Любоў да народнай песні паяднала іх

Аграгарадок Цяхцін славіцца не толькі хараством навакольных мясцін, але і багаццем талентаў, песеннымі скарбамі, захаваннем мудрых народных звычаяў і традыцый.

Падтрымлівае гэтую сама­быт­насць і непаўторнасць ­фальклорна-этнаграфічны ­ан­самбль «Журавінка», які дзейнічае пры мясцовым сельскім Доме культуры.
Заснаваўся калектыў у канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Першым кіраўніком яго была Таццяна КАЗУСЕВА. Пасля таго, як Таццяна Міхайлаўна змяніла месца жыхарства, ­эстафету кіраўніцтва прыняла Галіна ЦУМАРАВА.
Дый сярод саміх спявачак было шмат асаблівых, цікавых жанчын, якія ўсім сэрцам былі адданыя творчасці.
Адну з самых старэйшых удзельніц Вольгу КАВАЛЁВУ па праву можна назваць душой калектыву. Нягледзячы на свой узрост, яна спявала, танцавала, пісала вершы, сцэнкі, якія потым увасаб­ляліся на сцэне Цяхцінскага сель­скага Дома культуры. З ёй лёгка можна было знайсці агульную мову як пажылым, так і маладым. Яна выдатна валодала мясцовым фальклорным матэрыялам і з лёгкасцю дзялілася ім з маладым пакаленнем. Вольга Свірыдаўна ў свой час склала гімн Цяхціна.
Другая старэйшая ўдзельніца ансамбля, Ефрасіння БУЙМІСТРАВА, не толькі спявала і танцавала, а яшчэ прыгожа вышывала і ткала. Ефрасіння Максімаўна – знаток шматлікіх забабонаў, прыкмет, народных песень. Да яе прыязджалі студэнты ўніверсітэта культуры запісваць аўтэнтычны голас.
Можна шмат расказваць і аб Зінаідзе ЦУМАРАВАЙ. Праславілася яна сваімі зычнымі прыпеўкамі. Жанчына ведала іх шмат, на любы густ і падзею: вясельныя, забаўляльныя, жыццёвыя, жартоўныя. Як канцэрт, так абавязкова Зінаіда Тарасаўна парадуе гледачоў новай порцыяй задорных чатырохрадковак.
Таццяну ДУБАСАВУ ў калектыве жартам называлі «звонкі бубен». Яна адмыслова валодала гэтым музычным інструментам і падпявала ў такт.
Зінаіда ГРЫШКОВА не толькі сама спявала ў ансамблі, але і прывяла ў калектыў сваю дачку Жанну ПЛЕХАВУ.
Самадзейная артыстка Валянціна ХРУШЧОВА вельмі добра адчувала сакавітае і трапнае беларускае слова, таму з асалодай дэкламавала байкі, гумарэскі, прымала актыўны ўдзел у адраджэнні беларускіх народных свят і традыцый.
Яшчэ адна са старэйшых удзельнікаў фальклорна-этнаграфічнага ансамбля – Раіса ЦАПІК. У свой час працу ў калгасе яна актыўна сумяшчала з канцэртамі ў Доме культуры. Ніводнай рэпетыцыі не абыходзілася без Раісы Іванаўны, бо яна не толькі яркая салістка, але і галоўны жартаўнік гурта.


Самая маладая са «старэйшын» – Тамара Хрушчова – запявала.
Харэографам ансамбля з’яўлялася Валянціна КРАМКОВА. Дзякуючы ёй спявачкі выконвалі старадаўнія танцы: калядны гульнявы карагод «Яшчар», гульнявы карагод «Ляцелі дзве пцічкі» і іншыя.
Пастаяннага акампаніятара ў аматарак народнай творчасці не было, таму часта запрашалі іх з ліку мясцовых гарманістаў, каб падыгралі падчас канцэртаў.
Некаторы час калектыву дапамагалі самадзейныя музыканты Пётр КАМАРЫШКІН з Пільшычаў, Дзмітрый БАРАНАЎ з Цяхціна. Часта падыграць жанчынам запрашалі гарманіста-самавучку Мікалая БУЙМІСТРАВА. Мікалай Сцяпанавіч і спяваў, і граў, і падбі­раў мелодыі да розных песень, ­бо значная частка рэпертуару «Журавінкі» складалася не толькі з доб­равядомых народных ­песень, але і мясцовых, аўтэнтычных.
У розныя часы састаў калектыву мяняўся. Спявалі і танцавалі ў ім Еўдакія БАРАНАВА, Людміла ПЛЕХАВА, Раіса ВЕРА­ШЧАГІНА, Мікалай і Валянціна РАБЧУК і іншыя.
Час не ў самай лепшай форме «папрацаваў» з Цяхцінскімі спявачкамі. За доўгія гады некаторых удзельніц не стала, хтосьці пераехаў ці, так сказаць, адышоў ад спраў у сілу розных прычын. Калі ў аграгарадку Цяхцін у 1999 годзе адкрылася Свята-Мікольская царква, увесь калектыў ансамбля «Журавінка» стаў спяваць у царкоўным хоры, дапамагаць святару весці царкоўную службу.


У цяперашні час Цяхцінскія артысты працягваюць творчую дзейнасць. Калектыў папоўніўся маладымі ўдзельніцамі – Марыяй ЛАТЫШАВАЙ, Вольгай ЧУДАКОВАЙ, Людмілай МАНЁНАК і іншымі. Рэпертуар ансамбля вельмі насычаны і разнастайны. У канцэртах гучаць не толькі беларускія народныя песні, сучасныя мелодыі, але і песні, якія спявалі некалі нашы продкі. Як і раней, удзельнікі «Журавінкі» вельмі сур’ёзна ставяцца да свайго захаплення. Дзякуючы свайму энтузіязму і цікаўнасці яны вярнулі жыццё многім вясельным, купальскім, жнівеньскім, валачобным песням. Іх артысткі запісалі ад знаўцы мясцовага фальклору і спявачкі Ефрасінні Максімаўны Буймістравай.
Цяхцінскі ансамбль неаднаразова станавіўся пераможцам раённых конкурсаў-аглядаў калектываў мастацкай самадзей­насці. У 2006 годзе спявачкі «Журавінкі» ўдзельнічалі ў рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі» ў гора­дзе Бабруйску. У скарбонцы ансамбля знаходзіц­ца нямала дыпломаў, ганаровых грамат, памятных прызоў. Удзель­ніцы фальклорнага ансамбля не абмінаюць увагай і Цяхцінскую сельскую бібліятэку. Ніводнае мерапрыемства, якое звязана з традыцыямі і абрадамі, без іх не абыходзіцца. Спявачкі з задавальненнем дзеляцца сваімі ведамі народных традыцый з маладым пакаленнем, прывіваюць мола­дзі любоў да народнай творчасці. Менавіта гэта любоў з’яднала ўсіх аматараў песні ў моцны калектыў і парадніла іх.

 
Людміла УСАВА,
бібліятэкар Цяхцінскай
сельскай бібліятэкі.
Фота з архіва ансамбля
«Журавінка».

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.