Важныя этапы зімоўкі

Клопат аб будучым ураджаі – справа літаральна ўсяго года. Пакуль маладыя парасткі спяць пад снежным покрывам, якое трывала сфарміравалася на палетках, райінспекцыяй па насенняводстве, каранціне і абароне раслін праводзяцца маніторынгі захаванасці пасеваў азімых культур у гаспадарках Бялыніччыны.

 – Для таго, каб праверыць жыццяздольнасць пасеваў азімых і стан раслін на розных этапах зімоўкі, часцей за ўсё выкарыстоўваем метад маналітаў, – гаворыць вядучы аграном-дзяржінспектар Наталля БЕДНАЯ. – Некалькі разоў за зімні сезон адбіраюцца пробы розных азімых культур, яны высякаюцца з суцэльным кавалкам зямлі (маналітам), непашкоджанымі каранямі, размарожваюцца пры пакаёвай тэмпературы. Затым расліны памяшчаюць у ваду, каб яны «прачнуліся» і ўступілі ў перыяд вегетацыі. На гэтым этапе выяўляюцца слабыя і загінулыя культуры, узровень іх зімоўкі, праяўляецца дзеянне хвароб, якімі яны могуць быць заражаны. Гэтая інфармацыя дазволіць аграномам прыняць рашэнне перасяваць вясной поле ці не, якія сродкі абароны раслін выбраць, каб максімальна абараніць будучы ўраджай ад хвароб і г.д.

Самае небяспечнае для азімых культур надвор’е – бясснежнае і марознае. Таксама – павышаная вільготнасць на палях, калі яны пакрываюцца ледавой скарынкай. Па інфармацыі агранома-дзяржінспектара значныя вымярзанні і гібель пасеваў азімых культур назіраліся ў нашым раёне ў 2017 і 2019 гадах.

– Мінулагодняя, анамальна цёплая зіма на дзіва паспрыяла таму, каб пасевы азімых культур захаваліся найлепшым чынам, – дадае Наталля Анатольеўна. – Сёлета таксама сфарміравалася ўстойлівае снежнае покрыва, што вельмі добра ўплывае на зімоўку зерневых культур і рапсу. Дзе-нідзе ў адабраных пробах назіраюцца прыкметы хвароб, але не крытычна. Мы накіроўваем у гаспадаркі інфармацыю аб тым, якія хваробы выяўлены, і выдаём рэкамендацыі па іх ухіленні.

Апошнія пробы вызначэння жыццядзейнасці азімых культур метадам маналітаў робяцца напрыканцы зімы, незадоўга да таго, як распачнецца актыўны перыяд сыходу снегу, тым самым яшчэ раз правяраючы стан перазімавалых культур перад пачаткам іх актыўнага веснавога росту.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email