Кантроль цэн на сацыяльна значныя тавары
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў у студзені бягучага года перавышэнне гандлёвых надбавак на больш як 60 найменняў тавараў у гандлёвых аб’ектах Магілёва, Бабруйска і Хоцімскага раёна.
Неабгрунтаванае завышэнне цэн выяўлена ў 10 з 16 падвергнутых маніторынгу гандлёвых аб’ектах. У сярэднім гандлёвыя надбаўкі перавышалі ўстаноўленыя заканадаўствам памеры ў 1,5-2 раза.
Варта адзначыць, што выкананне заканадаўства аб цэнаўтварэнні пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі камітэта. У 2020 годзе Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці спынены парушэнні дысцыпліны цэн у 109 гандлёвых аб’ектах з 241, дзе праводзіўся маніторынг. У асобных выпадках гандлёвыя надбаўкі былі ў 7 разоў вышэй, чым устаноўлена заканадаўствам.
Прычым, парушэнні цэнаўтварэння на сацыяльна значныя тавары былі выяўлены не толькі ў рознічным гандлі, але і ў вытворцаў і аптавікоў.
У прыватнасці, на працягу 4 месяцаў буйны пастаўшчык дзіцячага харчавання завышаў аптовыя надбаўкі. Як вынік, сума незаконна атрыманага даходу перавысіла 115 тыс. рублёў. Цяпер суб’екту гаспадарання пагражае штраф у двухразовым памеры гэтага даходу.
Мэта працы па прафілактыцы і спыненні парушэнняў – не дапусціць неабгрунтаваны рост кошту на асноўныя спажывецкія тавары, прадухіліць залішнія выдаткі насельніцтва на іх набыццё.
Аляксей ІГЛІКАЎ,
першы намеснік старшыні Камітэта
дзяржкатролю Магілёўскай вобласці.