Субота, 19.5.2012
№36 (9796) ад 16.05.2012
Творчыя праекты / Бялыніччына літаратурная / Малітоўнаю матчынай мовай
Малітоўнаю матчынай мовай

Змітрок МАРОЗАЎ (Дзмітрый Дзмітрыевіч Марозаў) нарадзіўся 30 верасня 1953 года ў пасёлку Язбы Крупскага раёна.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў на Бялыніччыне аграномам, у райкаме камсамола, а потым – у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, зараз – у Міністэрстве гандлю.

Напісаў першы ў еўрапейскай літаратуры вянок вянкоў санетаў “Апакаліпсіс душы” (1990).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1988), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995), рэспубліканскай прэміі “Залаты Купідон” (2006).

Аўтар кніг “Пад небам бусліным”. Мн., 1982; “Хлеб і памяць”. Мн., 1988; “Хлебны верасень”. Мн., 1988; “Азбука агранома Валошкі”. Мн., 1989; “Апакаліпсіс душы”. Мн., 1991; “Сын чалавечы”. Мн.,1993; “І скажуць унукі”. Мн., 1994; “Гронкі зорных суквеццяў”. Мн., 1998; “Акварэлі пачуцця”. Мн., 2000; “Вяртанне да цішыні”. Мн., 2006; “Малітоўнаю матчынай мовай”. Мн., 2008 і інш.

* * *
Задуменнасць восеньскага гаю,

Арабін даспелае святло...

Я ў сабе Радзіму адчуваю

І яе глыбіннае цяпло.

Тут мая адвечная прапіска,

Сярод гэтых пожняў і палёў,

Дзе бяроз лісцвяная калыска

Залюляла смутак жураўлёў.

* * *

Цісне час на сэрца гулкім прэсам.

Выбівае з рытму мітусня.

Адстае свядомасць ад прагрэсу,

І разрыў той большае штодня.

Асядлалі робаты арбіты,

Нам дыктуюць этыку жыцця,

А спагада, стаўшы дэфіцытам,

У куточку плача, як дзіця.

* * *

Мая калыска з той сасны,

Якая маці ўратавала...

Тры кулі – памяць той вайны –

Яна ў насоўцы захавала

І падала іх ціха мне

У дзень майго дваццацігоддзя...

Я абавязаны сасне

Жыццём да самых адыходзін.

* * *

Аляксандры, Марылі, Домны –

Сінь вачэй і пяшчота рук,

Беларусі маёй мадонны,

Мовай вольнаю гавару.

Цемрай ночы вам зрок калолі,

Не хапала вам днём святла,

Ды ніколі ў жыццёвым полі

Вы не сеялі зерне зла.

Падраслі непрыкметна ўнукі,

Кожны ў хаце – жаданы госць...

Я цалую бабулі рукі –

Пазірае мне ў твар маладосць.

* * *

Хрыста распялі на крыжы,

Спазналі пекла мы, здаецца,

Ды сувязь слова і душы

Для нас загадкай застаецца.

Ці ж не таму шумім штодня.

Нам на зямлі ўжо мала месца.

Усюды вэрхал, мітусня

І кроў нявінная ліецца.

У нашых душах немата,

Грахоў сваіх не адчуваем...

Ды зноў, як некалі Хрыста,

Павадыроў мы распінаем.

* * *

Калектыўна мы працуем,

Калектыўна п’ем, ядзім,

Калектыўна мы сачкуем,

Калектыўненька маўчым.

Калектыўна грошы робім,

Калектыўна трацім іх,

Калектыўна талент гробім,

Калектыўна б’ем слабых.

Калектыўна лічым страты,

Калектыўна ўдаль глядзім...

Хто ў правалах вінаваты?

Ну, вядома ж, я адзін!

З вянка вянкоў санетаў “Апакаліпсіс душы”

Вянок 15, 12 санет

Не заняволіць нас ніколі зло,

У полі ранак жнівеньскі вітаю,

Гадоў насенне жытам узрасло,

Прымі ж паклон мой, ніва залатая!

Я п’ю тваё радзіннае цяпло, —

Старонкі долі ў памяці гартаю...

Акрыленасць скарынаўскіх буслоў

Глыбока ў сэрца песняй западае.

Але шалее металічны рок,

І кволіцца паэзіі лісток,

Нібыта ў нас Купалы не было...

Не стане мова матчына ніколі

Прыслужваць чужароднай дзікай волі,

Пакуль жыве паэзіі святло.

Апошняе каханне

Маладая, прыгожая, гнуткая,

Міласэрнасцю Боскай спавітая,

Халадамі жыцця некранутая,

Для кахання і шчасця адкрытая.

Трапяткая, у ласцы пяшчотная,

Ты чакаеш мяне пад рабінаю,

Я хачу, каб часінай маркотнаю

Ты была са мной побач, адзіная.

Пакладу табе рукі на плечы я,

Зазірну ў твае вочы глыбінныя,

На планеце з табой мы не вечныя,

Ты – каханне маё лебядзінае.

Я баюся згубіць цябе, родная,

Ды калі нашы мары не збудуцца,

За цябе памалюся, пяшчотная,

За імгненні, што век не забудуцца.

* * *

Тры словы я табе сказаў,

Што ў сэрцы выспеліў пакутна.

Як разняволена-раскута

Тры словы я табе сказаў!

Усю душу я ў іх уклаў,

Усё, што меў і ўсё, што маю...

Тры словы я табе сказаў.

Ты чуеш, я цябе кахаю!

* * *

Калі размаўляюць вочы,

Заўсёды нямеюць словы.

І часам адзіны позірк

Каштуе паэмы цэлай.

Таму са сваёй каханай

Заўжды гавару вачамі,

А попел жывых пачуццяў

Нямой аддаю паперы.

* * *

З ласінага следу нап’юся,

Да роднай сасны прытулюся,

Паслухаю бор векавы.

Мядовыя слёзы жывіцы,

Карэнне, трава і грыбніцы

На вернасць сцвярджаюць правы.

Мая баравая краіна,

Прымі свайго блуднага сына,

Як роўнага тут прапішы

Да соснаў сваіх вечаровых,

Да сцежак грыбных, верасовых,

Дзе неруш пасуць мурашы...

І наледзь адтае ў душы!

* * *

Я не твая і ты не мой.

Але скажы, якая сіла

Маю душу з тваёй душой

Кахання мовай заручыла?

Так, ты не мой, я не твая,

І ты мяне амаль не знаеш,

Але чаму чакаю я,

Калі мяне ты не чакаеш?

Магчыма, сёння ты з другой,

Ды прадчуваю час жаданы,

Калі ты скажаш мне:

“Я твой ...”

І нарачэш сваёй каханай.

* * *

Косіць месяц атаву ўгары,

Атрасаючы зорныя росы...

Пацішэлі мае вечары

Ды вышэйшымі сталі нябёсы.

Пэўна, спеласці час надышоў.

Слова кожнае ўзважыць імкнуся.

Не шкада мне былых вечароў,

Стрэць наступныя я не баюся.

І пакуль не патухла ў душы

Пачуццё чалавечай любові,

Пажадаю вам гэткай цішы,

Каб нябеснае чулася ў слове.

* * *

Спявала песню аб вясне

Мая сівая маці...

Матыў забыты, як у сне,

Плыў па бацькоўскай хаце.

І ён запаланіў мяне,

З ім я істотай зліўся...

Спявала маці аб вясне –

Зноў я на свет з’явіўся.

* * *

Малітоўнаю матчынай мовай Немач думкі.

Расхрыстанасць слова...

Я спакою ў нябёс не прашу,

Малітоўнаю матчынай мовай

Ачышчаю ад цвілі душу.

Пакланюся раллі вечаровай,

“Дзякуй”, — моўлю спатнеламу дню...

Малітоўнаю матчынай мовай

Я нашчадкаў ад зла бараню.

Ад брыды, што да пены ружовай

Род аплёўвае, Веру маю...

Малітоўнаю матчынай мовай

Я хрышчоны... На тым і стаю!

* * *

Імжыстым восеньскім світаннем

Самотная шэрая птушка

Пагрукалася да мяне ў шыбіну акна...

Трэба неадкладна пазваніць маці.

* * *

Маёвай ноччу на выгодзе,

Сярод аблокаў белых крон

Спяваў ён светлы гімн прыродзе

З маёй душою ва ўнісон.

Але, калі я набліжаўся

На крок малы да шлюбных груш, —

Ён замаўкаў, нібы баяўся

Парушыць фальшам роднасць душ.

* * *

Нас душы продкаў зберагаюць,

Ды мы не чуем іх ані...

У марных клопатах згасаюць

Мае пачуцці, думкі, дні.

А сэрцу хочацца палёту,

Святла, кахання, адкрыцця...

Гадоў пражытых пазалота

Ад сну не будзіць пачуцця.

У чаканні Божага прысуду

Так рэшту дзён пражыць хачу:

Аб тым, што знаў, крычаць не буду,

Аб тым, што помню, — прамаўчу.

* * *

То губляем сябе, то знаходзiм,

Нам чагосьцi ўвесь час не стае...

Толькi раз на зямлю мы прыходзiм,

Толькi раз пакiдаем яе.

Вось чаму цеплыню свайго сэрца

Я iмкнуся да донца аддаць...

Нас не будзе, жыццё застанецца,

Для жывых будуць птушкi спяваць.

Храм

Я збудаваў свой храм са слоў прыгожых,

Нiбы з цаглiн, апаленых агнём...

Было ў тым храме вусцiшна i гожа

Завейнай ноччу, навальнiчным днём.

Свае пачуццi, мары i памкненнi

За сцены храма я не адпускаў,

А слухаў толькi музыку натхнення,

На мiтусню ж увагi не звяртаў.

Але аднойчы ноччу Шляхам Млечным

Сышоў, як прывiд, старац да мяне.

«Твой храм — турма, а ты ў iм — вязень вечны»,—

Пачуў я цiхi голас, як у сне.

«Зямлi ты зрокся, чалавеча мiлы,

Не чуеш стогнаў гоняў i бароў.

Каму касiць? Каму араць? З магiлаў

Ты не падымеш песняй плугароў».

Быў гэты вырак, як пад сэрца ножык,

Як перуновы стрэл сярод зiмы...

Я зруйнаваў свой храм са слоў прыгожых

І абрабiў пад жыта дол нямы.

Рунець яму цiхмяным днём асеннiм,

Шаптацца жыту з ветрам веснавым...

Мае ж пачуццi, мроi i памкненнi

Над iм паплачуць дожджыкам жывым.

* * *

Каля разлапiстай сасны

Пасля будзённых спраў

Збiраю я грыбныя сны,

Паданнi мудрых траў.

Чабору цёплае святло,

Сунiчны пах вятроў...

I ўсё, што згасла, адцвiло,

Хвалюе сэрца зноў.

Хведар Жычка, паэт: “Першы ў беларускай паэзіі вянок вянкоў санетаў напісаў Змітрок Марозаў – таленавіты паэт, які прыйшоў да высновы, што адлюстраваць усе супярэчнасці нашага неспакойнага часу, паўней выказаць трывогі, думкі і мары сучаснікаў можна толькі пры дапамозе гэтай складанай паэтычнай формы”.

Мікола Дзетліковіч, журналіст: “Тэмамі вершаў Змітрака Марозава з’яўляюцца праблемы сучаснай вёскі, праца хлебароба, ахова прыроды, наступствы чарнобыльскай бяды, захаванне гістарычнай спадчыны. Шмат вершаў ён прысвяціў адраджэнню беларускай культуры, мовы, нацыянальнай спадчыны і свядомасці. Акрамя вершаў Змітрок выдаў кнігу публіцыстыкі “І скажуць унукі”, дзве кнігі для дзяцей “Азбука агранома Валошкі”  і “Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі...”

Аляксандр Надсан, дырэктар бібліятэкі імя Францыска Скарыны (Лондан): “Я ўпэўнены, што нашыя чытачы, а сярод іх ёсць нямала небеларусаў, належна ацэняць паэзію Змітрака Марозава, асабліва яго ўнікальны вянок вянкоў санетаў “Апакаліпсіс душы”...”

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз