РАНС запрашае маладых жыхароў Бялыніччыны звязаць свой лёс з высакароднай прафесіяй ратавальніка-пажарнага і стаць курсантам універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі ў Мінску.
Універсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў па дзвюх спецыяльнасцях: “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” і “Пажарная і прамысловая бяспека”, якія не маюць аналагаў у краінах СНД. Ужо з першага курса курсанты праходзяць практыку ў вучэбнай аварыйна-ратавальнай часці ВНУ, удзельнічаюць у тушэнні пажараў і ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый, набываючы навыкі баявой службы і рыхтуюць сябе да будучай працы.
Значная ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы і спорту. Усе выпускнікі маюць спартыўны разрад па адным або некалькіх відах спорту. Многія з іх становяцца кандыдатамі і майстрамі спорту, чэмпіёнамі Свету і Еўропы.
Па заканчэнні вучобы выпускнікам універсітэта выдаецца дыплом аб вышэйшай адукацыі і прысвойваецца спецыяльнае званне “Лейтэнант унутранай службы”. Курсанты, залічаныя ва ўніверсітэт, выключаюцца з воiнскага ўлiку (вызваляюцца ад службы ў войску). Час вучобы залічваецца ў стаж службы.
Курсанты забяспечваюцца абмундзіраваннем, харчаваннем, медыцынскім абслугоўваннем, камунальна-бытавымі паслугамі і інтэрнатам, ім выплачваецца стыпендыя. У працэсе навучання яны вывучаюць дысцыпліну “Аўтамабільная падрыхтоўка” і на 3 курсе атрымліваюць пасведчанне вадзіцеля.
Універсітэт мае сучасныя вучэбна-лабараторныя базы, камп’ютарныя класы, вучэбна-тактычныя палігоны і г.д. Для арганізацыі практычнага навучання маюцца вучэбныя пажарныя аварыйна-ратавальныя часці. Створаны ўсе неабходныя ўмовы для заняткаў спортам.
Таксама можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” у іншых навучальных установах Беларусі.
Падрабязную інфармацыю аб умовах паступлення можна атрымаць у РАНС па адрасе: г. Бялынічы, вул. Паркавая, 2, ці па тэлефоне 38-103.
Аляксандр ЯНКОЎСКІ,
намеснік начальніка РАНС.