З былым дырэктарам Навасёлкаўскай СШ Васілём Казловым лёс звёў мяне шмат гадоў назад, калі разам з ім падпрацоўвалі на зернесушыльным комплексе СВК «Калгас «Радзіма» ў вёсцы Карпаўка.
Васіль Васілевіч аказаўся і цікавым субяседнікам, і руплівым працаўніком. Яго актыўнасці і зараз можна пазайздросціць: у сваім паважаным узросце, калі жыццёвы гадзіннік адлічвае сёмы дзясятак гадоў, Васіль Казлоў апрацоўвае паўгектара зямлі, самастойна рамантуе ўласную сельгастэхніку, даглядае градкі, сад, курэй. Самай галоўнай жыццёвай мудрасцю лічыць працавітасць і ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі. Пад гэтым дэвізам ён і пражыў усё жыццё.
Сярод лічынкаўскай дзетвары Вася Казлоў вылучаўся асаблівай здольнасцю да матэматыкі. Прывіў яму любоў да навукі настаўнік пачатковай школы Іван Накаў. Пакуль іншыя дзеці бавілі вольны час за гульнямі, хлопчык раствараўся ў кнігах. Хтосьці з родных нават падарыў яму дапаможнік па матэматыцы з рознымі формуламі і табліцамі.
Пасля заканчэння васьмігодкі ў Навасёлках юнак вырашыў паступаць у Магілёўскае педвучылішча на настаўніка фізікі і матэматыкі. Падчас уступных экзаменаў педагогі былі ўражаны яго ведамі. Не падвёў ён і на выпускных экзаменах – атрымаў дыплом з адзнакай.
– У вучылішчы былі цудоўныя педагогі, якія перадавалі нам не толькі тэарэтычныя веды, але ў прамым сэнсе рыхтавалі да будучага жыцця, – успамінае Васіль Васілевіч. – Там я навучыўся нядрэнна іграць на баяне і духавых інструментах, выступаў нават у складзе аркестра. Падчас вучобы пазнаёміўся з будучай жонкай Таццянай, якая стала маёй вернай жыццёвай спадарожніцай.
З арміі Васіль Казлоў вярнуўся ў званні старшага лейтэнанта. Першае працоўнае месца малады настаўнік атрымаў у Машчаніцкай школе, але доўга там не прабыў, папрасіўся бліжэй да дому.
– Ёсць у нас вакантнае месца настаўніка матэматыкі ў Навасёлках, а для Таццяны Уладзіміраўны – пасада дырэктара Лічынкаўскай пачатковай школы, – прапанаваў тадышні кіраўнік райаддзела адукацыі Фёдар Лагутаў. Так маладая сям’я Казловых пачала віць уласнае гняздо на радзіме мужа ў Лічынцы. Цяпер у гэтай вёсцы зімовымі вечарамі агеньчыкі гараць у пары дзясяткаў хат, а раней жыццё віравала. Тут дзейнічалі буйная жывёлагадоўчая ферма і вытворчая брыгада. Працаўнікі былога калгаса імя Леніна жартам называлі вёску Кітай.
Працуючы ў Навасёлкаўскай школе, Васіль Васілевіч захапіўся разьбой па дрэве, вёў урокі працы і сваім захапленнем здолеў «заразіць» шмат вучняў. Калі за кошт калгасных сродкаў у вёсцы ўзводзіўся новы будынак школы, тады Васіль Казлоў быў ужо яе дырэктарам, усё драўлянае аздабленне – стэнды, аркі, парэнчы і г.д. былі зроблены рукамі мясцовых умельцаў-разбяроў.
– У нас склаўся вельмі дружны калектыў педагогаў, разам мы адзначалі важныя падзеі і святы, ладзілі канцэрты, – успамінае настаўнік-ветэран. – Адносіны паміж дарослымі і дзецьмі былі цалкам дэмакратычнымі. З тымі, хто жадаў вучыцца, педагогі і займаліся больш, амаль як зараз рэпетытары. На маёй памяці «залатых» медалістаў мы выпусцілі больш за паўтара дзясятка, прычым колькасць вучняў вагалася ад 120 да 150 чалавек. Хто ж спрабаваў лайдачыць, выхоўвалі куды больш дзейсным сродкам – «працатэрапіяй».
Школьнікі і настаўнікі часта выязджалі на розныя канцэрты, у экскурсійныя паездкі. Адной з найбольш запамінальных стала падарожжа ў Сочы. Амаль месяц навасёлкаўцы адпачывалі ў прыгожым санаторыі «Беларусь» на беразе Чорнага мора.
У 1990-я гады калгас імя Леніна, як і многія тадышнія гаспадаркі, пачаў цярпець пэўныя цяжкасці. Васіль Васілевіч успамінае, як у школьнай сталовай не хапала прадуктаў, штосьці ўдалося выпрасіць у гаспадарцы – бульбу, крупы, мяса, а хлеб папрасілі дзяцей прынесці з дому.
– І тады адна дзяўчынка падымае руку і кажа: а ў нас дома ўжо два дні няма хлеба, – настаўнік-ветэран праглытвае даўкі камяк. – І мы ўсе жахнуліся: канец ХХ стагоддзя, а для дзяцей школа – бадай, адзіная магчымасць смачна паесці. Перад абедам жонка хуценька адвярнулася ў магазін, і потым да канца навучальнага года прыносіла ў сталоўку адзін-два боханы хлеба.
* * *
Не стала ў Навасёлках калгаса, раз’ехаліся людзі, закрылася некалі вялікая і прыгожая школа, ад цяжкай хваробы памерла жонка Таццяна Уладзіміраўна. Працаўнікі за нядаўнім часам гаспадаркі-мільянера калгаса імя Леніна далучыліся да вішоўскай «Радзімы».
– За ўвесь час сваёй працы ніхто з мясцовых кіраўнікоў не ўдзяляў педагогам увагі столькі, колькі старшыня Аляксандр Лапацентаў, – распавядае Васіль Казлоў. – Зараз такія ж уважлівыя адносіны да людзей я бачу ў справах яго сына Алега Аляксандравіча. І ўпэўнены – калгас чакае добрая будучыня.
Нягледзячы на ўсе пакручастыя павароты лёсу, Васіль Казлоў не губляе аптымізму і бадзёрасці, актыўна цікавіцца грамадскім жыццём, заўсёды станоўча падтрымлівае прапановы сустрэцца былым аднакурснікам – трымаюць сувязь столькі гадоў! Дзве яго дачкі пайшлі па шляху бацькі – працуюць педагогамі ў школах абласнога цэнтра. Найбольшы гонар дзядулі – унучка Дзіяна Аднаклубава, якая сёлета скончыла 9 класаў СШ №1 г. Магілёва, увайшла ў лік пераможцаў гарадскога этапа конкурсу маладых журналістаў «Залатое пяро «Белай Русі». Яе праца была прысвечана трагічнаму лёсу даваеннага дырэктара Лічынкаўскай пачатковай школы Соф’і Гіро і яе дзяцей.
…Ціхімі вечарамі Васіль Васілевіч уладкоўвае на каленях баян і пад яго гукі прыгожым і моцным голасам зацягвае любімую песню пра вёску, якая не ў пару апусцела. І, здаецца, праз ласкавыя словы любві і спавядання аб родным паселішчы просіць жыццё крыху пачакаць, не спяшацца…