Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Актуальна / За радком Дырэктывы №3 / Курс на рэсурсазберажэнне - устойлівы
Курс на рэсурсазберажэнне - устойлівы

КУРС НА РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ — УСТОЙЛІВЫ

Як капейка зберагае рубель, так эканомія і ашчаднае выкарыстанне на вытворчасці ўсіх відаў рэсурсаў мацуюць эканоміку прадпрыемства ці арганізацыі. Гэта дастаткова зразумелая аксіёма даўно з’яўляецца нарожным каменем у штодзённай практычнай дзейнасці калектыву РУП “Магілёўаўтадар” ДЭУ-74, які ўзначальвае з самага пачатку заснавання ўпраўлення Віктар Лемешаў.

Варта адзначыць, што ўсе тыя напрацоўкі па рэсурсазберажэнню, якія носяць сістэмны, праграмны характар, прыносяць немалы плён. Для прыкладу, пры планавым заданні па энергазберажэнню мінус 9 працэнтаў, калектыў ДЭУ-74 зараз дабіўся выканання яго да ўзроўню мінус 30 працэнтаў.

Зразумела, што за гэтым больш як трохразовым перавышэннем планкі эфектыўнасці выразна бачыцца мэтанакіраваная праца адміністрацыі ўпраўлення, інжынерна-тэхнічных работнікаў і, зразумела, непасрэдна саміх рабочых. Прычым, названыя вышэй тры звяны, у тым ліку і ў накірунку рэсурсазберажэння, працуюць у самым цесным кантакце, што дазваляе кожную слушную рацпрапанову, ад каго б яна ні зыходзіла, аператыўна разгледзець, усебакова абдумаць, а затым і ўкараніць яе ў вытворчасць.

Так, для прыкладу, атрымалася з нядаўняй прапановай па ўдасканальванні ў зімовы час работы грэйдэраў. Калектыўная рацыяналізатарская думка дарожнікаў выпрацавала новую схему выкарыстання пярэдняга адвалу. У выніку, эфектыўнасць работы гэтай тэхнікі, што ўзімку задзейнічваецца на ачыстцы дарожнага палатна і абочын дарогі ад снегу, павялічваецца на 100 працэнтаў. Іншымі словамі, той аб’ём работы, які раней адзін грэйдэр рабіў за два праходы, цяпер будзе выконвацца ўсяго за адзін праход.

—Такімі адваламі, — расказвае начальнік РУП “Магілёўаўтадар” ДЭУ-74 Віктар Лемешаў, — будуць абсталяваны ўсе грэйдэры, што знаходзяцца на балансе нашага ўпраўлення. Выгоды ад гэтага новаўвядзення, якое сумесна распрацавалі механізатары і механікі, відавочныя. Гэта – значная эканомія гаруча-змазачных матэрыялаў і працоўных рэсурсаў, эфектыўнае выкарыстанне самой тэхнікі.

Калі згадаць, што калектыў упраўлення абслугоўвае 258,6 кіламетра дарог, новы 180-метровы мост праз Днепр, які злучыў Магілёўскую і Віцебскую вобласці, два кіламетры пад’язных дарог да яго, то выкарыстанне грэйдэраў з такімі адваламі з’яўляецца вельмі своечасовым і надзвычай адпавядаючым сучасным задачам арганізацыі абслугоўвання магістраляў у зімовы перыяд.  

Да 20 працэнтаў дазваляе эканоміць усе віды рэсурсаў, якія прымяняюцца пры правядзенні ямачнага рамонту дарог у зімовы час, і выкарыстанне арганамінеральных сумесяў. На гэту тэхналогію дарожнікі ДЭУ-74 перашлі другімі па ліку ў рэспубліцы і першымі ў вобласці сярод арганізацый “Магілёўаўтадар” яшчэ год таму.

Неабходная сумесь нарыхтоўваецца летам. Уласна для патрэб ДЭУ-74 яе неабходна каля 150-170 тон. Летась арганамінеральнай сумесі было прыгатавана 600 тон, сёлета плануецца агульны аб’ём яе вытворчасці давесці да тысячы тон. Справа ў тым, што яна карыстаецца попытам і ў іншых упраўленнях РУП “Магілёўаўтадар”. І сёлета ёсць магчымасць прадаць яе іншым спажыўцам.

Калі ж гаварыць непасрэдна аб тых момантах эканоміі рэсурсаў, якія дасягаюцца пры выкарыстанні арганамінеральнай сумесі, то найперш варта адзначыць, што ў гэтым выпадку выключаецца тэхналагічнае звяно падагрэву. Адна важная ўмова – неабходна, каб такая сумесь зімой толькі паляжала пэўны час у цёплым месцы.

Па-другое, пры правядзенні рамонтных работ пакрыцця дарожнага палатна з выкарыстаннем арганамінеральнай сумесі выключаюцца і такія віды работ, як раскрыццё карты (апрацоўка фрэзой) і ўшчыльненне.

Эканомія матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, што называецца, відавочная. Як адзначае Віктар Лемешаў, пераход на гэту новую тэхналогію дазволіў скараціць на два чалавекі і штат кожнага рамонтнага дарожнага звяна. 

Яшчэ адным з важных накірункаў праграмы эканоміі і беражлівасці матэрыяльна-тэхнічных і працоўных рэсурсаў, якая распрацавана і паспяхова ажыццяўляецца ў ДЭУ-74, з’яўляецца выкарыстанне чыстай солі пры пасыпцы ў зімовы час аўтадарог. Пры гэтай тэхналогіі скарачаюцца халастыя прабегі пасыпачных машын, значна павялічваецца кіламетраж апрацоўкі дарожнага палатна і адпаведна эканомяцца ГЗМ, працоўныя рэсурсы.

Імкнучыся не адстаць ад часу, калектыў ДЭУ-74 з бягучага года паспяхова ўкараніў перадавы і надзвычай эфектыўны метад догляду, апрацоўкі і рамонту палатна шасейных дарог, які заключаецца ў выкарыстанні бітумнай эмульсіі. Эфектыўнасць яго праяўляецца таксама і ў плоскасці эканоміі – да 30 працэнтаў зберагаюцца энергетычныя, матэрыяльныя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы.

У ДЭУ-74 таксама адмовіліся і ад гарачай апрацоўкі шчэбеню, перайшоўшы на вадзяную мыйку яго, што дазваляе за сезон зберагаць каля 80 тон толькі аднаго мазуту. Але эканомія на гэтым не заканчваецца. Цалкам адмовіліся тут і ад выкарыстання артэзіянскай вады. Патрэбны вадзяны рэсурс забяспечвае спецыяльна выкапанае штучнае азярцо. Да слова сказаць, гэта лінія па апрацоўцы шчэбеню працуе па прынцыпу безадходнай тэхналогіі.

Трэба адзначыць, што адміністрацыя ўпраўлення яшчэ некалькі гадоў таму, самым сур’ёзным чынам паставіўшыся да неабходнасці забеспячэння эканоміі электрычнай энергіі, рэалізавала праграму выкарыстання энергазберагаючага асвятлення. Спецыялісты, напрыклад, сцвярджаюць, што звычайныя электралямпачкі больш грэюць, чым асвятляюць. У святло яны пераўтвараюць толькі 5 працэнтаў электрычнасці. Іншая справа – энергазберагаючыя. Вось таму адпаведныя лямпачкі ўстаноўлены ва ўсіх кабінетах і вытворчых памяшканнях, яны ж асвятляюць у начны час і тэрыторыю ДЭУ-74.

Безумоўна, дарожныя службы адказваюць і за эстэтычны выгляд магістраляў, якія знаходзяцца на іх абслугоўванні. Гэты накірунак работы таксама вымагае значных фінансавых затрат. Але ў ДЭУ-74 і тут імкнуцца дабіцца пэўнай эканоміі.

Асобныя жыхары Нежкава, напрыклад, раней з зайздроснай рэгулярнасцю ператваралі адзін з участкаў узбочыны дарогі ў сметніцу. Адміністрацыя дарожнага ўпраўлення пры падтрымцы старшыні Вішоўскага сельсавета Наталлі Галуза правяла сярод нежкаўчан сістэмную растлумачальную работу. З ліку інжынерна-тэхнічных работніц, спецыялістаў упраўлення, якія з’яўляюцца аматарамі кветкаводства, стварыўся часовы калектыў. Жанчыны ў свой свабодны ад працы час зрабілі на месцы былой сметніцы ў Нежкаве прыгожую клумбу і пастаянна яе даглядаюць.

Вось так чалавечы фактар пасадзейнічаў навядзенню парадку і ліквідацыі прарэхі бюджэту ўпраўлення, калі сродкі затрачваліся на пастаяннае змаганне з несанкцыяніраванай звалкай.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

(нумар ад 12.09.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз