Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Актуальна / Праграма адраджэння вёскі – у дзеянні / Аграгарадок Вішоў: позірк знутры
Аграгарадок Вішоў: позірк знутры

АГРАГАРАДОК ВІШОЎ: ПОЗІРК ЗНУТРЫ

Пасля Цяхціна, Ланькава і Вялікай Машчаніцы аграгарадок Вішоў дынамічна і ўпэўнена набывае абрысы сучаснага цэнтра вясковай цывілізацыі. І гэта заканамерна, бо паступова ў стваральнікаў той ці іншай інфраструктуры не толькі абагачаецца вопыт вытворчасці работ, але і пашыраецца дыяпазон узаемадзеяння з партнёрамі. Тыя восем мільярдаў рублёў, якія, па папярэдніх падліках фінансістаў, будуць на працягу года выкарыстаны для ўладкавання камфортнага жыцця вішоўцаў, з найбольшай эфектыўнасцю павінны матэрыялізавацца ў канкрэтных справах.

Літаральна не па днях, а па гадзінах мяняецца да лепшага аблічча аграгарадка. З’явілася цэлая новая вуліца з выдатнейшых дамоў сядзібнага тыпу, пазалотай ззяюць купалы над новай царквой, папрыгажэлі, вабяць утульнасцю школа і дзіцячы сад, амбулаторыя і гандлёвы цэнтр, не спыняюцца работы па рэстаўрацыі сельскага Дома культуры. Але гэта асабістыя ўражанні аўтара. Лепш за ўсё аб жыцці аграгарадка могуць расказаць самі яго жыхары. Вось і прадаставім ім слова.

КЛОПАТ СЯМ’І – СТВАРЭННЕ ПРЫГАЖОСЦІ, — так лічыць маці чацвярых дзяцей Ганна Бязмен.

— Наша сям’я жыве непадалёку ад школы, — расказвае Ганна Іванаўна. – У прасторным доме сядзібнага тыпу, які прадаставіў нам СВК “Калгас “Радзіма”, прысутнічаюць усе камунальныя зручнасці. Агарод, палісаднік і кветнікі пад самымі вокнамі ствараюць той непаўторны каларыт, які, на маю думку, і ўласцівы сучаснаму аграгарадку. Было б наіўна спадзявацца, што падобны дызайн з’яўляецца сам сабой, як заканамерны вынік ажыццяўлення дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. Толькі асабісты зацікаўлены ўдзел кожнага вяскоўца ў ажыццяўленні  гэтай праграмы і дасць патрэбны эфект.

Каб ствараць прыгажосць, яе трэба найперш любіць. Я, напрыклад, не ўяўляю свайго жыцця без кветак. І гэтак хораша становіцца на душы, калі бачу, што і дзеці мае таксама цягнуцца да прыгажосці, яе разумення.

Мой муж Міхаіл Іванавіч, на шчасце, таксама падзяляе мае погляды і ва ўсім імкнецца дапамагаць. Працуе ён у кааператыве ветэрынарным урачом, па выніках работы за мінулы год выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва. Невыпадкова таму і бюджэт сям’і дазваляе больш шырока і мэтанакіравана займацца праблемамі добраўпарадкавання. Неабходна, напрыклад, паблізу домаўладання зрабіць гравійную падсыпку. Ён і бярэцца за выкананне мужчынскай работы. І гэта, між іншым, пры тым, што ў дадатак да ўсяго трымаем паўнакамплектную дапаможную гаспадарку, у якой не толькі карова, свінні ды куры, але і вялікі зямельны надзел. А ўсё ж гэта зноў-такі істотны дадатак да сямейнага бюджэту.

Летам трое нашых дзетак, Лена, Каця ды Ілля, адпачылі на курорце ў Сочы. Старэйшы сын Іван ужо студэнт універсітэта. Наогул, без лішняй сціпласці скажу, што ў Вішове створаны ўсе ўмовы для таго, каб весці сапраўды здаровы лад жыцця. Я, напрыклад, як і мае дзеці, практыкую аздараўленчую сістэму Парфірыя Іванова. Быць заўсёды ў тонусе дапамагае, вядома ж, і свежае вясковае паветра. А цяпер параўнаем нашы ўмовы жыцця з гарадскімі. Яны, як бачна, непараўнальна больш спрыяльныя і гарманічныя для станаўлення і развіцця чалавека як асобы. Таму без усялякага перабольшвання і дзецям сваім мы з мужам настойліва раім будаваць сваё самастойнае жыццё па магчымасці ў аграгарадку.

КАМФОРТНА ЖЫЦЬ, ПЛЁННА ПРАЦАВАЦЬ, — такое крэда ў Ніны Касянковай.

У Вішоў я пераехала два гады таму з Краснапольскага раёна. Не паверыце, але ўмовы жыцця тут кардынальна адрозніваюцца ў лепшы бок. Там, напрыклад, я жыла ў доме без усялякіх камунальных зручнасцей, а зарабляла ў сельгаскааператыве крыху больш за 200 тысяч рублёў у месяц. У Вішове праўленне СВК “Калгас “Радзіма” выдзеліла мне ўтульны дом сядзібнага тыпу, але з усімі камунальнымі зручнасцямі. Працаваць стала на жывёлагадоўчым комплексе “Усход”, дзе мая зарплата за гэтыя два гады вырасла з 550 тысяч да амаль мільёна рублёў у месяц. Вось, як кажуць, тут і ёсць з чым параўноўваць. Гэта, як ні круці, вёскай з яе традыцыйным укладам жыцця ўжо і не назавеш: горад, камфорт, цывілізацыя.

У калектыве, дзе я працую, налічваецца 59 чалавек, якія і жывуць у аналагічных умовах. Вельмі радуе тое, што настрой у людзей аптымістычны, добразычлівы, бо ўсе мы адчуваем канкрэтны клопат дзяржавы аб кожным чалавеку. Літаральна на нашых жа вачах вёска пераўтвараецца ў аграгарадок: як грыбы пасля цёплых дажджоў, тут вырастаюць новыя дамы і цэлыя вуліцы, развіваецца камунальная інфраструктура, сельскагаспадарчая вытворчасць узнімаецца на новы якасны ўзровень. Сучасная тэхніка, перадавая тэхналогія, навуковая арганізацыя працы дазваляюць гаспадарыць эфектыўна, мець добры даход і сродкі на далейшы прагрэс.

Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у нас самая высокая ў раёне, прадукцыйнасць грамадскага статка – таксама.

Вуліцы ў Вішове нібы памаладзелі. Спілаваны старыя дрэвы, кладзецца свежы асфальт, блішчаць пліткай тратуары, пафарбаваны фасады будынкаў, узнаўляюцца водаправод і каналізацыя, пашыраецца тэлефонная сетка.

Безумоўна, як няма мяжы дасканаласці, так ніколі не спыняцца і работы па добраўпарадкаванню гарадка. Справа тут зусім не ў тэрмінах, а ў самім укладзе абноўленага жыцця вяскоўцаў-гараджан. Яно, гэтае жыццё, якраз і дазваляе зарабляць сродкі не толькі для папаўнення сямейнага бюджэту, але і для падсілкоўвання імі сацыяльнай сферы.

Невыпадкова, відаць, сёння побач са мной працуе шмат маладых, адукаваных людзей. Гэта, напрыклад, аператары Таня Піманава і Лена Хаткевіч, Галя Папкова і Надзя Савіцкая, Аксана Зязюля і Уладзімір Салагубаў, многія іншыя руплівыя і добрасумленныя жывёлаводы. Добраўпарадкаваны быт, наладжаны сямейны мікраклімат як нельга лепш садзейнічаюць і павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Гадавы надой малака ад каровы ў пяць-шэсць тон становіцца нормай, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на адкорме выйшлі на ўзровень высокаінтэнсіўных – да аднаго кілаграма і нават больш.

Спалучэнне плённых працоўных будняў з бытавым камфортам – гэта, на маю думку, і ёсць стопрацэнтнае ажыццяўленне той мэты, што прадугледжана дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. Прыемна, што такія грандыёзныя пераўтварэнні самым цесным чынам знітавана з маім лёсам і лёсам маіх аднавяскоўцаў-гараджан.

ТРЭБА І МАТЭЛЬ, І СТАДЫЁН, — заклапочаны Леанід Галушкін.

— Не варта забываць, што праз Вішоў праходзіць цэнтральная  аўтадарога, якая звязвае абласны цэнтр са сталіцай, тут жывуць больш за тысячу жыхароў. А гэта значыць, што стасункі вішоўцаў з мінчанамі, магіляўчанамі і іншымі жыхарамі краіны ў сілу аб’ектыўных прычын носяць даволі інтэнсіўны характар. Да нас штодзень завітваюць госці, спыняюцца на начлег вадзіцелі вялікагрузных аўтамабіляў. І многія людзі шукаюць у аграгарадку магчымасць не толькі пераначаваць, але і спыніцца на некалькі дзён. А з гэтым якраз і праблема, бо адсутнічае ў такім людным, маляўнічым і прывабным для гасцей аграгарадку гасцініца ці хоць бы сціплы прыдарожны матэль.

Тут, на маю думку, — “залатая жыла” для прыватнага бізнесу. Укладзеныя ў абсталяванне таго ж матэля грошы пры належным чынам наладжанай справе не толькі маглі б хутка акупіцца, але і прыносіць істотны прыбытак. У мяне не існуе сумненняў, што матэль ці гасцініца з адпаведным сервісам тут неўзабаве з’явяцца – гэта патрэбная і выгадная справа!

Васіль ДЗЕРАВЯШКА.

(Нумар ад 3.10.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз