Удзел у адкрытым рэспубліканскім турніры па змешаных адзінаборствах прынялі байцы з МЦ “Ветразь”

У Гомелі адбыўся адкрыты рэспубліканскі турнір па змешаных адзінаборствах. Удзел у ім прынялі і юныя байцы з МЦ “Ветразь”.

У турніры выступілі больш за 100 спартсменаў з розных гарадоў Беларусі і ганаровыя госці – зборная Курскай вобласці. Баі праходзілі ў трох узроставых катэгорыях: 10-11, 12-13 і 14-16 гадоў.

Бялыніччыну прадстаўлялі 4 спартсмены. Данііл КАРАЛЁНАК стаў лепшым ва ўзроставай катэгорыі 10-11 гадоў (у вазе да 40 кг). Заслужанае другое месца дасталося Мікалаю СКАЧКОВУ ва ўзроставай катэгорыі 12-13 гадоў (вага да 60 кг).

Станіслаў КЛУБАЁЎ і Вадзім КУНЦЭВІЧ, узростам 12 і 13 гадоў адпаведна, з-за адсутнасці сапернікаў у сваёй вагавай катэгорыі змагаліся з байцамі, старэйшымі за іх на 3-4 гады, і паказалі добрыя вынікі. Станіслаў заняў трэцяе месца, а Вадзім стаў чацвёртым і атрымаў падарункі ў намінацыях “За волю да перамогі” і “Самы прыгожы бой”.

– Хлопцы паказалі моцны характар і добры вынік. Будзем працягваць трэніроўкі, каб далей удасканальвацца і дасягаць лепшых вынікаў, – падзяліўся меркаваннем трэнер МЦ “Ветразь” Аляксандр ДАЛЖАНКОЎ. – Турніры падобнага ўзроўню надаюць неабходны вопыт спартсменам. Бо трэніроўкі – адно, а практыка спаборніцтваў – зусім іншае. Спартсмены становяцца больш псіхалагічна ўстойлівымі, маюць магчымасць паказаць сябе.

        Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

        Фота з архіва Аляксандра Далжанкова.

 

Print Friendly, PDF & Email