Вайсковая служба ва Узброеных сілах – сапраўдная школа ўзмужнення, станаўлення маладога чалавека як мужчыны. І да гэтага адказнага моманту на крок бліжэй сталі больш за 40 прызыўнікоў з раёна, якія ўжо ў гэтым месяцы папоўняць шэрагі воінскіх часцей краіны.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлетнія провады маладых хлопцаў у войска не былі такія ўрачыстыя, як у мінулыя гады. Але, несумненна, запомняцца хлопцам на ўсё жыццё.
Ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Дзмітрый ДРАЗДОЎ звярнуўся да прызыўнікоў з пажаданнем добрай службы, заклікаў іх стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, не баяцца цяжкасцей, быць мужнымі і адказнымі, знаходзіць агульную мову з таварышамі па службе.
Дзмітрый Аляксандравіч распавёў навабранцам аб умовах іх будучай службы, прыняцці прысягі, распарадку дня, пра магчымасць атрымання дадатковай прафесіі, пераводу на кантрактную форму службы і многае іншае.
– З войска хлопцы вяртаюцца зусім іншымі людзьмі, яны становяцца дысцыплінаванымі і ўжо па-іншаму глядзяць на жыццё, – распавядае прызыўнік Аляксандр РАГАЧОЎ. – Лічу, што кожны мужчына павінен прайсці гэтую школу жыцця. Буду служыць у 103-й мабільнай брыгадзе ПДВ у Віцебску. Планую застацца на кантрактную службу, бо армія дае вельмі добрыя ўмовы для кар’еры і жыцця ў цэлым.
– Хваляванняў і перажыванняў з нагоды службы ў войску ў мяне няма. У любым выпадку, гэта новы вопыт і магчымасць навучыцца новаму, праверыць свае сілы і характар, – расказвае прызыўнік Віктар ШАРАХОЎСКІ. – Родным, вядома, сумна, што на паўтара года я «выпаду» з іх жыцця, але абавязак ёсць абавязак.
Хлопцы з нашага раёна адправяцца на службу ў розныя роды войск: адны – у Пагранічныя, некаторыя – у спецыяльнага прызначэння, камусьці выпадзе шлях ва Унутраныя войскі або іншыя падраздзяленні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Першая адпраўка будучых абаронцаў Айчыны адбылася 13 лістапада ў 103-ю мабільную брыгаду сіл спецыяльных аперацый, а да канца месяца да выканання воінскіх абавязкаў прыступяць усе прызыўнікі.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.