Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Грамадства
Нашчадкі памяць зберагаюць...
28.07.2010

У Бялынічах адбыўся ХІ абласны конкурс выканаўцаў маладзёжнай і патрыятычнай песні, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Леаніда Лорчанкі.

Традыцыя правядзення гэтага маладзёжнага фэсту зарадзілася яшчэ ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, аднак, у 2004-ым часова прыпынілася. І вось зноў на галоўнай сцэне Прыдруцкага краю сабраліся лепшыя выканаўцы Магілёўшчыны, у тым ліку і мясцовыя артысты: народны вакальны ансамбль “Бялыніца”, салісткі народнай эстраднай студыі “Колеры” Людміла Трусава і Вішоўскага Цэнтра творчасці і вольнага часу Алена Кандрашонак.

Перад пачаткам конкурсу ўдзельнікі яго ўсклалі кветкі да бюста Лёні Лорчанкі, што ўстаноўлены на Алеі Герояў, і на яго магілу, якая знаходзіцца на могілках у вёсцы Антонава Буда. Там жа прайшоў мітынг.

Праграма конкурсу патрыятычнай песні складалася з двух этапаў. У першы дзень выканаўцы, а іх у Бялынічы завітала каля 90 чалавек, праходзілі праслухоўванне. Песні яны спявалі выключна  патрыятычныя, у большасці – на беларускай мове. “Беларусь мая”, “Бялявая, чарнявая”, “Рэчанька”, “Дзве сястры” і многія іншыя не пакінулі раўнадушнымі ні гледачоў, ні журы. У выніку, апошнія на чале з кампазітарам, мастацкім кіраўніком народнага духавога аркестра УА “Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя Рымскага-Корсакава” Генадзем Багамолавым абралі 16 выканаўцаў і мастацкіх калектываў, якія ў далейшым і падзялілі паміж сабой прызавыя месцы ў намінацыях: “Салісты-выканаўцы”, “Аўтары-выканаўцы”, “Вакальныя ансамблі”, «Калектывы малых форм». Пераможцамі конкурсу сталі: спявачка Вольга Максімава, дуэт Дзяніса Леаненка і Аляксандра Селіванава, ансамбль “Бялыніца” раённага Цэнтра культуры. Яны ўзнагароджаны Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі райвыканкама.

Дыплом ІІІ ступені атрымала і яшчэ адна прадстаўніца Бялыніччыны – Алена Кандрашонак.

Гран-пры конкурсу заваявала спявачка з Бабруйска Маргарыта Халатава. Таленавітая выканаўца ўжо неаднаразова станавілася пераможцай шматлікіх конкурсаў. У прыватнасці, “Белазаўскі акорд-2006”, “Маладзечна-2009”, “Крымскі голуб-2010”, фіналісткай рэспубліканскага праекта “Галасы Беларусі”.

— Мне часта прыходзіцца прымаць удзел у розных музычных конкурсах, — дзеліцца ўражаннямі Маргарыта. – З вышыні свайго вопыту магу сказаць, што гэты конкурс прайшоў на даволі высокім арганізацыйным узроўні. Дастойна выступалі і выканаўцы. Сваёй перамогай я, канечне ж, вельмі задаволена: прыемна адчуваць сябе лепшай.

Са станоўчага боку выказаўся аб конкурсе і Генадзь Багамолаў. Выклікаў нараканне ў кампазітара толькі той факт, што маладыя спевакі, як кажуць, ідуць па пратаптанай сцежцы.

— У апошнія гады беларускімі аўтарамі напісаны вельмі многа добрых, шчырых і патрыятычных песень, – адзначыў Генадзь Іванавіч. – Аднак, выканаўцы чамусьці не спяшаюцца ўключаць іх у свой рэпертуар, аддаюць перавагу класіцы. Спадзяюся, што сітуацыя зменіцца. І на наступны раз мы пачуем з бялыніцкай сцэны новыя творы. 

Іна КАРАЛЁНАК.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз
Ці падабаецца Вам, што сайт zara.by беларускамоўны?
  Так! Мне гэта падабаецца.
  Не! Лепш рабіць сайт на рускай мове.
  Мне ўсё роўна.