З вясны 2020 года медыкі, за выключэннем кароткай летняй перадышкі, працуюць ва ўмовах беспрэцэдэнтнага наплыву пацыентаў. І зараз гэта адчуваецца, мабыць, як ніколі. У тым ліку і ў працы брыгад хуткай дапамогі. Шэсць дзён на тыдзень з 8 раніцы і да апошняга пацыента ўрач Аляксандр КАЧАНАЎ і яго каманда калясяць па ўсім раёне.


Падчас першай хвалі каранавіруса, калі медыкам ЦРБ спатрэбілася падмацаванне, урач агульнай практыкі Аляксандр Качанаў, які кіруе Цяхцінскай амбулаторыяй урача агульнай практыкі, узначаліў кантактную групу. І зараз уся каманда ў зборы: урач, медсястра Ірына ВЫСОЦКАЯ, вадзіцель Віталь КОЗЫРАЎ.– У жніўні, калі колькасць захварэлых на каранавірус пайшла на спад, мы з жонкай паспелі схадзіць у адпачынак, – распавядае Аляксандр. – Яна, дарэчы, таксама на перадавой. Анастасія працуе інфекцыяністам у паліклініцы, прымае пацыентаў з падазрэннямі на COVID-19.

Перад кожным выездам медыкі апранаюцца ў ахоўны камплект: камбінезон, бахілы, пальчаткі, маскі.
Лагістыку давяраюць кіроўцу: у штодзённым маршруце можа быць звыш трох дзясяткаў адрасоў, а часам – і да паўсотні. Да самай далёкай вёскі – каля 40 кіламетраў.

– Маршрут можа змяніцца яшчэ некалькі разоў, – распавядае Аляксандр Качанаў. – Да прыкладу, у каго-небудзь з нашых пацыентаў з пацверджаным каранавірусам, які лечыцца дома, раптам выявіліся прадвеснікі пнеўманіі: задышка, высокая тэмпература, пагаршэнне самаадчування. Тады мы яго вязем на рэнтген у ЦРБ. Бывае, што здымак нічога не паказвае. У такіх экстраных выпадках дастаўляем хворага ў Магілёў для праходжання камп’ютарнай тамаграфіі. Бо вельмі важна ведаць дакладную карціну стану пацыента, каб распрацаваць далейшую тактыку лячэння, падабраць канкрэтныя прэпараты.Кантактная група назірае за кантактамі першага ўзроўню, якія знаходзяцца на самаізаляцыі дома, сочыць за пацыентамі з пацверджаным COVID-19, у якіх хвароба працякае бессімптомна або ў лёгкай форме. Вязуць у клініка-дыягнастычную лабараторыю ўзятыя ў пацыентаў біяматэрыялы – кроў на антыцелы. 20 хвілін – і вынікі аналізу гатовыя.


Часам медыкам кантактнай групы прыходзіцца быць не толькі тэрапеўтамі, але яшчэ і псіхолагамі. Людзі, асабліва пажылыя, вельмі перажываюць. Тады трэба іх супакоіць, проста распавёўшы, што ім варта рабіць: праз кожныя чатыры гадзіны вымяраць тэмпературу, сачыць за сваім самаадчуваннем. І калі нешта трывожыць – адразу тэлефанаваць медыкам.

– У нашай бальніцы перапрафіляваны 3 аддзяленні пад інфекцыйныя. Гэта 74 ложкі, – распавядае галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО. – Акрамя таго, маецца прыстойны рэзерв: у выпадку неабходнасці задзейнічаем яшчэ 15 ложкаў.
Па інфармацыі галоўнага ўрача, у бальніцы знаходзіцца 8 апаратаў ШВЛ. Падчас першай хвалі каранавіруса падвоілася колькасць кіслародных кропак – усяго іх ужо 48. Гэтага цалкам дастаткова. Маюцца яшчэ два кіслародных канцэнтратары ў якасці рэзерву.

У клініка-дыягнастычнай лабараторыі аналіз на антыцелы выконваецца ў кругласутачным рэжыме, бо пацыент можа паступіць і ноччу. Урачы асвоілі выкарыстанне для цяжкіх хворых антыкавіднай плазмы. Вельмі важна, што медыкі яшчэ падчас першай хвалі каранавіруса адтачылі ўсе магчымыя алгарытмы аказання медыцынскай дапамогі. Таксама пакуль ніводзін работнік антыкавіднай передавой не заразіўся за паўторную хвалю COVID-19 – гэта паказвае эфектыўнасць усіх ахоўных мер, і падзелу маршрутаў пацыентаў і ўрачоў на «чыстыя» і «брудныя» зоны. У райбальніцы на сённяшні дзень маецца месячны запас ахоўных сродкаў і неабходных медыкаментаў.

Дзмітрый ЦІХАНАЎ,

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email