Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Мясцовы час / Дэпутат райсавета Уладзімір РАМАНЕНКА: “Мой жыццёвы прынцып: паабяцаў – выканай”
Дэпутат райсавета Уладзімір РАМАНЕНКА: “Мой жыццёвы прынцып: паабяцаў – выканай”

Дэпутат райсавета Уладзімір РАМАНЕНКА:
“Мой жыццёвы прынцып: паабяцаў – выканай”

У час адной з першых сустрэч са сваімі выбаршчыкамі да дэпутата райсавета па Галоўчынскай выбарчай акрузе Уладзіміра Раманенкі звярнуліся настаўнікі мясцовай школы.

— Калі можаце, дапамажыце, — папрасілі яны, — нашай настаўніцы Ганне Хрушчовай атрымаць жыллё. Яна адна гадуе двух малых дзетак, з якімі жыве ў прышкольным інтэрнаце, дзе практычна адсутнічаюць належныя побытавыя ўмовы і зручнасці. Нялёгка ёй...

Нават няўзброеным вокам можна было пабачыць, што гэта праблема вельмі ўсхвалявала Уладзіміра Андрэевіча. Дэпутат крышачку павагаўся са сваім адказам, быццам штосьці пралічваючы ў думках, а затым упэўненым голасам прамовіў:

— Абавязкова дапамагу. Будзе жыць Ганна Якаўлеўна са сваімі дзеткамі ў новым катэджы.

Па тварах прысутных выразна чыталася, што некаторыя з іх аднесліся да абяцання свайго дэпутата са значнай доляй скепсісу. Маўляў, сказаць лёгка, а як рэальна вырашыць такую балючую для сям’і вясковай настаўніцы праблему?

Магчымасць выдзеліць настаўніцы адзін з новых катэджаў, якія, дарэчы, і ўзводзілі ў Галоўчыне падначаленыя У. А. Раманенкі, у праўлення тагачаснага СВК “Калгас “Наша Перамога” была. Але яно чамусьці марудзіла са сваім рашэннем, спасылаючыся на магчымы прыток у сельгаскааператыў рабочай сілы.

Застаецца толькі здагадвацца, колькі часу і нерваў патраціў дэпутат Уладзімір Раманенка, каб выканаць дадзенае настаўнікам школы слова.

Для сям’і галоўчынскага педагога Ганны Хрушчовай сёлетні жнівень аказаўся, мабыць, больш чым знамянальным: яна атрымала ключы ад катэджа і паверыла ў сілу, магчымасці і нераўнадушнасць да людскіх праблем свайго дэпутата.

Уладзімір Раманенка выканаў тое, што паабяцаў.

Магчыма, хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, падумае: адзін факт – яшчэ не сістэма.

На гэта мушу адказаць словамі самога Уладзіміра Андрэевіча, якія ён прамовіў падчас самай першай сваёй сустрэчы з выбаршчыкамі: “Мой жыццёвы прынцып: паабяцаў – выканай”. 

І ён яго пастаянна прытрымліваецца. Аўтар гэтых радкоў, да слова сказаць, нядаўна быў сведкам прынцыповасці, клопату пра жыццё вяскоўцаў У. Раманенкі, калі зацвярджаўся пашпарт аграгарадка Галоўчын. Тады Уладзімір Андрэевіч, актыўна настойваючы на ўнясенні пэўных змен у гэты дакумент, трымаў, мусіць, на ўвазе звароты да яго галоўчынцаў, якія прасілі аказаць садзейнічанне і дапамогу ў добраўпарадкаванні школьнага стадыёна і рамонце навучальнай установы, пабудове Дома культуры, узвядзенні адкрытай танцавальнай пляцоўкі...

Значыць, не забыўся, блізка прыняў да сэрца і прыкладае ўсе сілы, каб агучаныя жыхарамі старажытнага Галоўчына праблемы былі вырашаны: не сёння і зараз, дык заўтра – абавязкова.

Жаданне дапамагаць людзям, мне думаецца, натуральная і неад’емная ўласцівасць неспакойнага, дзейснага па характару Уладзіміра Раманенкі. Яго цвёрдая жыццёвая пазіцыя.

Яшчэ не прайшло нават і году яго дэпутацкай работы, але Уладзімір Андрэевіч ужо нямала зрабіў для галоўчынцаў і Галоўчына.

— Выдзеліў штакетнік, брус і дошкі, — пералічвае старшыня мясцовага сельсавета Віктар Салянюк. – І мы ўстанавілі 160 метраў вулічнай агароджы. Для падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года вымеркаваў цэмент, дошкі, іншы патрэбны матэрыял. Пасля нядаўняга бурану на ліквідацыі яго наступстваў некалькі дзён працавала тут пээмкоўская брыгада з дзвюма бензапіламі і кран... Словам, вялікія і малыя добрыя справы нашага дэпутата можна пералічваць і пералічваць.

А мне, слухаючы гэта, падумалася: усё ж такі пашанцавала галоўчынцам са сваім дэпутатам раённага Савета.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз