Дэлегаты падзяліліся ўражаннямі аб УНС

Наталля ПАДДУБСКАЯ, сацыяльны работнік установы «Бялыніцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва»:

– Я ўпершыню прымала ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе і, наогул, удзельнічала ў такіх маштабных мерапрыемствах. Уразіла і дзелавая абстаноўка сходу, і поруч з гэтым – двухдзённае эмацыйнае адчуванне свята. Сама атмасфера яго аказала на мяне вельмі моцнаеэмацыянальнае ўражанне.

Да глыбіняў душы крануў аналітычны даклад на народным вечы нашага Прэзідэнта, які быў пабудаваны на падставе праведзенага сацыялагічнага апытання насельніцтва, своечасовага вывучэння грамадскай думкі па ключавых пытаннях развіцця дзяржавы, што выказвалі ўдзельнікі дыялогавых пляцовак, прагучалі падчас працы грамадскіх прыёмных.

Я бачыла і адчувала, што ў Палацы Рэспублікі сабраліся неабыякавыя да лёсу роднай краіны людзі, патрыёты сваёй Айчыны, якія з’яўляліся прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных груп і слаёў насельніцтва. На VІ Усебеларускі народны сход прыехалі дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі, удзельнічалі ў яго працы нават прадстаўнікі насельніцтва самых аддаленых вёсачак краіны, адным з якіх, напрыклад, лічу сябе.

Канешне, усе мы, дэлегаты VІ Усебеларускага народнага сходу, самыя розныя як па ўзросце і жыццёвым вопыце, па ўласных поглядах на сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае жыццё краіны, так і па сваіх пасадах і статусе, але яднае ўсіх нас адно: любоў да роднай Беларусі, клопат пра далейшы лёс Бацькаўшчыны, шчырае жаданне захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Радзімы, сацыяльную накіраванасць яе далейшага развіцця.

Уладзімір РАМАНЕНКА, Заслужаны будаўнік Беларусі, дырэктар ПМК-241:

– Усебеларускі народны сход – падзея сапраўды значная. Па вялікім рахунку, гэта адзначыў і кіраўнік дзяржавы, падобныя мерапрыемствы неабходна праводзіць часцей, таму што на іх асвятляюцца тыя моманты і праблемы нашай жыццядзейнасці, пра якія мы часам нават не задумваемся. Уразіў грунтоўны даклад Аляксандра ЛУКАШЭНКІ і выклікала павагу тое, наколькі Прэзідэнт Беларусі кампетэнтны абсалютна ва ўсіх пытаннях і галінах жыцця нашай краіны, дасканальна валодае сітуацыяй і ў свеце ў цэлым.

Надзвычай запала ў душу і выступленне сакратара ЦК Кампартыі Украіны Пятра СІМАНЕНКІ, які прывёў няўдалы і сумны вопыт іх краіны, заклікаў вучыцца на памылках, зробленых пры ўдзеле украінскага народу, якія прывялі да таго, што наша паўднёвая суседка стала краінай, дзе нечыя ўласныя інтарэсы спачатку вырашыліся за кошт украінцаў, а затым яны засталіся адзін на адзін са сваімі праблемамі: разбуранай эканомікай і разбуранай краінай. Таму словы тых, хто прайшоў праз «добрыя намеры» «добразычліўцаў» і адчуў на сабе іх вельмі сумнае ўздзеянне, павінны быць пачутымі ўсімі беларусамі, каго зараз прывабліваюць абяцанні звонку залатых гор і салодкага жыцця.

Сапраўды, пэўныя праблемы існуюць і ў Беларусі, і неабходна іх вырашаць. Аднак яны існуюць у любой краіне. На жаль, тыя, у каго ў галовах адбылося зацьменне, бачыць гэтага ў корані не хочуць.

Што тычыцца непасрэдна будаўнічай галіны, то ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 годы знайшло сваё адлюстраванне яе далейшае развіццё, заснаванае ў тым ліку на ўкараненні сучасных тэхналогій. Аднак трэба помніць, што падмуркам будаўнічай сферы з’яўляюцца менавіта кадры працоўных спецыяльнасцей. Муляра ці тынкоўшчыка машына сёння не заменіць, таму важна, каб павышаўся прэстыж гэтых працоўных прафесій.

Падводзячы вынік, паўтаруся, што падзея адбылася сур’ёзная, з яе мы зрабілі сур’ёзныя высновы, пачулі вычарпальная аргументы на карысць таго, як нам трэба рухацца далей. І галоўнае, што гэты шлях мы, беларусы, будзем вызначаць самі.

Мікалай ДАРЭЧКІН, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, трактарыст-машыніст СВК «Калгас «Радзіма»:
– Удзел ва Усебеларускім народным сходзе вельмі знакавая для мяне падзея, тым больш, у якасці выступоўцы. Спадабалася атмасфера адкрытасці, урачыстасці, якая панавала ў зале Палаца Рэспублікі ўсе два дні. Вядома ж, я сам шчыльна рыхтаваўся да свайго выступлення, ужо загадзя пракручваў у галаве ўсе тэзісы, якія хацеў сказаць. І ўсё адно крышку разгубіўся. Хваляванне. Дый як жа яго магло не быць, калі мне, звычайнаму працаўніку-селяніну быў аказаны высокі давер прадстаўляць родную Бялыніччыну? Адчуваць сябе часцінкай вялікай краіны, быць датычным да такой важнай падзеі як Усебеларускі народны сход сапраўды хвалююча і вельмі адказна.

Падчас пасяджэнняў, слухаючы дакладчыкаў, а таксама прамову Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра ЛУКАШЭНКІ, вынес для сябе шмат каштоўных думак. Каб наша дзяржава сапраўды была моцная, трэба імкнуцца да адзінства, безумоўна, шчыра працаваць, умацоўваць дабрабыт дзяржавы, які мы ж самі і ствараем, уласнымі рукамі. Уразілі мяне і асабістыя адносіны Прэзідэнта да падзей, што адбываюцца ў апошні час у нашай краіне. Думаю, беларусы зрабілі правільны выбар шмат гадоў таму, калі даверылі Аляксандру Рыгоравічу адну з самых вялікіх каштоўнасцей, што ў нас ёсць, – нашу краіну.

Людміла ДЗЕНІСОВІЧ, загадчык Лямніцкай МТФ СВК «Калгас «Радзіма»:

– Ад таго, што пабывала на такім маштабным мерапрыемстве, уражанні толькі пазітыўныя.

Усе выступленні падчас сходу слухала вельмі ўважліва, бо яны закраналі літаральна ўсе сферы нашага жыцця. Як працаўніка сельскай гаспадаркі і проста вясковую жыхарку, мяне хвалюе шмат пытанняў, асабліва сацыяльнай сферы і, вядома, падтрымкі сяла. Прыемна адзначыць, што іх вырашэнне ўзята пад кантроль на самым вышэйшым узроўні, што на першае месца пастаўлены клопат аб чалавеку. Цалкам згодна са словамі выступлення Мікалая Дарэчкіна, які звярнуў увагу на пытанне пенсійнага забеспячэння працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Хоць у гэту сферу прыйшла механізацыя, высокія тэхналогіі, праца калгасніка ўсё роўна засталася адной з самых цяжкіх.

Падтрымліваю і палітыку нашай дзяржавы ў адносінах да «дармаедаў», тых, хто не жадае рабіць свой унёсак у эканоміку краіны. Мы маем бясплатную медыцыну, адукацыю і шэраг іншых прэферэнцый дзякуючы ўсеагульнай працы нашага грамадства. А калі ты ўсё жыццё пралайдачыў?

Яшчэ адной запамінальнай падзеяй для мяне стаў цудоўны канцэрт, які арганізавалі для ўдзельнікаў сходу. Адчуванні гэтага свята яшчэ доўга будуць жыць у маім сэрцы.

Print Friendly, PDF & Email