Ухіляліся ад уплаты страхавых узносаў

У Беларусі распачата першая крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў (крымінальная адказнасць уведзена з 19 чэрвеня 2021 года пасля ўступлення ў сілу змяненняў у Крымінальны кодэкс Беларусі).

Сярод фігурантаў – службовыя асобы Бабруйскага камерцыйнага прадпрыемства, якое займаецца стварэннем рэкламы.

Варта адзначыць, што ў дачыненні да іх раней ужо была ўзбуджана і ў цяперашні час расследуецца крымінальная справа па ч 2 арт. 243 КК Беларусі за ўхіленне ад выплаты падаткаў па фактах нявыплаты ў бюджэт падаходнага падатку пры выплаце «шэрай» зарплаты больш за 100 супрацоўнікам гэтага закрытага акцыянернага таварыства.

Работнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці і абласнога КДК правялі дадатковую праверку. Устаноўлена, што службовыя асобы ЗАТ на працягу 2016-2021 гадоў
выплацілі работнікам больш за 1,1 млн рублёў заробку «ў канвертах» (без афармлення з імі працоўных адносін). Пры гэтым не былі вылічаны і выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў суме амаль 375 тыс. рублёў. Дзяржаве нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.

Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па ч 2 арт. 243-3 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты страхавых узносаў).

Аляксандр ШАРОЙКІН,
начальнік УДФР Камітэта дзяржкантролю
Магілёўскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.