Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Мясцовы час /
Буднi сельсаветаў
Буднi сельсаветаў
БУДНІ СЕЛЬСАВЕТАЎ МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА ПАЛЯПШАЕЦЦА За апошні час значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база сельсаветаў. У сваю чаргу, гэта актыўна садзейнічае аператыўнасці іх дзейнасці, мабільнасці, выніковасці ў рабоце. Як стала вядома рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю”, Галоўчынскаму і Машчаніцкаму сельсаветам днямі выдзелены новыя службовыя аўтамабілі “Лада 21070”. Варта адзначыць, што зараз усе сельсаветы маюць у сваім распараджэнні службовыя легкавікі. Пагэтаму можна меркаваць, што новыя аўтамашыны атрымалі названыя сельсаветы ў якасці заахвочвання. НОВЫЯ КРЫНІЦЫ ПАСТУПЛЕННЯ СРОДКАЎ Работнікі Цяхцінскага сельсавета актыўна працуюць над пошукам новых крыніц паступленняў сродкаў у даходную частку бюджэту. Толькі каля мільёна рублёў падаткаў ужо “зарабіў” сельсавет, працуючы з фірмамі, якія займаюцца закупкай на тэрыторыі Савета дарункаў прыроды – ягад і грыбоў. Цяпер на цэнтральнай сядзібе ААТ “Новая Друць” па ініцыятыве сельсавета абсталёўваецца і добраўпарадкоўваецца міні-рынак. Гандлёвыя месцы яго будуць здавацца ў арэнду індывідуальным прадпрымальнікам, якія рэгулярна наведваюцца з таварам у Цяхцін. ВУЧОБА – ПАСТАЯННЫ СПЕКТР Без авалодання сучаснымі метадамі працы, сучасным мысленнем немагчымы рух наперад. І гэта адносіцца да ўсіх, без выключэння, сфер дзейнасці чалавека. Вучацца жыць і працаваць у сучасных умовах, па-новаму і старшыні сельсаветаў. І адной з форм такой вучобы з’яўляецца, напрыклад, пастаянны ўдзел іх у рабоце сесій абласнога Савета дэпутатаў. Вось і нядаўна прынялі ўдзел у рабоце чарговай, чацвёртай, сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць пятага склікання старшыні Машчаніцкага, Эсьмонскага і Лебядзянкаўскага сельсаветаў, адпаведна, Аляксандр Шчацінка, Алег Салавей і Пётр Бялоў. На ёй, да слова сказаць, зацвярджаліся абласныя праграмы “Якасць” і забеспячэння санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва, тэрмін рэалізацыі якіх разлічаны да 2010 года, а таксама прааналізаваны ход выканання праграмы “Чыстая вада”. Думаецца, што ў такой рабочай абстаноўцы шліфуецца прафесійнае майстэрства кіраўнікоў сельсаветаў, будуецца іх узаемадзеянне з дэпутатамі абласнога Савета, накопліваецца ўласны вопыт. ГРАМАДСКАЕ САМАКІРАВАННЕ Першы і самы надзейны памочнік Сельсавет з’яўляецца самым набліжаным да людзей органам мясцовай прадстаўнічай і выканаўчай улады. А вось стараста вёскі, ці ўпаўнаважаны, альбо старэйшына, які непасрэдна жыве сярод сваіх аднавяскоўцаў і дакладна ведае ўсе тыя праблемы і нязручнасці, што хвалююць людзей і кожнага канкрэтнага чалавека ў дадзены момант, — самы першы і самы галоўны памочнік і дарадца яе. Вядома, далёка не кожнаму аднавяскоўцы давяраюць быць іх прадстаўніком. Як правіла, на гэту грамадскую пасаду выбіраюць найбольш аўтарытэтных, найбольш дзеяздольных і актыўных. Безумоўна, як, напрыклад, няма ў лесе аднолькава роўных дрэў, так і старасты кожны па-рознаму адносяцца да выканання свайго грамадскага абавязку. Гэту неспакойную пасаду быць сваім прадстаўніком жыхары Дручан даверылі Віталю Уладзіміравічу ўжо ў другі раз. І ён сёмы год запар сваімі штодзённымі справамі імкнецца апраўдваць давер аднавяскоўцаў, якія ў асноўным з’яўляюцца пенсіянерамі, людзьмі хворымі і нямоглымі. А кола бягучых клопатаў старасты Дручан Віталя Сушыцкага вызначаюць жыццё і побыт яго аднавяскоўцаў. У снежныя зімы ён, бадай, ці не самым першым турбуе сельсавет і дырэкцыю саўгаса, каб расчысцілі вясковыя вуліцы. Пастаянна сочыць, каб каля сядзіб іх уладальнікі падтрымлівалі чысціню і парадак, не разводзілі несанкцыяніраваныя сметніцы. Заўсёды своечасова інфармуе іх аб зменах у заканадаўстве, расказвае аб прынятых рашэннях сельсавета, райсавета, райвыканкама... У полі зроку сваёй увагі Віталь Сушыцкі трымае і работу аўталаўкі, якая абслугоўвае жыхароў Дручан, паколькі каля году мясцовы магазін знаходзіцца на замку. Няма прадаўца. Безумоўна, аднаўленне работы вясковага магазіна – таксама яшчэ адзін нялегкі і няпросты клопат старасты. Свой аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў, працаўнікоў УКСП “Саўгас “Падзевічы” Віталь Сушыцкі заваяваў даўно: калі яшчэ шчыраваў трактарыстам у гаспадарцы. Добрасумленная праца, гаспадарскія адносіны да зямлі і тэхнікі заўсёды выводзілі яго ў лік перадавікоў. Выйшаўшы на пенсію, Віталь Уладзіміравіч не схаваў у сваёй душы актыўную грамадскую пазіцыю і прынцыповасць, прысвяціўшы сябе інтарэсам жыцця аднавяскоўцаў. Яўген РАДОЎСКІ, ЗАМЕСТ КАНВЕРТА... E-MAIL Яшчэ да зусім нядаўняга часу самай галоўнай і важнай офіснай тэхнікай у сельсаветах з’яўлялася пішучая машынка. Яе бераглі і ашчаджалі, бо, крый Божа, выйдзе са строю. Тады што рабіць? Каб надрукаваць даведку ці іншы дакумент, сакратару трэба бегчы ў школу ці ў праўленне калгаса або пісаць яго ад рукі. Цяпер – зусім іншая справа. Усе сельсаветы абсталяваны сучаснай аргтэхнікай і офіснай мэбляй. На замену пішучай машынцы прыйшоў камп’ютэр са сканерам, ксераксам і прынтарам. Ва ўсіх сельсавецкіх камп’ютэрах устаноўлены адмысловыя праграмы, якія дазваляюць весці пагаспадарчы ўлік, працаваць з дакументамі ЗАГСу, апрацоўваць іншую дакументацыю. Забяспечаны сельсаветы і электроннай версіяй нарматыўнай базы. У прыватнасці, праграмай “Агат”, якая дазваляе аператыўна працаваць з карткамі ўліку па адміністрацыйных правапарушэннях. Старшыні і сакратары паспяхова асвоілі навыкі работы ў Інтэрнэце, ахвотна карыстаюцца электроннай поштай. З другога боку, усе гэтыя новыя магчымасці сельсаветаў, у тым ліку і мажлівасць трымаць з імі сувязь праз E-mail, ці іншымі словамі – электронную пошту, выкарыстоўваюць многія арганізацыі і службы, і асабліва актыўна – спецыялісты землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна. — Камп’ютэрызацыя, — расказвае старшыня Вішоўскага сельсавета Наталля Галуза, — не толькі значна аблегчыла работу і асабліва ў сферы справаводства, вядзення дакументацыі і ўліку, але і ў некалькі разоў павялічыла аператыўнасць. Што надзвычай важна, паколькі мы цяпер працуем з грамадзянамі, многімі службамі і арганізацыямі па заяўляльнаму прынцыпу “адно акно”. Апроч гэтага, старшыні сельсаветаў забяспечаны службовымі мабільнымі тэлефонамі і ў кожным сельскім Савеце маецца службовы аўтамабіль. Зараз райсавет дэпутатаў сумесна з райвыканкамам займаюцца вырашэннем пытання аб стварэнні сумеснага сайту і размяшчэння яго ў сетцы Інтэрнэта, а таксама ўстанаўлення лакальнай электроннай сувязі з сельскімі Саветамі. (Наш кар.) РАМОНТ — У СКЛАДЧЫНУ І ПРЫ ДАПАМОЗЕ ШЭФАЎ Неўзабаве распачнецца рамонт будынка Вішоўскага сельсавета і добраўпарадкаванне прылеглай да яго тэрыторыі. Сродкі на правядзенне запланаванага аб’ёму работ, у тым ліку, выдзеляць і арандатары сельсавецкай плошчы – раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, філіял “Беларусбанка”, а таксама райспажыўтаварыства. Праўленні СВК “Калгас “Радзіма”, “Лебядзянка” і “Калгас імя Заслонава” паабяцалі вымеркаваць патрэбную колькасць лістоў шыферу для перакрыцця даху будынка. Апроч рамонту, будзе прыведзена ў належны выгляд і добраўпарадкавана прылеглая да яго тэрыторыя. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |