Пятнiца, 10.9.2010
Пятнiца, 10.9.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Дзівасіл /
На мяжы цывілізацыі. Цэнтру гусь - не таварыш
На мяжы цывілізацыі. Цэнтру гусь - не таварыш
ЦЭНТРУ ГУСЬ — НЕ ТАВАРЫШ Калі еду ў рэдакцыю, то перш, чым сесці за руль аўтамабіля, доўга вычышчаю абутак аб дыванок, які спецыяльна важу ў багажніку. Раблю гэта не толькі дзеля таго, каб не забрудзіць салон – не магу сабе дазволіць, пакінуўшы на стаянцы аўтамабіль, ступаць па дагледжаным тратуары райцэнтра падэшвамі з наліплымі на іх характэрнымі фрагментамі маёй вуліцы. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна сам, выганяючы ў поле чатырох кароў, лічыў абсалютна нармальнай з’явай “ляпёшкі”, што пакідала жывёла пасярэдзіне вуліцы, пад брамкамі і вокнамі суседзяў. Але, нягледзячы на яўны дыскамфорт пры выхадзе з двара, вэрхалу вакол гэтай з’явы, якая, вядома ж, эстэтыкі і культуры вуліцы не прыбаўляла, ніхто асабліва не ўзнімаў. Усе мы з вёскі прыйшлі ў гарадскі пасёлак, які, у сваю чаргу, і сам пашыраецца, паглынаючы прылягаючыя вёскі з іх традыцыйным побытам. А цывілізацыя, як вядома, не стаіць на месцы, яна рухаецца з мацерыка на мацярык, з краіны ў краіну, з горада ў горад, з вуліцы ў вуліцу і нават ад дому да дому. Бялынічы не сталі выключэннем. Невыпадкова сярод малых гарадоў рэспублікі па ўзроўню знешняй культуры наш пасёлак прызнаны лепшым. Тым не менш, ніколі не пагаджуся, што статкі хатняй жывёлы, чародкі курэй і гусей, якія вольна разгульваюць па вуліцах райцэнтра, не перашкаджаюць наводзіць тут чысціню і парадак. Час ад часу нага чалавека абавязкова патрапляе на іх след, і тады нават прыхоплены з сабой дыванок не заўсёды выручае. Пры кожным прыватным домаўладанні ёсць прысядзібны зямельны надзел. Яго прызначэнне сфармулявана, на маю думку, дастаткова дакладна: для абслугоўвання жылога дома. Ніхто ж пакуль што не забараняе чалавеку задавальняць настальгію па вясковаму жыццю, разводзячы хатнюю жыўнасць. Для тых жа курэй, гусей ды індыкоў на 25 сотках заўсёды можна знайсці месца для вальера. Для казы ці авечкі таксама тут травы хопіць. Ёсць варыянты, каб трымаць нават карову або каня. Толькі ж не ва ўрон культуры роднага горада, не забруджваючы сцежак, па якіх мы ходзім. Не можа цывілізаваны чалавек, жыхар узорнага ў экалагічных адносінах пасёлка адчуваць сябе камфортна, калі ведае, што ў любы момант можа ў прамым сэнсе слова ўляпацца. Па шляху ў Цэнтр культуры, напрыклад. Калі ж гаспадар не здольны захоўваць належнае ўтрыманне хатняй жывёлы ці птушкі, то гэта, вядома, ужо яго асабістая праблема, вырашэнне якой прадугледжана ў адпаведных заканадаўчых і адміністратыўных дакументах. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 17 студзеня 2006 года № 31 “Аб узмацненні адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” прадугледжаны і адпаведныя штрафныя санкцыі. Праўда, ёсць і іншыя шляхі вырашэння праблемы. Навошта цясніцца з жывёлай у гарадскіх клетках, калі ёсць унікальныя магчымасці для развіцця фермерства? Для гэтай святой справы і сельгасугоддзі выдзяляюцца практычна без абмежаванняў, і нават пустуючыя жывёлагадоўчыя памяшканні былых калгасаў і саўгасаў прадастаўляюцца ў карыстанне фермерам па сімвалічнай цане. Мінуў той час, калі паросных свінаматак у зімовыя маразы гаспадары пасялялі ў хату, а куры выседжвалі куранят у запечку. Мяжа цывілізацыі ўшчыльную наблізілася да кожнага падворку, і гусь, які гуляе па вуліцы райцэнтра сам па сабе, — ніякая не экзотыка і, тым больш, — не гаспадарчая неабходнасць: гэта нічым не прыкрыты нахабны і прымітыўны выклік яе поступу. Васіль ДЗЕРАВЯШКА. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |