыла паказаць значнасць для сучаснага эканамічнага ўкладу падрыхтоўкі своечасовых і надзейных статыстычных дадзеных і паказчыкаў.

У нашай краіне гісторыя органаў статыстыкі пачыналася ў 1918 годзе з Цэнтральнага статыстычнага бюро. У 1994 годзе яно было ператворана ў Міністэрства статыстыкі і аналізу. З 2008 года ў нашай рэспубліцы працуе Нацыянальны статыстычны камітэт, які ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю асноватворнага прынцыпу афіцыйнай дзяржаўнай статыстыкі з мэтай атрымання незалежнай і аб’ектыўнай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным, дэмаграфічным і экалагічным становішчы ў рэспубліцы і яе рэгіёнах.

Дзяржаўны орган статыстыкі ў нашым раёне прадстаўляе аддзел статыстыкі Бялыніцкага раёна, які ўносіць свой дастойны ўклад у агульнарэспубліканскае назапашванне інфармацыі.

Зараз у аддзеле працуюць 4 спецыялісты, якія займаюцца зборам, апрацоўкай і аналізам атрыманай інфармацыі ад рэспандэнтаў. Гэта начальнік аддзела Марына ХРАБРАЯ, галоўны спецыяліст Таццяна КЛІМАВА, эканаміст Лідзія ГРЫНЬКОВА і спецыяліст па правядзенні абследаванняў Галіна МАКЕЕВА. Менавіта яны аналізуюць усе сферы жыццядзейнасці раёна: сельскую гаспадарку, вытворчасць, унутраны і знешні гандаль, будаўніцтва, узровень жыцця людзей, дэмаграфічнае становішча, аказанне платных паслуг і многае іншае.

Агульны вынік працы аддзела складаецца з укладу кожнага спецыяліста і ў значнай ступені залежыць ад мікраклімату і ўмелага кіраўніцтва. З 2005 года аддзел статыстыкі ўзначальвае Марына Храбрая, якая здолела наладзіць працоўны працэс такім чынам, што ўся інфармацыя адпраўляецца дакладна ў тэрмін, не патрабуе карэкціровак і выпраўленняў. Сапраўды, яна аддае сваёй справе і калектыву частку душы.

– У асноўным мы займаемся зборам і апрацоўкай дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці прадпрыемстваў горада і раёна, – распавядае Марына Валер’еўна. – Гэта дадзеныя аб аб’ёме вытворчасці арганізацый прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, гандлю, суб’ектаў малага прадпрымальніцтва, аб’ёмах інвестыцый, унутранага і знешняга гандлю, паказчыкі фінансавага становішча суб’ектаў гаспадарання. Нягледзячы на тое, што сёння калектыў невялікі, з аб’ёмам працы спраўляемся, у нас вопытныя спецыялісты. Напрыклад, Таццяна Клімава, якая аддала працы ў статыстыцы больш за 16 гадоў. Два і пяць гадоў, адпаведна, у аддзеле працуюць Галіна Макеева і Лідзія Грынькова. Сёння ўся справаздачнасць пераведзена ў электронны фармат, які вельмі актыўна выкарыстоўваюць рэспандэнты. І хоць з развіццём інфармацыйных тэхналогій апрацоўваць інфармацыю стала нашмат прасцей, у гэтай сферы без такіх якасцей, як адказнасць, уважлівасць, кампетэнтнасць і дысцыплінаванасць не абысціся. Усімі гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодаюць работнікі нашага аддзела.

                    Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email