Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Мясцовы час /
Бюджэт сельсавета
Бюджэт сельсавета
Каб зарабляць, трэба не толькі думаць, але і варушыцца Усялякі бюджэт уяўляе сабой усім вядомы мех, які колькі не напаўняй, але, што называецца, пад завязку ніколі поўным ён не будзе. З другога боку, грошы альбо ёсць, альбо няма, і яшчэ аніхто ніколі не сказаў, што мае іх у дастатковай колькасці. У поўнай меры сказанае адносіцца і да сельсавецкага бюджэту. Як адзначыў на адной з чарговых нарад старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Гузнякоў, у адпаведнасці з прэзідэнцкім Указам № 21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”, які ўступіў у сілу напачатку бягучага года, існуе шаснаццаць законных крыніц фарміравання бюджэту Саветаў пярвічнага ўзроўню. Сельсаветы, такім чынам, атрымалі рэальную магчымасць праз уласную кемлівасць і нераўнадушнасць зарабляць значныя грашовыя сродкі. Вядомы Указ, вобразна кажучы, нацэлены, у тым ліку і ў справе пошуку крыніц фінансавання, на змену самой псіхалогіі кіраўніка сельсавета: галоўным жыццёвым правілам для яго цяпер павінна стаць не “дай” ці “выдзелі”, а “заробім самі”. Для многіх сельсаветаў нашага раёна адной з важных крыніц папаўнення бюджэту стаў збор з нарыхтоўшчыкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, лекавых траў, грыбоў, дзікарослых пладоў і ягад. Канкрэтна, у разрэзе сельсаветаў: Вішоўскі – 147600 рублёў, Галоўчынскі – 45800, Запольскі – 5409400, Ланькаўскі – 362300, Лебядзянкаўскі – 2184900, Машчаніцкі – 2881800, Цяхцінскі – 7128700 і Эсьмонскі – 1954600 рублёў. Як бачна, дзе густа, а дзе і зусім пуста. Відавочна, што на гэтыя сумы збору ў значнай ступені паўплываў арэал распаўсюджвання саміх дарункаў прыроды. Безумоўна, ні Галоўчынскі, ні Вішоўскі сельсаветы ў гэтым выпадку не ідуць ані ў якое параўнанне, скажам, з Эсьмонскім. Але ж, думаецца, прыродныя патэнцыяльныя магчымасці таго ж Эсьмонскага сельсавета ні ў чым не саступаюць, для прыкладу, Цяхцінскаму ці Запольскаму. А вось атрыманыя імі сумы збору з нарыхтоўшчыкаў вельмі ўжо розняцца. Значыць, ёсць рэзервы, існуюць яшчэ не задзейнічаныя, як след, магчымасці. Афіцыйна закупкай дзікарослай прадукцыі сёлета на Бялыніччыне займаліся райпа, Гродзенская фірма “МОКО”, ААТ “Бери – Трейд” з Мінска, ІПУПТ “АВИ” В. Жыткаўскаса і, здаецца, шэсць мясцовых прыватных прадпрымальнікаў. Безумоўнае лідэрства па закупцы дарункаў прыроды, беручы пад увагу агульную суму сплочанага збору, займае ІПУПТ “АВИ” В. Жыткаўскаса, дзякуючы якому бюджэты сельсаветаў у цэлым папоўніліся больш, як на 10 мільёнаў рублёў. У тым ліку, у бюджэт, напрыклад, Запольскага сельсавета гэта прадпрыемства пералічыла ў якасці збору за нарыхтоўку дзікарослых пладоў і ягад больш за 2,5 мільёна рублёў, Цяхцінскага – 5 мільёнаў 688 тысяч 705 рублёў. Аналагічныя пералічэнні раённага спажывецкага таварыства складаюць цвёрдую траціну ад агульнай сумы атрыманага сельсаветамі збору ад нарыхтоўшчыкаў, ці 6 мільёнаў рублёў. Зборы ААТ “Бери – Трейд” перавысілі два з паловай мільёна рублёў, якія паступілі на рахунак сельсаветаў. “Грошы вучымся зарабляць самі”, — тлумачыць выконваючая абавязкі старшыні Запольскага сельсавета Наталля ЮРКЕВІЧ. — Галоўнае ў працы з прадстаўнікамі фірм, якія займаюцца нарыхтоўкай дзікарослай прадукцыі, арганізаваць належны кантроль. На тэрыторыі нашага сельсавета падчас нарыхтоўчага сезону працавалі пяць кропак, дзе ажыццяўляўся прыём ягад, грыбоў. Іх работу мы пастаянна трымалі ў полі свайго зроку: правяралі, як прыёмшчыкі працуюць з уліковымі дакументамі, адсочвалі ход самой закупкі дарункаў лесу. Словам, выязджаць непасрэдна ў гэтыя кропкі даводзілася, бадай што, кожны дзень. Работнікі сельсавета таксама ўстанавілі добры кантакт як з самімі зборшчыкамі дзікарослай прадукцыі, так і з прыёмшчыкамі яе. Вельмі важна, што ў адпаведнасці з Указам № 21 сельвыканкам атрымаў права самастойна распараджацца заробленымі сродкамі. Канешне, і раней мы на сесіі маглі прыняць нейкае рашэнне, але на выкананне яго трэба было прасіць грошы ў райвыканкаме. Цяпер гэта схема, з аднаго боку, спрасцілася. А з другога, неабходна самім шукаць крыніцы фінансавання, грошы для рэалізацыі нашых праектаў. Трэба варушыцца, зарабляць. І аніякіх перашкод для гэтага сёння не існуе. “Стражэйшы кантроль, больш сродкаў”, — падказвае начальнік раённай ІМПЗ Марына ВАДАДОХАВА. — Ягады, грыбы, лекавыя расліны – гэта багацце, якое знаходзіцца на тэрыторыі сельсаветаў. Зразумела, што і сродкі, атрыманыя ў якасці адпаведнага збору з нарыхтоўшчыкаў, павінны паступаць на рахункі мясцовых Саветаў. Прыняты Указ № 21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”, як мне думаецца, якраз і нацэльвае кіраўніцтва органаў мясцовага кіравання і самакіравання на актывізацыю работы па напаўненню бюджэтаў пярвічнага ўзроўню. У прыватнасці, гэтым Указам устаноўлена, што ў бюджэт сельсавета залічваецца збор з нарыхтоўшчыкаў сельгаспрадукцыі, лекавых траў, грыбоў, дзікарослых пладоў і ягад, які дагэтуль пералічваўся ў раённы бюджэт. А велічыня сумы гэтых паступленняў напрамую і непасрэдна залежыць ад увішнасці кіраўнікоў і работнікаў сельсаветаў, дэпутатаў, стараст, саміх вяскоўцаў, якія павінны арганізаваць кантроль за ходам закупкі дзікарослай прадукцыі. Усе яны непасрэдна зацікаўлены ў арганізацыі належнага кантролю, бо гэта – іхнія грошы. Іншымі словамі: чым стражэйшы кантроль, тым больш будзе і сродкаў. Мне думаецца, што было б нядрэнна, каб хто-небудзь з бялыніцкіх прадпрымальнікаў заняўся і перапрацоўкай дзікарослай прадукцыі – тых жа грыбоў, ягад. Выдатна разумею, што для гэтага патрэбны інвестыцыі, значныя сродкі. Але, як сведчыць само жыццё, справа гэта выгадная, прыбытковая. Міхась КАРПЕЧАНКА. (нумар ад 17.11.07) |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |