Спаборніцтвы па міні-футболе, прысвечаныя 33-й гадавіне вываду савецкіх войск з тэрыторыі Рэспублікі Афганістан і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшлі на базе ФАКу «Друць»
Традыцыйныя штогадовыя адкрытыя спаборніцтвы па міні-футболе, прысвечаныя 33-й гадавіне вываду савецкіх войск з тэрыторыі Рэспублікі Афганістан і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшлі на базе ФАКу «Друць».
Шэсць аматарскіх футбольных каманд ад працоўных калектываў і грамадскасці нашага раёна сустрэліся на спартыўным полі, каб ушанаваць памяць герояў, якія аддалі сваё жыццё пры выкананні баявых задач у далёкім Афганістане. Гэтыя спаборніцтвы – яшчэ адна прыступка ў патрыятычным выхаванні моладзі, якая павінна ведаць гісторыю сваёй радзімы, а таксама ўмацоўваць свой фізічны і духоўны стан.
Судзейская калегія ў складзе Віктара ПАДОЛЬСКАГА – старшыні раённай арганізацыі РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і Сяргея ЮРКУ – суддзі міжнароднай катэгорыі, правяла спаборніцтвы на выдатна.
На першым месцы апынулася каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на другім размясцілася зборная МЦ «Ветразь», на трэцяй прыступцы – каманда дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
На ўрачыстую цырымонію закрыцця быў запрошаны ветэран баявых дзеянняў у Афганістане Уладзімір КАРПУХІН. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў, што сёння мы не павінны забываць пра подзвіг савецкіх салдат падчас той кровапралітнай і жорсткай вайны.
– Мы абавязаны памятаць слёзы матуль і бацькоў, братоў і сясцёр, дзяцей, якія страцілі самых блізкіх сэрцу людзей, і шанаваць мір на нашай зямлі.
Наталля БАРОДЗЬКА.
Фота аўтара.