Серада, 10.3.2010
Серада, 10.3.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
СВК "Калгас "Радзіма" — лідэр аграпрамысловага комплексу Бялыніччыны
Прэстыж заможжа па-вішоўску
Мы прапануем вашай увазе нтэрв’ю з Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года-2008”, старшынёй СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандрам ЛАПАЦЕНТАВЫМ, які лічыць, што толькі заможны, самадастатковы ва ўсіх адносінах селянін можа з’яўляцца надзейнай асновай дзяржавы. — Патлумачце, калі ласка, Аляксандр Міхайлавіч, на чым грунтуецца ваша перакананасць у выключнай ролі селяніна ў жыцці цэлай краіны? — Па-першае, гэта не я прыдумаў. Мы жывем на планеце Зямля, якая нас корміць і поіць. А працуе на ёй, у першую чаргу, менавіта селянін – галоўны чалавек на гэтай зямлі. Па-другое, наша дзяржаўнасць, незалежнасць грунтуецца, перш за ўсё, на харчовай бяспецы. Гэтую бяспеку стварае зноў жа селянін. Але бедны селянін не зможа даць дзяржаве неабходную колькасць сельгаспрадукцыі. Іншая справа, калі ён – заможны, самадастатковы. Багаты селянін – багатая дзяржава. — Хто ж ён, сённяшні працаўнік СВК “Калгас “Радзіма”, — бядняк ці заможнік? — Хоць увогуле гэтыя паняцці, як і ўсё ў свеце, вельмі і вельмі адносныя, але скажу адназначна, што нашы сяляне – людзі заможныя. Яны з поўным правам могуць лічыць сябе надзейнай апорай дзяржавы. Для абгрунтавання сваіх слоў прывяду некалькі лічбаў. Сёння кожны другі з 380 членаў кааператыва з’яўляецца мільярдэрам, бо агульны грашовы эквівалент асноўных і пераходных фондаў прадпрыемства набліжаецца да 200 мільярдаў рублёў. А вось як выглядае дынаміка эканамічнага развіцця кааператыва. У 2008 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі валавы даход СВК “Калгас “Радзіма” дасягнуў дванаццаці мільярдаў рублёў. Калі нават у савецкія часы любому калгасу вельмі прэстыжна было насіць званне мільянера, маючы гадавы даход у адзін мільён рублёў, то мы сёння выйшлі на ўзровень даходнасці ў пяць мільёнаў долараў ЗША. Прадукцыйнасць працы кожнага члена кааператыва склала, такім чынам, каля 32 мільёнаў рублёў за год.
Нельга не адзначыць рост дабрабыту кожнай калгаснай сям’і. З уводам у строй дзеючых аграгарадка Вішоў – цэнтра сельгаспрадпрыемства – практычна кожная працоўная сям’я атрымала магчымасць жыць у доме сядзібнага тыпу з усімі камунальнымі выгодамі коштам 75-80 мільёнаў рублёў. Хто цяпер назаве селяніна бедняком? — Прыведзеныя вамі лічбы, вядома ж, уражваюць. Але СВК “Калгас “Радзіма” з’яўляецца адзіным у раёне і адным з нямногіх сельгаспрадпрыемстваў вобласці і рэспублікі, якое без дзяржаўных інвестыцый сістэмна і інтэнсіўна развівае ўласную эканоміку. Якім чынам мясцовы селянін забяспечыў сабе заможнае жыццё? — Калі адказваць на пастаўленае пытанне коратка, то дастаткова двух слоў: уласнай працай. А вось аб тым, што вымалёўваецца за гэтым лаканізмам, хацелася б паразважаць. Пачну з прыклада. Уладкаваўся да нас на працу механізатарам Васіль К., які прыехаў з суседняга раёна. Пасля гутаркі з ім у мяне склалася аб чалавеку станоўчае ўражанне, таму неўзабаве сям’і навічка быў выдзелены новы катэдж, Васіль атрымаў трактар і працу на комплексе “Усход”. Мінае тыдзень, другі, і раптам нядаўні навасёл прыходзіць да мяне з заявай аб звальненні. Чаму? На здзіўленне, ён патлумачыў свой учынак даволі, на мой погляд, шчыра: на ранейшым месцы працы мог амаль нічога не рабіць і на зарплату асабліва не разлічваў. Затое краў усё, што дрэнна ляжала, – і зерне, і муку, і паліва, і малако, і мяса. Тут навічок са сваімі шкоднымі звычкамі аказаўся ў поўнай ізаляцыі, бо самі ж калгаснікі, яго калегі-механізатары на корані адсякалі яго спробы штосьці сцібрыць, а перавыхоўвацца аматар лёгкага хлеба не збіраўся, таму проста палічыў за лепшае сабраць манаткі і з’ехаць куды падалей. Як бачыце, узровень духоўнасці вішоўскага селяніна, яго пачуццё адказнасці за захаванасць грамадскага дабра настолькі высокія, што цярпець побач з сабой лайдака ці марнатраўца ён у прынцыпе ўжо не можа. Іншая справа, што шлях вось да такой вышыні самасвядомасці быў зусім няпростым. У пастаўленым кантэксце зазначу наступнае – многія нашы сяляне ў абсалютнай большасці не толькі не злоўжываюць спіртнымі напоямі, але і не кураць, за што праўленне кааператыва іх нават матэрыяльна заахвочвае. — Як вы слушна заўважылі, Аляксандр Міхайлавіч, духоўны воблік селяніна таксама сведчыць аб яго заможнасці. Невыпадкова, відаць, кааператыў не пашкадаваў сродкаў на ўзвядзенне і абсталяванне ў аграгарадку Вішоў дыхтоўнага храма ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Надзвычай сімвалічна і тое, што ў царкве рэгулярна праводзіцца богаслужэнне, пры якім прысутнічае і кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Таму прыход літаральна не па днях, а па гадзінах расце, набывае ўсё новых і новых прыхільнікаў. Тым не менш, хацелася б пачуць з першых вуснаў аб тым, як духоўная заможнасць селяніна спалучаецца ў кааператыве з тэхнічным прагрэсам?
