Чацвер, 9.9.2010
№69 (9625) ад 04.09.2010
Творчыя праекты / Дзівасіл / Асцярожна: атрутны грыб!
Асцярожна: атрутны грыб!

Лепш не дабраць, чым паміраць

Яшчэ толькі-толькі наступіў разгар грыбнога сезону, а ахвяры “ціхага палявання” зарэгістраваныя ўжо ва ўсіх, без выключэння,  рэгіёнах Беларусі. На шчасце, наш раён гэтая бяда пакуль што не кранула – сёлета ніводнага выпадку атручвання грыбамі не адзначана.

Як пазбегнуць атручвання дарамі лесу? Па-першае, не трэба імкнуцца хутчэй напоўніць кошык, кладучы ў яго ўсё, што пад руку патрапіць. Лепш не дабраць грыбоў, чым потым ад іх паміраць. Па-другое, калі ўзнікае хоць малейшае сумненне ў якасці грыба, то лепш ад яго адмовіцца. Трэба памятаць, што ёсць грыбы-двайнікі: побач з пажыўнымі растуць падобныя на іх атрутныя экземпляры, якія могуць выклікаць сур’ёзныя, а іншы раз і смяротныя зыходы. Не заломвай рабіну не выспеўшы, не еш грыбоў не вызнаўшы – так папярэджвае нас вядомае выслоўе.

На жаль, некаторыя грыбнікі кладуць у кошык і чарвівыя дары лесу. Мяркуюць пры гэтым іншы раз наступным чынам: пакладу іх дома ў салёную ваду, чарвякі і павыпаўзаюць, апусцяцца на дно посуда. Яно і праўда. Але справа ў тым, што ў грыбах пры гэтым застаюцца атрутныя экскрэменты лічынак. Пашкоджаныя імі гніючыя грыбныя тканкі не менш атрутныя і небяспечныя, чым пратухлае мяса. Вось чаму чарвівы грыб – шкодная ежа. Кладзіце ў свае кошыкі толькі здаровыя грыбы. Няхай ураджай будзе сціплым, затое надзейным.

Трэба памятаць, што грыбы з’яўляюцца прадуктам, які хутка псуецца. Асабліва ў тым выпадку, калі яны сабраныя ў дажджлівае надвор’е. Сырыя грыбы рэкамендуецца захоўваць не больш 2-3 гадзін.

Перад тым, як гатаваць грыбы, іх належыць уважліва перабраць, ачысціць ад парэшткаў глебы, прыліплага смецця, лісцяў, вымыць праточнай вадой, затым прыступіць да далейшай перапрацоўкі. Самым надзейным і простым спосабам яе з’яўляецца іх сушка. Добра высушанымі яны могуць захоўвацца на працягу некалькіх гадоў, не губляючы пры гэтым сваёй пажыўнай каштоўнасці.

Трэба таксама памятаць, што купляць грыбы па-за рынкам і не пасартаваныя па іх відах вельмі рызыкоўна. Адвольныя месцы продажу, у асноўным, гэта абочыны шасейных дарог, лепш абыходзіць бокам, каб пазбегнуць спакусы. Праўда, асобныя пакупнікі спрабуюць праверыць радыяцыйны фон бытавым дазіметрам. Але давяраць гэтаму прыбору – сабе даражэй. Для дакладнай праверкі патрабуецца спецыяльнае абсталяванне, якое ёсць толькі ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы на рынках або ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Ала ІВУЛЁВА,
памочнік урача-гігіеніста раённага Цэнтра гігіены
і эпідэміялогіі.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз