Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Актуальна / За радком Дырэктывы №3 / Прагрэсу з марнатраўствам не па дарозе
Прагрэсу з марнатраўствам не па дарозе

ПРАГРЭСУ З МАРНАТРАЎСТВАМ НЕ ПА ДАРОЗЕ

Мэтавы паказчык па энергазберажэнню ў супастаўных умовах, які забяспечаны ў БУКП “Жылкамгас”, за сем месяцаў гэтага года атрыманы ў межах –11,5 працэнта пры разліковым заданні –10,4. Аб мерах, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве па безумоўнаму забеспячэнню выканання Дырэктывы №3, расказвае дырэктар БУКП “Жылкамгас” Віктар Івулёў.

— Як вядома, Віктар Міхайлавіч, яшчэ да падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь вышэйзгаданай Дырэктывы пры кацельнай гаспадарцы прадпрыемства была задзейнічана газа-генератарная ўстаноўка па выпрацоўцы таннай электраэнергіі.

— Гэтая ўстаноўка і цяпер выкарыстоўваецца эфектыўна. Дастаткова сказаць, што з пачатку года выпрацавана 2684 тысячы кілават-гадзін электраэнергіі, з якіх на ўласныя патрэбы зрасходавана 2057, астатняя рэалізавана па дагаварной цане. Па сутнасці, дасягнута двайная эканомія сродкаў на электраэнергію.

— Кацельная гаспадарка з’яўляецца свайго роду акумулятарам і спажыўцом энергарэсурсаў. А на балансе жылкамгаса знаходзіцца 22 кацельні.

— За сем месяцаў прадпрыемства зрасходавала 5947 тон умоўнага кацельна-пячнога паліва. Гэта складае 78,4 працэнта да адпаведнага аб’ёму мінулага года. Эканомія, як бачна, істотная. А дасягнута яна дзякуючы пераводу 17 кацельняў на мясцовыя віды паліва, яшчэ 4 – на сумяшчальнае цвёрдае і газавае.

У мэтах эканоміі паліва на трох кацельнях устаноўлены энергаэфектыўныя катлы, мантаж такіх катлоў цяпер завяршаецца на галоўчынскай кацельні. Хачу адзначыць, што наш раён даволі багаты на мясцовыя віды таннага паліва, якое і трэба як мага шырэй выкарыстоўваць. На кацельні Дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў устаноўлены катлы па спальванню адходаў дрэваапрацоўкі. Загрузка паліва ў печы тут механізавана. Цяпер гэтая кацельня паспяхова дзейнічае без спальвання прыроднага газу.

— На эфектыўнае выкарыстоўванне і экономію энергарэсурсаў у значнай ступені аказвае ўплыў стан цеплавых сетак.

— Безумоўна, гэты фактар нельга не ўлічваць. Таму сёлета праведзена замена цеплавых сетак у аднатрубным выкананні. Так называемыя ПІ-трубы, якія мы цяпер выкарыстоўваем, даюць істотны эканамічны эфект.

Для падпіткі цеплавых сетак устаноўлены дзве спецыяльныя ёмістасці. Адначасова правераны і наладжаны прыборы ўліку цяпла на кацельнях, вядзем і некаторыя іншыя работы. Напрыклад, тая ж тэрмарэмавацыя (уцяпленне дамоў з паўночнага боку) праведзена на вуліцах Паркавая, Мічурына, Дайнекі.

Асаблівую ўвагу пытанням энергазберажэння надаем пры наладжванні камунікацый у інфраструктуры аграгарадкоў. Тут і рамонт кацельняў, і пракладка цеплавых сетак, і ўстаноўка лічыльнікаў расходу цеплавой энергіі.

— Сярод прадпрыемстваў сферы абслугоўвання БУКП “Жылкамгас” па выніках работы за мінулы год прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва. А ці ўлічваецца пры падвядзенні вынікаў работы паказчык па энергазберажэнню?

— Гэта адзін з асноўных паказчыкаў эфектыўнай работы. Прадпрыемства паспяхова выканала даведзеныя нарматывы па энергазберажэнню, павялічыўшы пры гэтым аб’ёмы платных паслуг насельніцтву, прадукцыйнасць працы і зарплату рабочым. Пераходныя ганаровыя сцягі і дыпломы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, райвыканкама да многага нас абавязваюць і нацэльваюць на яшчэ больш плённую працу на карысць нашага грамадства.

Гутарыў Васіль ДЗЕРАВЯШКА.

(Нумар ад 22.08.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз