Аўторак, 7.2.2012
Аўторак, 7.2.2012![]() ![]() ![]() ![]() |
Актуальна /
Па прынцыпу “адно акно” /
Без нерваў, валакіты і стомы
Без нерваў, валакіты і стомы
БЕЗ НЕРВАЎ, ВАЛАКІТЫ І СТОМЫ У дзяржаўных установах, арганізацыях, на прадпрыемствах Бялыніччыны паспяхова функцыяніруе заяўляльны прынцып “адно акно”. У гэтым пераканаўся і журналіст райгазеты “Зара над Друццю”, прыгледзеўшыся да работы некалькіх мясцовых устаноў, у якія часцей і найбольш звяртаюцца людзі. ДА НАТАРЫУСА НЯМА ЧАРГІ Калі аўтар гэтых радкоў атрымаў рэдакцыйнае заданне напісаць артыкул аб укараненні прынцыпу “адно акно”, сваё “службовае хаджэнне па кабінетах” вырашыў пачаць з дзяржаўнай натарыяльнай канторы. У памяці ўсплыла і зачэпка: каля двух гадоў таму асабіста спатрэбілася аформіць пэўнае натарыяльнае дзеянне. Дык вось, тады на прастой у чарзе давялося патраціць ледзь не палову дня. На гэты раз уразіла адсутнасць чаргі. У вестыбюлі не было аніводнага чалавека. Загадчык дзяржаўнай натарыяльнай канторы Міхаіл Гарадкоў, запрасіўшы ў свой кабінет, пачаў уводзіць журналіста ў курс справы: — Зараз за рабочы дзень мы прымаем у сярэднім да трыццаці наведвальнікаў. А тыя вялікія чэргі да натарыуса засталіся ўжо ў гісторыі. Каб ліквідаваць іх, — заўважае Міхаіл Мікалаевіч, — мы ўкаранілі ў сваю штодзённую дзейнасць розные формы работы. Напрыклад, шырока выкарыстоўваецца метад папярэдняга запісу па тэлефоне. Падчас яго натарыус высвятляе мэту наведвання грамадзяніна, тлумачыць пэўныя нюансы і па ўзаемнай дамоўленасці вызначаецца канкрэтны час прыходу чалавека непасрэдна ў натарыяльную кантору. З пачатку бягучага года папярэднім запісам пакарысталіся каля 50 грамадзян, у тым ліку і некалькі дзесяткаў іншагародніх. Якраз у час нашай гутаркі на стале загадчыка дзяржаўнай натарыяльнай канторы абазваўся тэлефон. Як высветлілася, тэлефанавала жыхарка Мінска, якая хацела атрымаць пасведчанне аб праве на спадчыну. Міхаіл Гарадкоў, зазірнуўшы ў нейкія паперы, відаць, моцна парадаваў жанчыну. “Па вашаму пытанню справа аб спадчыне заведзена, усе неабходныя дакументы падрыхтаваны. Прыязджайце з пашпартам у любы зручны для вас час”. — Заўтра а пятнаццатай гадзіне, — патлумачыў мне Міхаіл Мікалаевіч, — гэта мінчанка будзе ў Бялынічах. І на атрыманне пасведчання яна патраціць менш за дзесяць хвілін. Не цураюцца работнікі мясцовай натарыяльнай канторы і такой формы працы, як выезд на дом, наведванне аграгарадкоў. Ужо з пачатку бягучага года натарыус афармляў пэўныя дакументы на доме больш як для дзесяці жыхароў раёна. У асноўным, па назіраннях Міхаіла Гарадкова, гэтай паслугай карыстаюцца старыя і нярэдка фізічна слабыя людзі, каб скласці і засведчыць свае завяшчанні. Сёлета работнікі натарыяльнай канторы, выконваючы пастанову Міністэрства юстыцыі Беларусі № 20 ад 21 сакавіка 2007 года “Аб юрыдычным абслугоўванні насельніцтва ў аграгарадках”, наведаліся і ва ўсе аграгарадкі раёна. Асабліва плённым рабочы дзень, напрыклад, выдаўся ў аграгарадку Цяхцін, калі на прыём да натарыуса звярнулася больш за сорак вяскоўцаў. У значнай ступені паспрыяла напружанасці ў працы тое, што група цяхцінскіх школьнікаў збіралася ў час летніх канікулаў паехаць на аздараўленне ў Амерыку. Для гэтага, зразумела, неабходна аформіць патрэбныя дакументы, якія, паводле заканадаўства, павінны быць засведчаны выключна натарыусам. Як успамінае загадчык дзяржаўнай натарыяльнай канторы, падчас гэтага правядзення прыёму бацькоў дзяцей, якія збіраліся пабавіць канікулы ў ЗША, высветліліся і некаторыя памылкі, што былі дапушчаны падчас падрыхтоўкі дакументаў. Яны былі аператыўна выпраўлены, што і стала зарукай для беспраблемнага выезду дзяцей за мяжу на аздараўленне. Безумоўна, выязныя прыёмы натарыуса значна спрашчаюць для вяскоўцаў працэдуру афармлення пэўных натарыяльных дзеянняў і не ў менш значнай ступені эканомяць іх час. Адносіны работнікаў дзяржаўнай натарыяльнай канторы, у штаце якой працуюць загадчык Міхаіл Гарадкоў, натарыус Ірына Лапацентава, архіварыус Андрэй Жукоўскі, да выканання сваіх службовых абавязкаў найлепей характарызуюць самі наведвальнікі, радкі іх шчырых падзячных запісаў у кнізе заўваг і прапаноў. “Выказваю работнікам натарыяльнай канторы сардэчную ўдзячнасць, — піша мінчанка Алена Старавойтава, — за іх чалавечнасць, уважлівыя адносіны да кліентаў. Хочацца адзначыць іх тактоўнасць, прафесіяналізм, юрыдычную пісьменнасць”. Аналагічных запісаў – з дзесятак. І геаграфія пражывання іх аўтараў самая што ні на ёсць шырокая. Значна пасадзейнічала спрашчэнню афармлення натарыяльных дзеянняў, працэдуры засведчання тых ці іншых дакументаў і тое, што натарыяльная кантора займела электронную пошту. Калі раней на атрыманне пэўнай інфармацыі ад іншых устаноў раёна, вобласці і рэспублікі траціліся дні і тыдні, то цяпер лік вядзецца на гадзіны, мінуты. У дзяржаўнай натарыяльнай канторы Бялыніцкага раёна ўкаранёна ў шэрагу іншых і яшчэ адна палёгка для кліентаў. Згодна указа кіраўніка дзяржавы “Аб некаторых мерах па спрашчэнню парадку натарыяльных дзеянняў” з чэрвеня 2005 года пры зваротах грамадзян натарыус самастойна накіроўвае запыты ва ўсе арганізацыі і ўстановы з мэтай атрымання для натарыяльных дзеянняў неабходных звестак і дакументаў. У такім выпадку чалавеку застаецца толькі адзін раз звярнуцца ў натарыяльную кантору і пакінуць адпаведную заяўку і прыйсці ў другі раз ужо за атрыманнем дакумента. — Усе нашы дзеянні, — падсумоўвае нашу гутарку Міхаіл Гарадкоў, — скіраваны на тое, каб стварыць для кліентаў камфортныя ўмовы. А галоўная наша мэта – аператыўна, гібка прымяняць у штодзённай практычнай дзейнасці розныя формы работы з насельніцтвам, што дазваляе поўнасцю выключыць наяўнасць чаргі. ЦІ МОЖНА ВЯСКОЎЦУ АТРЫМАЦЬ КРЭДЫТ, НЕ ПРЫЯЗДЖАЮЧЫ Ў БЯЛЫНІЧЫ? На гэта маё пытанне дырэктар філіяла АБ “Беларусбанк” Святлана Арахоўская не толькі адказала станоўча, але назвала і колькасць жыхароў населеных пунктаў раёна, якія сёлета паспелі ўжо скарыстацца гэтай прывабнай паслугай банкіраў. Пяцьдзесят восем жыхароў Вішова, Галоўчына, мясцовых аграгарадкоў праз вясковыя аддзяленні філіяла атрымалі крэдыты. У тым ліку і льготныя, на спажывецкія патрэбы і інш. Наогул жа, за першае паўгоддзе па названаму вышэй прынцыпу супрацоўнікі АБ “Беларусбанк” абслужылі 162 кліенты. У выніку аптымізацыі дзейнасці банкаўская ўстанова забяспечыла адносна шырокую даступнасць, прастату і аператыўнасць вырашэння надзённых праблем бялынічан, у тым ліку, што вельмі важна, і вяскоўцаў таксама. Святлана Харытонаўна адзначыла, што калектыў філіяла аператыўна працуе па запытах, якія зыходзяць з дзяржаўнай натарыяльнай канторы, ЗАГСу, іншых устаноў і арганізацый, якія працуюць у тым ліку і паводле заяўляльнага прынцыпу “адно акно”. — У сваёй рабоце, — тлумачыць кіраўнік філіяла Святлана Арахоўская, — мы культывуем прынцып паважлівых адносін не толькі да кожнага чалавека, але і да калектываў тых арганізацый, устаноў, з якімі супрацоўнічаем па тых ці іншых пытаннях. І такі падыход мы лічым неад’емным прадаўжэннем уласных дзелавых, прафесійных, маральна-этычных якасцей. СПАЧАТКУ РАСІЯНІН ПРОСТА НЕ ПАВЕРЫЎ... Бялыніцкае бюро рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру” з’яўляецца яшчэ адной установай, дарогу да якой ведае, бадай што, кожны жыхар раёна. Да слова сказаць, нярэдка завітваюць сюды, каб аформіць патрэбныя дакументы, і жыхары іншых абласцей і раёнаў Беларусі, замежных краін. Бо куды толькі лёс не закіне бялынічаніна! У калідоры на крэсліцы каля службовага кабінета загадчыцы бюро заўважыў жанчыну. Знаёмімся. — Мяне завуць, — кажа яна, — Ніна Андрэеўна Козырава. Нагледзела ў Бялынічах дом. Хачу яго набыць. У ім ніхто не жыве. Суседзі таксама нічога пэўнага не ведаюць наконт гаспадароў. Спадзяюся, што супрацоўнікі бюро праясняць сітуацыю з гэтым домам. Мне раней даводзілася звяртацца да Алы Скачковай, якая загадвае бюро. Яна вельмі адказна адносіцца да сваёй працы, з увагаю ставіцца да наведвальнікаў. Пакуль Ніна Андрэеўна вырашае сваю праблему, гутару з рэгістратарам бюро Святланай Грышанавай. Святлана Пятроўна паведаміла, што з пачатку года аформлена 130 спраў па ўстанаўленні межаў зямельных участкаў і 20 такіх самых спраў знаходзяцца зараз у стадыі завяршэння. Апроч таго, за гэты самы перыяд бюро выдадзена 645 даведак. З іх – 506 па зваротах грамадзян, па запытах суда і райаддзела міліцыі, адпаведна, 78 і 71, зроблена 48 выпісак у натарыяльныя канторы Беларусі. — Значна спрасцілася і паскорылася наша праца, — сцвярджае Святлана Грышанава, — калі натарыяльныя канторы абзавяліся адрасамі электроннай пошты. Мы, безумоўна, марым і чакаем таго часу, калі праз Інтэрнэт можна будзе звязвацца з усімі арганізацыямі, установамі, з якімі нам даводзіцца супрацоўнічаць. Гэта яшчэ ў некалькі разоў паскорыць працэс афармлення дакументаў. — Мы ўкаранілі ў сваю работу, — заўважае загадчыца бюро Ала Скачкова, — і такую практыку, як атрыманне заявы ад грамадзяніна па пошце. У такім выпадку вызначаем канкрэтную дату наведвання такім заяўляльнікам нашага бюро. Ён прыязджае, атрымлівае патрэбны дакумент. Наведванне бюро для яго скарачаецца ў пару разоў. Дзеля найбольш поўнага і своечасовага задавальнення патрэб насельніцтва ў нашых паслугах, адзначае Ала Аляксандраўна, мы каля трох гадоў працуем і па суботах. А вядомая Дырэктыва № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату” падштурхнула да яшчэ большай аптымізацыі функцыяніравання бюро. — Ведаеце, — гаворыць Святлана Грышанава, — некалі асабіста мне неаднаразова здаралася патрапляць у недарэчныя сітуацыі. Скажам, еду ў Мінск, каб вырашыць нейкую справу, на гадзінніку шаснаццаць сорак. Заходжу ў кабінет, а гаспадар яго кажа: “У мяне рабочы дзень заканчваецца. Прыходзьце заўтра”. Крыўдна да слёз. Таму і сама стараюся ўважліва адносіцца да наведвальнікаў, і калі ўжо здараецца такое, то не зважаю на завяршэнне свайго рабочага дня. Вытрымка з кнігі зваротаў і прапаноў бюро РУП “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру” па Бялыніцкаму раёну: “Я, Кацярына Станіславаўна Шарахоўская, выказваю шчырую падзяку С. П. Грышанавай, А. А. Скачковай за добрыя адносіны, увагу і прафесіяналізм. 7 мая 2007 года”. Святлана Пятроўна і Ала Аляксандраўна расказалі мне пра рэакцыю аднаго з наведвальнікаў бюро, калі яму літаральна за паўдня ўдалося вырашыць сваё пытанне. Жыхар горада Кірышы, што ў Ленінградскай вобласці, Аляксандр Слізкі ўступаў у спадчыну на кватэру, якая засталася пасля смерці брата. Работніцы бюро нават дату звароту Аляксандра Георгіевіча добра запомнілі – 19 чэрвеня. ...У калідоры мяне чакала Н.А.Козырава, якая, нагадаю, звярталася ў бюро наконт набыцця дома. — За лічаныя мінуты атрымала ўсю інфармацыю, якая мяне цікавіла, — сказала Ніна Андрэеўна. – Малайцы работнікі бюро. Міхась КАРПЕЧАНКА. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |