Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Творчыя праекты / Дзівасіл / Актуальнае інтэрв\'ю. Лавіся, рыбка...
Актуальнае інтэрв\'ю. Лавіся, рыбка...

Ад аматараў рыбнай лоўлі ў рэдакцыю нярэдка паступаюць запыты наконт правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і магчымасцей лоўлі рыбы на вадаёмах раёна. За каментарыямі супрацоўнік рэдакцыі Васіль Дзеравяшка звярнуўся да начальніка дзяржаўнай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслава Хітрыкава.

— Скажыце, калі ласка, Вячаслаў Аркадзьевіч, на якіх вадаёмах у раёне можна лавіць рыбу?

— Хачу давесці да ўсіх аматараў такога захапляючага і найцікавейшага віду спорту, як рыбная лоўля, што на ўсіх, без выключэння, вадаёмах, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна, яны могуць спаўна задаволіць прагу атрымаць асалоду ад судакранання з жывой прыродай. Калі ласка, закідвайце вуды там, дзе вам падабаецца.

— Толькі вуды?

— Рыбаловам на вадаёмах раёна дазваляецца выкарыстоўваць для аматарскай лоўлі рыбы нахлыстовыя, паплаўковыя і донныя вуды ўсіх існуючых сістэм. Гэтак жа без абмежаванняў можна практыкаваць спінінгі, кружкі, дарожкі, жэрліцы. Калі ласка, пры падводным паляванні карыстайцеся адпаведнымі ружжамі ці пісталетамі. Сачкі і пад’ёмныя сеткі дазволены для лоўлі рыбы, якая выкарыстоўваецца ў якасці нажыўкі.

— А ці трэба ўносіць плату за аматарскую лоўлю рыбы?

— Пакуль што ні адзін арандатар вадаёмаў у раёне не мае права патрабаваць плату з рыбаловаў-аматараў. Таму адказ адназначны – аматарскае рыбалоўства ў раёне ажыццяўляецца бясплатна ў парадку агульнага карыстання.

— Паступаюць пытанні наконт існуючых абмежаванняў па аб’ёму вылаўленай рыбы.

— Каб кампетэнтна адказаць на гэтае пытанне, дазволю сабе працытаваць адпаведны пункт Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Тут сказана, што рыбаловам дазваляецца лоўля ў рыбалоўных угоддзях не больш пяці кілаграмаў рыбы на аднаго рыбалова ў суткі і адной рыбіны, калі агульная вага з улікам яе масы ў суме будзе перавышаць пяць кілаграмаў. Калі ж адразу трапілася рыбіна вагой пяць і болей кілаграмаў, то на гэтым рыбалку ў той дзень можна заканчваць. Лоўля ракаў – не больш 30 штук за суткі, прэснаводных крэветак – не больш аднаго кілаграма. Сачком ці пад’ёмнай сеткай у якасці нажыўкі для лоўлі іншых відаў рыбы дазваляецца адлоў не больш трыццаці жыўцоў на аднаго рыбалова ў суткі.

— У раёне рэгулярна праводзяцца спаборніцтвы па спартыўнаму рыбалоўству. Ці існуюць тут абмежаванні па колькасці злоўленай рыбы?

— Было б не лагічна іх устанаўліваць, бо пры гэтым губляецца спартыўны інтарэс. Калі ўмовы спаборніцтваў прадугледжваюць, то абмежаванні па колькасці (вазе) злоўленай рыбы не ўстанаўліваюцца. Праўда, за дзесяць дзён да пачатку спаборніцтваў іх арганізатары абавязаны паведаміць аб мерапрыемстве ў адпаведнае структурнае падраздзяленне дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— У Галоўчыне, Васільках і Вольніцы вадаёмы знаходзяцца пад юрысдыкцыяй арэндатараў. Туды ёсць доступ рыбаловам-аматарам?

— Безумоўна, ёсць. І пры гэтым зусім бясплатны. Справа ў тым, што ніводзін арандатар у раёне не мае ліцэнзіі на вядзенне рыбалоўнай гаспадаркі, ніхто з іх не ўзгадняў у райвыканкаме парадак рэалізацыі пуцёвак на платную аматарскую лоўлю рыбы. Таму, яшчэ раз паўтаруся, рыбаловам-аматарам паўсюдна – зялёнае святло.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз