Днямі ў рэдакцыю нашай раённай газеты звярнулася бялынічанка. Увечары пасля працы яна на ўласным аўтамабілі вырашыла заехаць за пакупкамі ў магазін «Святлафор», што размешчаны на выездзе з горада. І як толькі звярнула з трасы, у прамым сэнсе стала скакаць па выбоінах.
– Я на дачу прыязджаю ў маленьую вёсачку, і то там грунтоўка раўней, а тут жа асфальтавае пакрыццё! – эмацыйна распавядала жанчына. – У цёмны час сутак на гэтым участку
дарогі ўвогуле падвеску можна згубіць. Яміны на самым бачным месцы – на выездзе з горада! Супрацоўнікі рэдакцыі выехалі на месца і ўбачылі, што словы жанчыны цалкам адпавядаюць рэчаіснасці. На
павароце з горада на дарозе ўстаноўлена штучная няроўнасць, так званы «ляжачы паліцэйскі», вакол яе з часам і ўтварыліся выбоіны. Знайсці саму штучную няроўнасць на дарозе – той яшчэ квэст! Хіба што знакі паабапал паведамляюць: дзесьці тут! Да слова, гэты ўчастак дарогі запатрабаваны ў вадзіцеляў. Яна вядзе не толькі да папулярнага гандлёвага аб’екта, але і рамонтнай базы лясгаса, станцыі па адсартоўцы адходаў жылкамгаса, электрычнага вузла РЭС, а далей – на пратэінавы завод і ў вёску Мяльнік. Да многіх аб’ектаў працаўнікі арганізацый і жыхары раёна дабіраюц ца на ўласным транспарце. Што ж прасцей? Паставіць па баках ліхтары ці ўсё ж адрамантаваць тыя 15 метраў разбітай дарогі? У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі №630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі», абслугоўваючай праблемны ўчастак дарогі арганізацыі быў накіраваны адпаведны ліст.
Аб выніках рэагавання паведамім на старонках «Зары над Друццю».