Пачаты прыём заявак на нацыянальны конкурс «Залатая Літара»

Пачаты прыём заявак на XVII Нацыянальны конкурс «Залатая Літара». Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Асноўная мэта конкурсу — садзейнічанне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца СМІ, зарэгістраваныя ў Беларусі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, а таксама асобныя журналісты і творчыя работнікі па прадстаўленні юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі друкаванага сродку масавай інфармацыі, сеткавага выдання, інфармацыйнага агенцтва, у адпаведнасці з намінацыямі конкурсу.

«Залатая Літара» праводзіцца для рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармагенцтваў, сеткавых выданняў па наступных намінацыях: «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі», «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі», «Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорта і здаровага ладу жыцця», «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі», «Лепшыя матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі», «Лепшыя матэрыялы маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі», «Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі», «Лепшы інтэрнэт-праект рэдакцыі СМІ і сеткавага выдання». Такія ж намінацыі абвешчаны для абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў.

Падаць заяўкі можна па персанальных намінацыях: «Лепшы фотакарэспандэнт абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў», «Лепшы аналітычны матэрыял (журналісцкае расследаванне, праблемны артыкул, аўтарская калонка, рэцэнзія)», «Лепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял» (нарыс, эсэ, фельетон)».

Гран-Пры будзе ўручаны за «Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў» і «Лепшы творчы праект года абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў». Будзе вызначаны таксама ўладальнік спецыяльнага прыза «За ўклад у журналістыку».

Па заяўленай намінацыі прымаецца не больш за 10 матэрыялаў ад аднаго ўдзельніка конкурсу. Адны і тыя ж матэрыялы не могуць быць прадстаўлены ў розных намінацыях. Пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі ўзнагароджваюцца дыпломамі і памятнымі знакамі — сімваламі конкурсу, а лаўрэаты конкурсу — дыпломамі.

Заяўкі прымаюцца да 20 красавіка (уключна) па адрасе: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, кабінет 425 з паметкай: «На нацыянальны конкурс «Залатая Літара».

Арганізатарам конкурсу выступае Міністэрства інфармацыі. Падрабязнасці аб правядзенні конкурсу — на сайце ведамства.

Падрыхтавана па матэрыялах сайта БелТА.

Print Friendly, PDF & Email