Або другая сітуацыя. Каб сістэмна ўзнаўляць дойны статак высокаўдойнымі першацёлкамі, не абавязкова ехаць за імі за трыдзевяць зямель. Мы паспяхова вось ужо на працягу дзесяці гадоў вырошчваем элітных цялушак на ўласных фермах. Прафесіянальных сакрэтаў у нашай тэхналогіі, вядома, нямала. Але скажу аб адным з іх, які дае несумненны эфект. Да чатырохмесячнага ўзросту, напрыклад, даем цялятам зерне. Не муку, не сечку, а менавіта цэлыя зярняты – ячмень, авёс, а ў апошні час – кукурузу. У выніку гадаванцы хутка набіраюць вагу і добра развіваюцца. Першацёлкі ж вызначаюцца высокімі надоямі малака. Невыпадкова таму гадавы надой малака ад каровы ў пяць тысяч кілаграмаў сёння з’яўляецца ў гаспадарцы нормай. — Вы, Аляксандр Міхайлавіч, пэўна ж, пагадзіцеся, што для любога чалавека наогул, а для селяніна ўдвайне, меркай яго заможнасці з’яўляецца наяўнасць вольнага часу як для духоўнага развіцця, так і проста для адпачынку. — Для таго, каб лепш асэнсаваць праблему выхадных дзён і васьмігадзіннай рабочай змены для працаўніка вёскі, адзначу свой уласны падыход да яе. Скажу шчыра, усе 28 гадоў працы на пасадзе старшыні стаўлю і перад самім сабой, і перад праўленнем задачу – забяспечыць селяніну карыстанне яго законным вольным часам. Тым не менш, як няма яго ў летні перыяд у самога кіраўніка сельгаспрадпрыемства, гэтаксама — і ў спецыялістаў, і ў механізатараў. Пакуль што я бачу толькі адно выйсце з гэтай сітуацыі: інавацыйныя тэхналогіі з паўнацэннымі дуэтнымі экіпажамі земляробаў на кожным сельскагаспадарчым агрэгаце. Пакрысе мы рухаемся ў вызначаным накірунку, але сам працэс гэты хутчэй эвалюцыйны, чым рэвалюцыйны, таму, як кажуць, паспяшаць трэба павольна. А пакуль што робім шмат для таго, каб менавіта на сваім працоўным месцы селянін пачуваў сябе гэтак жа камфортна, нібы дома. Таму і фермы ў нас выглядаюць не горш, а часам і лепш, чым асобныя Дамы культуры, дзе аператару зусім не абавязкова хадзіць у гумавых ботах, дзе ёсць і пакоі адпачынку, і лазні, і душавыя пакоі. Таму і набываем такую тэхніку, у якой механізатар можа працаваць у белай кашулі, дыхаць кандыцыянаваным паветрам, не адчуваць шуму механізмаў. — Сустрэчы Новага года, народныя і рэлігійныя святы традыцыйна ў СВК “Калгас “Радзіма” адзначаюцца ўсім працоўным калектывам. З падарункамі, з канцэртнай праграмай, з багатым застоллем. Асабіста ў мяне, калі даводзіцца прысутнічаць на гэтых мерапрыемствах, яны выклікаюць пачуццё гонару за селяніна, хвалююць сваёй непадробнай шчырасцю, узнёсласцю і непасрэднасцю.
— Падчас святкавання з нагоды Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці амаль кожны пяты калгаснік атрымаў ад праўлення каштоўны падарунак, некалькі земляробаў прызнаны пераможцамі абласнога і раённага спаборніцтваў, усе, без выключэння, працаўнікі палёў і ферм, спецыялісты былі адзначаны грашовымі прэміямі. Ствараецца, Аляксандр Міхайлавіч, уражанне, што калектыў СВК “Калгас “Радзіма” – гэта адна заможная сялянская сям’я. — Калі б сёння мяне папрасілі назваць прозвішчы лепшых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў, то зрабіць гэта для мяне было б вельмі і вельмі няпроста. Не таму, што няма лепшых, а таму, што не магу аднесці аніводнага селяніна да горшых. Спіс усіх, без выключэння, калгаснікаў – гэта і ёсць перадавік, які трывала вось ужо на працягу дзесяцігоддзя трымае ў руках большасць пераходных Чырвоных сцягоў раённага спаборніцтва: таксама, між іншым, сведчанне не толькі заможнасці, але і працоўнай славы. Гутарыў Васіль ДЗЕРАВЯШКА. |
![]()
![]() ![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |