Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Эканомiка
Старшыня райвыканкама Аляксандр ВАРОНІН: “Патрабаванне часу: найвышэйшая эфектыўнасць пры найменшых выдатках”
28.07.2010

Днямі на пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі работы галін, сфер, прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў і арганізацый Бялыніччыны за першае паўгоддзе бягучага года.

З гэтае нагоды прапаноўваем увазе чытачоў інтэрв’ю старшыні райвыканкама Аляксандра Вароніна.

— Аляксандр Мікалаевіч, наколькі помніцца, на самым пачатку года, калі суб’ектам гаспадарання былі даведзены прагнозныя паказчыкі іх сацыяльна-эканамічнага развіцця, не-не, дый даводзілася чуць скептычнае: маўляў, задачы пастаўлены амбіцыйныя, іх цяжка, а то і зусім немагчыма, выканаць. Мінула палова года. Чаго дабіўся раён у эканоміцы?

— Задачы, пастаўленыя перад намі, сапраўды, напружаныя. Але, аб чым я заўсёды кажу з упэўненасцю, яны дастаткова рэалістычныя. Іншымі словамі, выкананне ўсіх даведзеных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бягучы год цалкам рэальнае. Маё перакананне пацвярджаюць вынікі нашай работы за першае паўгоддзе: выкананы 12 з 13 асноўных паказчыкаў. Гэта – у цэлым.

Разам з тым, яшчэ далёка не ўсе суб’екты гаспадарання прынялі дзейсныя меры па іх выкананні. У прыватнасці, свой папрок адрасую аграпрамысловаму комплексу, дзе ёсць сельгасарганізацыі, у якіх назіраецца вялікая розніца паміж даведзенымі паказчыкамі і дасягнутым іх выкананнем, выразна бачыцца так бы мовіць і эканамічная цераспалосіца. Найперш гэта адносіцца да такіх сельгаспрадпрыемстваў, як ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, СВК “Калгас імя Заслонава”. Але пакрокавая стратэгія, якая ажыццяўляецца зараз у сельгаспрадпрыемствах раёна, дазволіць выканаць гэты паказчык у сельскагаспадарчай галіне Бялыніччыны. 

Вытворчасць валавай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак за першыя шэсць месяцаў бягучага года склала 31,7 млрд рублёў. Тэмп росту яе забяспечаны на ўзроўні 106,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам пры заданні 105,6 працэнта. Аднак у прыватных гаспадарках насельніцтва, у тым ліку, атрымана прадукцыі на 5,3 млрд рублёў, чым і абумоўлена зніжэнне тэмпу росту да ўзроўню мінулага года на 7,8 працэнта.

Падкрэслю, што павелічэнне вытворчасці прадукцыі забяспечылі сем з васьмі сельгаспрадпрыемстваў. Аўтсайдэр – калектыў райаграпрамтэхзабеспячэння, які выканаў гэта заданне толькі на 96,6 працэнта. І прычына таму вядомая і дастаткова банальная: недаатрымана 1,7 тоны мяса.

А вось даведзенае заданне па вытворчасці малака выканала толькі ААТ “Новая Друць”, удзельная вага якога ў раёне па гэтым накірунку дзейнасці складае 30,4 працэнта.

У цэлым дзяржаве рэалізавана 14403,3 тоны малака, што складае 99 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню і 84,7 працэнта да задання. ААТ “Новая Друць”, СВК “Ількавічы” і СВК “Калгас “Радзіма”, удзельная вага апошняга ў вытворчасці малака па раёне дасягнула 13,4 працэнта, пастаўляюць сырадой на перапрацоўку гатункам “Экстра”. Вышэйшым гатункам прададзена сельгаспрадпрыемствамі 57,6 працэнта малака, першым – 26,1, другім – 2,9. Аб’ём малака, адпраўленага на перапрацоўку другім гатункам, у СВК “Калгас імя Заслонава” склаў 24,2 працэнта, ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” – 28 працэнтаў. Недабор грашовых сродкаў у выніку рэалізацыі малака другім гатункам толькі па гэтых прадпрыемствах – адпаведна 77,3 і 31,6 мільёна рублёў.

Вось дзе, вобразна кажучы, закапаныя грошы. Менавіта ад іх, як вядома, залежыць і рост заработнай платы, і тэхнічнае забеспячэнне ды развіццё саміх гаспадарак.

— Вернемся да аднаго з асноўных прагнозных паказчыкаў, які, на жаль, застаўся не выкананы. Які гэта паказчык? Ці назіраецца тэндэнцыя да яго выканання па выніках работы за год?

— Па вялікім рахунку, прамінулае паўгоддзе – сёння ўжо пройдзены этап. Зараз усе разам мы павінны працаваць так, каб выканаць заданні першага месяца трэцяга квартала, дзевяці месяцаў і, як галоўны арыенцір, – 2010 года. У лістападзе-снежні шукаць магчымасці, рэзервы будзе позна ўжо. Трэба думаць, аналізаваць, шукаць выйсці, напружвацца ў працы сёння і зараз.

Раёну неабходна сабраць 53 тысячы тон збожжа. Летась атрымалі 41 тысячу. Розніца адчувальная: 12 тысяч тон! Таму перад сельгаскааператывамі пастаўлена задача – правесці ўборку вырашчанага ўраджаю без страт, якасна, на высокім тэхналагічным і арганізацыйным узроўнях. На жаль, не ўсюды дакладна і адназначна яшчэ разумеюць гэта аб’ектыўнае патрабаванне часу.

Што ж да нявыкананага прагнознага паказчыка, то ён не склаўся па рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі. Рост яго дасягнуты на ўзроўні 106,4 працэнта пры плане 115.

Як вядома, сёлетні год з’яўляецца апошнім годам пяцігодкі. База для выканання пяцігадовага задання па рознічным тавараабароце за папярэднія гады закладзена добрая, што і дазволіць выканаць гэты паказчык.

Чаму не склаўся ён за першае паўгоддзе? Прычыны таму як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Напрыклад, зніжае тэмпы нарошчвання рознічнага тавараабароту ў раёне райспажыўтаварыства, удзельная вага якога ў структуры аб’ёму гандлёвых прадпрыемстваў Бялыніччыны складае 59,7 працэнта. Калі тэмп рознічнага тавараабароту па гандлёвых прадпрыемствах раёна за паўгоддзе вышэй на 1,1 працэнта тэмпу першага квартала, то ў райспажыўтаварыстве ён ніжэй на 0,7 працэнта. У параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года райста таксама мае мінус 1,5 працэнтных пункта.

Варта адзначыць, што праўленне райспажыўтаварыства праводзіць пэўную работу па павелічэнні росту рознічнага тавараабароту, паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку і вясковага, укараняе новыя формы якасці гандлю (напрыклад, продаж тавараў па папярэдніх заяўках: за першае паўгоддзе іх рэалізавана на 798 млн рублёў; арганізацыя работы аўтамагазінаў і інш.), аднак рэзервы выкарыстаны яшчэ далёка не ўсе. Задача кіраўніцтва і работнікаў райспажыўтаварыства – аператыўна выканаць распрацаваныя мерапрыемствы, накіраваныя на дасягненне даведзеных заданняў.

— Інвестыцыі справядліва называюць крывёю эканомікі. Летась на развіццё яе і сацыяльнай сферы раёна за кошт усіх крыніц фінансавання было выкарыстана 124,2 млрд рублёў інвестыцый. А што маем сёлета?

— Мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці застаюцца, як і раней, важнейшым накірункам захавання і нарошчвання эканамічнага патэнцыялу раёна. А прыцягненне інвестыцый садзейнічае безумоўнаму выкананню гэтай задачы.

За першае паўгоддзе бягучага года на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы за кошт усіх крыніц фінансавання выкарыстана 72510 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што ў супастаўных цэнах складае 123,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Будаўніча-мантажныя работы займаюць у агульным аб’ёме інвестыцый 72,2 працэнта, набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў – 15,6 працэнта. Па аб’ектах вытворчага прызначэння выкарыстана 53551 млн рублёў, ці 73,8 працэнта ад агульнага аб’ёму інвестыцый. У прамысловасць накіравана 3,2 працэнта іх ад агульнага аб’ёму, сельскую гаспадарку – 30, транспарт – 36,8, будаўніцтва – 2,7, жыллёва-камунальную гаспадарку – 25,5 працэнта.

На рэканструкцыю дзеючых прадпрыемстваў выкарыстана 29674 млн рублёў, будаўніцтва новых – 27880 млн.

Прадаўжалася работа па рэалізацыі наступных інвестыцыйных праектаў: рэканструкцыя філіяла “Бялыніцкі” ААТ “Бабуліна крынка”, дзе асвоена 1128 млн рублёў; мадэрнізацыя лініі вытворчасці абагачальніка кармоў бялкова-тлушчавых ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод” – асвоена 720 млн рублёў. Заўважу, што на будаўніцтве аграгарадка Іскра выкарыстана 1951,6 млн рублёў інвестыцый пры запланаваных на 2010 год 5049 мільёнах рублёў, што складае толькі 38,7 працэнта. Асноўная праблема – адсутнасць фінансавання на рамонт комплекснага прыёмнага пункта УКП “Бытпаслугі” і правядзенне бягучага рамонту вуліц. Пры гэтым, усе работы па будаўніцтве аграгарадка павінны быць завершаны ў лістападзе.

Сёлета распачалося будаўніцтва чатырох сучасных малочнатаварных ферм, працягваецца ўзвядзенне першай чаргі комплексу ў ААТ “Новая Друць”. На гэтыя мэты выдаткоўваецца звыш 74 млрд рублёў. Фермы павінны быць здадзены ў  эксплуатацыю да пачатку зімоўкі грамадскага статка жывёлы.

— Аляксандр Мікалаевіч, хоць наш раён і сельскагаспадарчы, але і прамысловы сектар у эканоміцы займае значнае месца. Колькі слоў аб тым, як спрацавалі калектывы нашых прамысловых прадпрыемстваў, назавіце найбольш праблемныя моманты іх дзейнасці.

— На гэтых прадпрыемствах выраблена прадукцыі ў дзейнічаючых цэнах на 2830 млн рублёў, а тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 122,8 працэнта пры прагнозе 108,5. Калектыў камбіната кааператыўнай прамысловасці забяспечыў тэмп росту вытворчасці прадукцыі на 109,1 працэнта пры прагнозе 104,5. Пры прагнозе 200 працэнтаў на пратэінавым заводзе тэмп росту склаў 263,7 працэнта. Ва УКП “Бытпаслугі” выраблена прадукцыі на 244 млн рублёў, тэмп росту – 112,4 працэнта пры прагнозе 112.

Пэўнай праблемай з’яўляецца скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі. У цэлым па прамысловых прадпрыемствах па стане на 1 ліпеня 2010 года яны складалі на суму ў 123 млн рублёў. Суадносіны іх запасаў і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў фактычных цэнах у студзені-чэрвені дасягнулі ўзроўню 26,1 працэнта. У тым ліку па прадпрыемствах, падпарадкаваных мясцовым Саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам, – 81,6 працэнта пры заданні 74.

Не забяспечана выкананне задання па скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод”: 109,4 працэнта пры заданні 84. На прадпрыемстве слаба працуе маркетынгавая служба, тут не выкарыстоўваюцца яшчэ магчымасці Беларускай універсальнай таварнай біржы, адсутнічае ўласны інтэрнэт-сайт. Гэтыя яўныя недапрацоўкі і аказваюць заводу мядзведжую паслугу па рэалізацыі выпушчанай прадукцыі.

— Пытанне адносна “кароткай коўдры, якую трэба дзяліць на ўсіх” – маю на ўвазе раённы бюджэт: ці склаўся паўгадавы план паступленняў, наколькі працэнтаў выкананы ён па расходах? Ці задальняе работа па эканоміі бюджэтных сродкаў і пазабюджэтная дзейнасць, якая праводзіцца ў арганізацыях, установах?

— План першага паўгоддзя 2010 года па паступленні ўласных даходаў у раённы бюджэт выкананы на 101,4 працэнта і на 49,5 працэнта да гадавога плана. Узровень датацыйнасці склаў 69,4 працэнта. Запазычанасці па плацяжах у бюджэт і пазабюджэтныя фонды ў цэлым па раёне па стану на 1 ліпеня адсутнічалі.

Бюджэт раёна па расходах за справаздачны перыяд выкананы на 104,8 працэнта, ці на 52,1 працэнта да гадавога плана. Асноўная доля расходаў прыпала на фінансаванне сацыяльнай сферы,         удзельная вага якіх у агульных расходах склала 71 працэнт. На фінансаванне галінаў мясцовай гаспадаркі было выдаткавана 21,4 працэнта сродкаў ад агульнага аб’ёму расходаў.

Што ж да работы па эканоміі бюджэтных сродкаў, скарачэнні бюджэтных расходаў, то агульная сума эканоміі склала 59438 тысяч рублёў. У тым ліку, па аддзелах адукацыі – 50798 тысяч рублёў і культуры – 3740 тысяч рублёў, ва ўстановах аховы здароўя – 4900 тысяч рублёў.

Аднак, гэтага на сённяшні дзень недастаткова. Трэба прымаць больш рашучыя і дзейсныя меры па эканоміі бюджэтных рэсурсаў, звяртаючы самую пільную ўвагу на пазабюджэтную дзейнасць.

За прамінулае паўгоддзе атрымана 682398,6 тысячы рублёў даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку 663561 тысячу рублёў установамі сацыяльнай сферы. Даход устаноў адукацыі ад пазабюджэтнай дзейнасці склаў 190581,2 тыс. руб., культуры – 183165 тысяч, фізкультуры – 67079,5 тыс., аховы здароўя – 190905,5 тыс., сацыяльнага забеспячэння – 31859,8 тысячы рублёў.

Вядома, і ў гэтай сферы дзейнасці маецца яшчэ многа рэзерваў і нявыкарыстаных магчымасцяў, ёсць шырокае поле для праяўлення гаспадарлівасці, прадпрымальніцтва і проста звычайнай кемлівасці. Пазабюджэтная дзейнасць – гэта і выдатная магчымасць для матэрыяльнага стымулявання працы, павелічэння заробкаў.

— І апошняе пытанне, якое лагічна выцякае з папярэдняга:  Аляксандр Мікалаевіч, вызначаны раёну паказчык па росце заработнай платы выкананы?

— Па выніках работы за першае паўгоддзе гэты паказчык не выкананы пяццю з 38 арганізацый.

Заўважу, што па выніках работы за пяць месяцаў гэтых арганізацый налічвалася сямнаццаць.

Такім чынам, дынаміка прысутнічае. Але яна кіраўніцтва раёна не можа задавальняць. У ліпені такіх арганізацый у нашым раёне наогул не павінна быць.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз
Ці падабаецца Вам, што сайт zara.by беларускамоўны?
  Так! Мне гэта падабаецца.
  Не! Лепш рабіць сайт на рускай мове.
  Мне ўсё роўна.