Каб упэўнена рухацца наперад

У Беларусі актыўна працягваецца падрыхтоўка да правядзення шостага Усебеларускага народнага сходу, які павінен стаць пляцоўкай для рэальнага дыялогу па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў, а можа, і яшчэ на больш далёкую перспектыву.

Сваімі думкамі адносна гэтага ўсебеларускага форуму дзеліцца з чытачамі газеты «Зара над Друццю» Мікалай ДАРЭЧКІН, дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу, трактарыст — машыніст СВК «Калгас «Радзіма», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», дэпутат Вішоўскага сельскага Савета дэпутатаў ХХVІІІ склікання:

– Усебеларускі народны сход – гэта сапраўдны дэмакратычны форум, на якім важныя для нашай краіны пытанні абмяркоўваюцца з удзелам самога народа праз яго выбраных прадстаўнікоў. Сцвярджаю гэта ўпэўнена, бо ведаю, што ўдзел у папярэдніх усебеларускіх народных сходах прынялі старшыня нашага сельгаспрадпрыемства Аляксандр Лапацентаў, які быў выбраны дэлегатам трох гэтых народных форумаў, а таксама мой калега, трактарыст Аляксандр Кузьмянкоў, галоўны заатэхнік гаспадаркі Валянціна Лапацентава.

Для мяне вельмі ганарова і пачэсна быць выбраным дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу, які, адчуваю ўжо зараз, стане вельмі значнай і значымай эпахальнай падзеяй у гісторыі беларускай дзяржавы і беларускага грамадства. На гэтым форуме будуць падведзены вынікі ўсяго таго, што дасягнута нашай краінай як за прайшоўшыя пяць гадоў яе паступальнага развіцця, так і за больш як чвэрцьвяковую навейшую гісторыю Беларусі, у летапісу якой, несумненна, запісаны і радкі дасягненняў працоўнага калектыву майго роднага СВК «Калгас «Радзіма», нашай Бялыніччыны.

Дэлегаты сходу не проста вызначаць канкрэтныя арыенціры на будучую пяцігодку нашага жыцця, развіцця краіны, але яны павінны, проста абавязаны, вызначыць і такі вобраз сінявокай Беларусі, які дазволіць кожнаму чалавеку, усім
сацыяльным катэгорыям выразна бачыць свае перспектывы, што стане цвёрдым падмуркам руху наперад – як асобна ўзятага канкрэтнага чалавека, так і калектыву, грамадства ў цэлым.

Як вядома, на папярэднім усебеларускім народным сходзе была прынята праграма сацыяльна­эканамічнага развіцця нашай краіны на пяць гадоў – да 2021 года, дэвізам якой стаў лозунг «Дзяржава для народа». Хачу адзначыць, што дзякуючы мэтанакіраванай, прадуманай палітыцы дзяржавы і яе кіраўніка, добрасумленнасці і адказнасці працаўнікоў, занятых ва ўсіх галінах і сферах, задачы, вызначаныя V Усебеларускім народным сходам, у цэлым паспяхова дасягнуты.

Зноў жа, мяркую пра гэта ў тым ліку і па справах майго СВК «Калгас «Радзіма», у якім працую больш за тры дзясяткі гадоў. Працую на зямлі сваіх бацькоў, дзядоў­прадзедаў – на сваёй малой радзіме, што накладвае асабіста на мяне яшчэ большую адказнасць за справу сваіх рук, бо кожнаму продкаў сваіх падводзіць не хочацца. Менавіта на сваёй малой радзіме я, як і многія дзясяткі маіх землякоў, рэалізаваўся як хлебароб­селянін, як сем’янін, як бацька, як дзядуля…

Для работнікаў нашага калгаса створаны ўсе ўмовы для плённай працы, камфортнага побыту, цудоўнага адпачынку. Для нас заробак у тысячу рублёў – гэта ўжо ўчарашні дзень, і мы, вішоўцы, не адчуваем розніцы паміж жыццём у
горадзе і аграгарадку.

Як прадстаўнік аграрнай сферы асабліва цаню, што вялікая ўвага надаецца далейшаму развіццю сельскагаспадарчай галіны: будуюцца новыя аб’екты, павышаецца тэхналагічная дысцыпліна, укараняюцца найноўшыя тэхналогіі, расце вытворчасць прадукцыі, паляпшаецца яе якасць.

Думаю, што і падчас работы шостага Усебеларускага народнага сходу будзе ісці канкрэтная размова пра павышэнне эфектыўнасці працы ўсяго АПК, бо гэта найперш звязана з харчовай бяспекай краіны. А калі на стале ёсць хлеб і да хлеба што маецца, то і песня чакаць сябе доўга не прымусіць.

Сёння немагчыма не заўважыць той інтарэс, з якім жыхары краіны, і наша Бялыніччына тут не выключэнне, уключаюцца ў абмеркаванне пытанняў, якія тычацца сацыяльна­эканамічнага, культурнага развіцця Беларусі, яе будучыні. Для людзей вельмі важным з’яўляецца момант быць пачутымі. І такая магчымасць у кожнага з нас ёсць. Хочаш што сказаць, прапанаваць – звяртайся ў грамадскую прыёмную, ідзі на дыялогавую пляцоўку. Днямі даведаўся, што толькі за адзін тыдзень сярэдзіны снежня мінулага года ў Магілёўскай вобласці на гэтых пляцоўках былі разгледжаны 45 пытанняў і прапаноў, у працы 13 дыялогавых пляцовак вобласці прынялі ўдзел 446 жыхароў Прыдняпроўскага краю, у грамадскія прыёмныя звярнуліся 22 чалавекі. Гэтыя лічбы сведчаць і пра грамадзянскую актыўнасць, і пра заклапочанасць людзей лёсам роднай краіны, будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў. Такая форма працы дапамагае не проста выявіць, абазначыць спектр надзённых пытанняў, што хвалююць зараз шырокія слаі нашага грамадства, але і данесці іх праз усебеларускі народны сход да кіраўніка дзяржавы, ураду. Я веру ў тое, што выказаныя канструктыўныя ідэі і прапановы абавязкова будуць уключаны ў працу, дапамогуць вызначыць стратэгію развіцця нашай краіны і пасадзейнічаюць яе паступальнаму развіццю ва ўсіх сферах і галінах жыццядзейнасці грамадства.

Аналізуючы адышоўшую пяцігодку, выразна бачны рух Беларусі па шляху прагрэсу: ствараліся новыя вытворчасці, праводзілася мадэрнізацыя існуючых, зроблена вельмі шмат па паляпшэнні сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў, гарадоў, аграгарадкоў і вёсак. Прыемныя змены закранулі ўсе сферы і галіны. І гэта добра, што работа па ўдасканаленні і стварэнні камфортных умоў для жыцця і працы насельніцтва не спыняецца. А наступная пяцігодка дасць новыя магчымасці для далейшага развіцця Бацькаўшчыны.

Print Friendly, PDF & Email