Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб старце нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2021»
Белтэлерадыёкампанія адкрыла прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы конкурсу песні «Еўрабачанне-2021».
Медыяхолдынг традыцыйна выступае арганізатарам праекта як адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў Беларусі. Заяўкі прымаюцца на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.
Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору трэба даслаць відэазапіс выканання кампазіцыі ў рэжыме жывога гуку. Да ўдзелу запрашаюцца як сольныя выканаўцы, так і калектывы ў складзе не больш за 6 чалавек. Кандыдатамі могуць стаць беларускія і замежныя артысты ад 16 гадоў. Пры гэтым у кожнага прэтэндэнта ёсць права на адну заяўку.
Па ўмовах конкурсу песня павінна быць камерцыйна не рэалізаваная і доўжыцца не больш за 3 хвіліны. Моўныя абмежаванні адсутнічаюць. Заяўкі прымаюцца да 31 студзеня. У якім фармаце пройдзе фінал, арганізатары вызначаць з улікам эпідабстаноўкі.
Падрыхтавана па матэрыялах сайта БелТА.