Не ўпусціце момант
Часта менавіта неасцярожнасць і дзіцячыя свавольствы з’яўляюцца прычынамі ўзнікнення пажару.
Дзеці ўспрымаюць інфармацыю лепш ва ўзросце 3-6 гадоў, таму гэта – самы час навучыць іх правілам бяспекі і растлумачыць, наколькі небяспечны можа быць агонь. Не ўпусціце гэты момант. Напрыклад, падыйдзіце да запаленай свечкі разам з дзіцём – ён зразумее, што ад полымя ідзе не толькі цяпло, а яшчэ можна і апекчыся.
Памятайце: забароны ўзбуджаюць цікаўнасць, павышаюць імкненне да самастойнасці і прыводзяць да незваротных наступстваў.
Раскажыце малому, як варта паводзіць сябе пры пажары.
Нават калі дзіця захоча паведаміць аб небяспецы, страх можа паралізаваць яго! Дзеці могуць напалохацца пажарных у масках і шырокіх касцюмах, бо яны выглядаюць даволі страшна. Паспрабуйце прыдумаць казку пра тое, як працуюць ратавальнікі і наколькі небяспечны бывае маленькі агеньчык у вашым доме. Бацькам трэба пастарацца не напалохаць дзіця, а выклікаць у яго жаданне быць уважлівым і асцярожным.
Дзіця павінна ведаць, што калі ўбачыць полымя, не дакранацца да агню, а клікаць на дапамогу дарослых; калі бацькоў няма дома, выйсці з кватэры і звярнуцца па дапамогу да суседзяў; не хавацца ў кватэры, дзе ўзнік пажар; калі кватэра закрыта, не паддавацца паніцы, а тэлефанаваць 101 або 112 і клікаць на дапамогу суседзяў.
Неабходна памятаць, што больш небяспечны, чым агонь, можа быць толькі дым. Каб не задыхнуцца пры пажары, варта дыхаць праз мокрую анучу і паўзці на каленях па падлозе да выхаду.
Ілья ЦІКУНОЎ,
старшы інжынер РАНС.