Чвэрць стагоддзя прысвяцілі пачэснай прафесіі
19 студзеня ў нашай краіне адзначаецца свята – Дзень ратавальніка.
Мужныя, смелыя, самаадданыя. Яшчэ шмат якія эпітэты можна адрасаваць тым, хто прысвяціў свой жыццёвы шлях абароне людзей ад надзвычайных сітуацый, хто заўсёды падстаўляе сваё плячо ў цяжкую гадзіну.
Нягледзячы на тое, што большасць асабовага саставу РАНС складаюць маладыя людзі, шмат ратавальнікаў маюць больш як 25-гадовы вопыт службы. Нядаўна памятныя плакеткі ў гонар бездакорнай службы ў органах падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях атрымалі начальнік ПАВП № 11 Аляксандр Шут, камандзір аддзялення гэтага ж паста Віталь ЛАПО, начальнік ПАВП № 13 у аг. Галоўчын Уладзімір КАЛІСТРАТАЎ, камандзіры аддзяленняў Цяхцінскага ПАВП № 14 Мікалай АГАРОДНІКАЎ і ПАВЧ № 1 у Бялынічах – Міхаіл БЕЛЯЗЯКА, дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Дзмітрый МАКАРАНКА.
З некаторымі з тых, хто ўдастоіўся высокіх узнагарод, паразмаўляла карэспандэнт раённай газеты.
Уладзімір Калістратаў служыць у РАНС з кастрычніка 1995 года. Пасля таго, як скончыўся тэрмін вайсковай службы і ён вызначаўся з прафесіяй, тадышні намеснік начальніка РАНС Барыс БЯЗМЕН прапанаваў стаць ратавальнікам. Стажыроўку Уладзімір Мікалаевіч праходзіў у пажарнай часці ў Бялынічах, а потым, калі ў Галоўчыне адкрыўся пажарны аварыйна-ратавальны пост, перайшоў туды на працу камандзірам аддзялення. У 2018 годзе ўзначаліў пост.
За час службы Уладзімір Калістратаў засвоіў важную ісціну: галоўнае, не спазніцца. Асабліва, калі ад тваіх дзеянняў залежыць жыццё чалавека. Тэрыторыя, якую абслугоўваюць Галоўчынскія ратавальнікі, даволі вялікая. Выязджаюць на дапамогу таксама ў суседнія Шклоўскі і Круглянскі раёны. Тэхнічна пажарныя ўкамплектаваны выдатна , яны здольныя вырашыць баявыя задачы высокай складанасці. Уладзімір Калістратаў узнагароджаны юбілейнымі знакамі адзнакі, медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені, шэрагам грамат. Яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.
Адным з тых, на чый лёс таксама паўплываў Барыс Бязмен, стаў камандзір аддзялення ПАВЧ № 14 Мікалай Агароднікаў.
– Калі я вучыўся ў ПТВ- 217, ён быў маім настаўнікам, – гаворыць Мікалай Аляксандравіч. – І падчас службы ў РАНС я таксама адносіўся да яго, як да мудрага педагога. Прафесію ратавальніка з падачы Барыса Уладзіміравіча выбралі 6 маіх аднагодкаў. З некаторымі мы шчасліва і незаўважна праслужылі поруч чвэрць стагоддзя.
Мікалай Агароднікаў распавёў, што яму заўсёды шанцавала з саслужыўцамі. Даўжэй за ўсё працавалі з вадзіцелем Уладзімірам ЦАБРОВЫМ. Ён зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але цёплыя сяброўскія адносіны ў іх захаваліся па сённяшні дзень. Разам перажылі многа хвалюючых момантаў.
– У 2009 годзе, якраз у Дзень Незалежнасці ў аграгарадку Цяхцін адбыўся пажар у кватэры, – успамінае Мікалай Агароднікаў. – Праз дзверы зайсці было немагчыма, мы залезлі ў жыллё праз акно. Выратавалі дваіх чалавек. Увогуле, складаных выпадкаў падчас службы адбывалася нямала, але з часам іх не ўспрымаеш так востра, як самыя першыя.
Зараз з Мікалаем Аляксандравічам працуе малады вадзіцель Віталь ЕРАШЭНКА. З ім таксама наладзіліся роўныя працоўныя адносіны.
Роўна чвэрць стагоддзя аддаў службе ратавальніка бялынічанін Віталь Лапо. Разам з Мікалаем Агароднікавым яны вучыліся ў адным класе і цяпер разам нясуць службу ў РАНС, толькі Мікалай працуе ў аграгарадку Цяхцін, а Віталь – у Вялікай Машчаніцы.
Пайсці ў прафесію пажарнага прапанаваў стрыечны брат, які ўжо служыў у часці ў Бялынічах. Сам жа Віталь Лапо падумваў спыніцца на больш мірнай прафесіі будаўніка.
– Родныя ўхвалілі і падтрымалі маё рашэнне, – дадае Віталь Мікалаевіч. – Я і сам разумеў, што прафесія прадугледжвае пэўныя рызыкі, але не баяўся гэтага. Зараз – тым больш, бо маральнае задавальненне ад таго, што ты выратаваў жыццё чалавека, нівеліруе ўсе рызыкі.
На памяці ратавальніка ёсць выпадкі, калі пажары забіралі жыцці. Як правіла, такія выпадкі помняцца ўсё жыццё. Два разы выязджалі на пажар, калі загінулых было па двое: у Баханях і Мокравічах. Прычыны трагедый банальныя – сябры выпілі, закурылі ў пасцелі і заснулі. Пажарных выклікалі староннія людзі, калі ўжо штосьці рабіць было позна.
Зараз Віталь Лапо не шкадуе, што звязаў свой лёс з пачэснай і мужнай прафесіяй ратавальніка, можна сказаць, зрадніўся з ёй. Нават у звычайным жыцці звяртае ўвагу сваіх сяброў і блізкіх на тое, каб строга выконвалі правілы бяспекі.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара і з архіва РАНС.
Прафесійнае свята ратавальнікаў нездарма прыпадае на 19 студзеня. У гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць свята Хрышчэння Гасподняга. І многія ў гэты дзень падтрымліваюць традыцыю акунацца ў палонцы, у тым ліку і супрацоўнікі РАНС. Ратавальнікі нагадваюць жыхарам і гасцям раёна зрабіць працэс акунання ў вадаёмы максімальна бяспечным, быць уважлівымі да свайго здароўя і не хварэць.