Лаўрэаты, дыпламанты, узорныя, таленавітыя…
Юныя гітарысты, удзельнікі ўзорнага ансамбля «Мелодыя» і выхаванцы педагога Алены КАПЫЛОВАЙ сёлетні год завяршылі на хвалі творчага ўздыму. Яшчэ ў мінулым снежні яны падцвердзілі званне свайго калектыву як узорнага, а пачынаючы са студзеня прынялі ўдзел у шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах выканальніцкага майстэрства.
У ІІ Мнагажанравым конкурсе мастацтваў «Зимняя волна» ансамбль бялыніцкіх гітарыстаў заваяваў Дыплом лаўрэата І ступені (у асабістым заліку Дыпломам лаўрэата І ступені адзначаны Яраслаў ЖАРНОЎСКІ).
Першыя месцы і званне лаўрэатаў выхаванцы Алены Аркадзьеўны атрымалі за ўдзел у міжнародным інтэрнэтконкурсе «Львёнок собирает друзей» (лаўрэатамідругой ступені сталі Яраслаў Жарноўскі, трэцяй – Арсеній ЧЭКАН) і ІІ рэспубліканскім конкурсе мастацтваў «Зажечь звезду».
Дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені ансамбль «Мелодыя» заваяваў на міжнародным конкурсе «Сеньорита гитара» (у асабістым заліку лаўрэатамі конкурсу сталі: Яраслаў Жарноўскі – Дыплом І ступені, Арсеній Чэкан і Данііл КРАЎЦОЎ – дыпломы ІІІ ступені).
Дарэчы Данііл Краўцоў як саліст паспяхова выступіў у трэцім адборачным этапе ІХ рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, стаў лаўрэатам ІІ ступені. У будучым таленавіты гітарыст марыць звязаць сваё жыццё з музыкай. Сёлета двое ўдзельнікаў ансамбля «Мелодыя» завяршаюць перыяд свайго навучання ў дзіцячай школе мастацтваў. Гэта Іван КАРЖОЎ і Данііл Краўцоў, але на зме ну ім падрастаюць юныя аматары гітарнай музыкі, у якіх наперадзе новыя дасягненні і новыя перамогі.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.