Пятнiца, 10.9.2010
№70 (9626) ад 08.09.2010
Творчыя праекты / Дзівасіл / Весткі з лясгаса
Весткі з лясгаса

БЯЛЫНІЦКІЯ ЛЕСАРУБЫ – ЛЕПШЫЯ Ў ВОБЛАСЦІ

Выявілася гэта на абласных занальных спаборніцтвах лясгасаў, што днямі прайшлі ў Чэрыкаве. Вальшчыкі лесу з Бялыніцкага лясгаса занялі першае месца. Каманды з Магілёва і Чэрыкава адпаведна аказаліся на другім і трэцім месцах.

У асабістым заліку лепшым стаў ляснік Цяхцінскага лясніцтва Сяргей Плехаў. Яго калега з Кіраўскага лясніцтва Сяргей Бародзіч – на другім месцы.

            
ЦЯЖКА Ў ВУЧОБЕ – ЛЁГКА Ў СПАБОРНІЦТВАХ

Пад непасрэдным кантролем галоўнага ляснічага лясгаса Сяргея Каваленкі ва ўсіх лясніцтвах праводзіцца вучоба работнікаў лесу па самых розных тэмах. Вось і на гэты раз на базе Кіраўскага лясніцтва вучні Сяргея Уладзіміравіча дэманстравалі сваё майстэрства ў павальванні дрэў, абразанні сукоў, мантажы ланцужка бензапілы, распілоўцы дрэў камбінаваным рэзам, дакладным пілаванні. Найлепшы вынік, які вымяраецца 1509 баламі, прадэманстраваў начальнік лесагадавальніка пры Цяхцінскім лясніцтве Анатоль Баранаў. Загадам па лясгасу Анатоль Васільевіч заахвочаны Ганаровай граматай і грашовай прэміяй у суме 400000 рублёў.

Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 39 работнікаў лесу з дзевяці лясніцтваў, члены лесанарыхтоўчай брыгады, дэлегацыі  з Клічаўскага, Быхаўскага і Магілёўскага лясгасаў.

ПЛЮС – МІНУС ДА ПРЭМІІ

Нездавальняючая работа ляснічага Асавецкага лясніцтва Аляксандра Смольскага па арганізацыі вучобы ў калектыве адзначана ў загадзе в.а. дырэктара лясгаса Сяргея Каваленкі. Пазбаўленне яго 30 працэнтаў прэміі па ахове лесу за чэрвень – заканамерны вынік бяздзейнасці Аляксандра Валянцінавіча.

А вось калектывы Цяхцінскага, Кіраўскага і Бялыніцкага лясніцтваў, дакладней, іх каманды на спаборніцтвах, наадварот – заахвочаны Ганаровымі граматамі, бензапілой, грашовымі прэміямі.

НЯПЛАНАВАЯ АТЭСТАЦЫЯ

Праца вальшчыка лесу не толькі даволі складаная, але і ў пэўнай меры небяспечная. Яна патрабуе ад кожнага рабочага высокай кваліфікацыі і дысцыпліны. Менавіта з гэтай мэтай лясгас праводзіць дадатковую, няпланавую, атэстацыю пяці вальшчыкаў лесу з чатырох лясніцтваў. А неабходнасць у іх пераатэстацыі ўзнікла пасля праведзенага агляду прафесіянальнага майстэрства на раённых спаборніцтвах. Сапраўды ж, няма мяжы дасканаласці...

Васіль ДЗЕРАВЯШКА.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз