Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства вызначаецца горад, які пакінуў значны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры, з якім непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць выдатных людзей Беларусі розных часоў.    

Пачатак гэтай традыцыі пакладзены ў 1994 годзе ў горадзе Полацку ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь».

XXIX Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 3–4 верасня 2022 года ў г.Добрушы Гомельскай вобласці.

Добрушскі раён падарыў свету аднаго з самых вядомых класікаў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя — Івана Пятровіча Шамякіна.

У канцэпцыю свята закладзены асноўныя тэмы, духоўны стрыжань свята — Год гістарычнай памяці, беларуская пісьменнасць, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушчыны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачынае рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», якая стартуе 31 жніўня і завершыцца 4 верасня ў г.Добрушы.

2 верасня Міністэрства інфармацыі правядзе Міжнародны круглы стол «Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў.

3–4 верасня будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленая 4 тэматычнымі павільёнамі: «Бацькаўшчына», «Слова пісьменніка», «Белдрук», «Белкніга».

На працягу двух дзён будуць працаваць спартыўныя пляцоўкі, пляцоўкі для дзяцей і моладзі, кропкі харчавання.

3 верасня (у суботу) пройдуць «Добрушскія чытанні», падрыхтаваныя сумесна Мінінфармам і Нацыянальнай акадэміяй навук. Канферэнцыя ўключае навуковыя даклады, прысвечаныя Году народнага адзінства і асвятленню гісторыка-культурнай спадчыны добрушскай зямлі.

У гэты ж дзень запланавана адкрыццё помніка Івану Шамякіну — ураджэнцу Добрушскага раёна, вядомаму пісьменніку, сцэнарысту і драматургу.

Таксама адбудзецца традыцыйная цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXIХ Дню беларускага пісьменства.

Асноўнай падзеяй дня стане Урачыстая цырымонія адкрыцця XXIX Дня беларускага пісьменства, падчас якой адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».

4 верасня пачнецца з традыцыйнай Боскай літургіі, якой і завершыцца навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

Урачыстыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці і моладзі пройдуць ля мемарыяльнага комплексу «Памяць».

На галоўнай сцэне Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентуе літаратурна-патрыятычны праект «Бачу Беларусь такой».

Урачыстая цырымонія закрыцця пачнецца ў 14:00 на Галоўнай сцэне свята.

Завершыцца канцэрт закрыцця перадачай вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе – г.Гарадку Віцебскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *