Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Творчыя праекты / Мясцовы час / Дэпутат - лагічнае прадаўжэнне выбаршчыка
Дэпутат - лагічнае прадаўжэнне выбаршчыка

Як вядома, на чацвёртай сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць пятага склікання было прынята рашэнне аб правядзенні ў першы аўторак кожнага месяца Дня дэпутата.

У першы аўторак лістапада карэспандэнту раёнкі давялося папрысутнічаць на сустрэчах дэпутата райсавета Кацярыны Бардачовай з жыхарамі вёскі Карманоўка Эсьмонскага сельсавета і дэпутатаў Лебядзянкаўскага сельсавета Сяргея Селядцова, Вольгі Севярынцавай і Леаніда Коршунава са сваімі выбаршчыкамі.

Свайго прадстаўніка ў складзе раённага Савета дэпутатаў К. М. Бардачову жыхары Карманоўкі чакалі прама на вуліцы. Не паспела Кацярына Міхайлаўна павітацца, як каржакаваты дзядзька распачаў свой маналог:

— Наша вёска — гэта, можна сказаць, суцэльная зона адпачынку. Тут стаяць лецішчы гараджан, на Карманоўскае возера, у лес і балота ахвотна выбіраюцца рыбакі, грыбнікі і ягаднікі. Многія з іх прыязджаюць сюды на аўтамабілях. Дык вось, уявіце сабе, імчацца яны, па-першае, праз вёску на вялікай хуткасці. Здараецца, што ад курэй толькі пер’е ва ўсе бакі ляціць. Страшна не толькі птушку выпускаць на двор, але і самому выходзіць на вуліцу, шырыня якой складае ўсяго шэсць метраў.

Кацярына Бардачова паабяцала скаргу жыхароў Карманоўкі адносна недысцыплінаваных вадзіцеляў данесці да кіраўніцтва аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі.

— Сумеснымі сіламі, — падсумавала дэпутат, — навядзем парадак і ў гэтым пытанні.

— Зіма наступае, — звярнуўся да К. Бардачовай і старшыні сельсавета А. Салаўя яшчэ адзін жыхар Карманоўкі. — Што будзе з вулічным асвятленнем нашай вёскі?

— Вуліцы асвятляцца будуць. Гэта адназначна, — адказала Кацярына Міхайлаўна. — Толькі святло ўжо не будзе ўпустую гарэць усю ноч. Як вы ведаеце, раён актыўна пераходзіць на ўкараненне энергазберагаючых тэхналогій ва ўсіх сферах жыццядзейнасці і вытворчасці. Зыходзячы з гэтай задачы, перагледжана і арганізацыя вулічнага асвятлення.

— На сродкі, атрыманыя ад падатку са зборшчыкаў дзікарастучых дарункаў прыроды, — дадае Алег Салавей, — мы закупілі лямпачкі і рэле часу. Праз пару дзён яны будуць устаноўлены ва ўсіх вёсках Савета, у тым ліку і ў вашай Карманоўцы. Праблем з асвятленнем вуліцы ў цёмны час сутак не будзе.

У ходзе гэтай гутаркі зноўку размова вярнулася да дачнікаў. Спачатку у словах некаторых карманоўцаў гучалі ноткі нават нейкага непрыняцця іх. Але ж з цягам часу, паразважаўшы сумесна, усе яны прыйшлі да наступнай высновы: мабыць, усё ж такі добра, што дачнікі выбіраюць для сябе Карманоўку. Вёска хоць не памрэ, не сатрэцца з твару зямлі. Захаваецца і яе назва, пэўныя важныя ў жыцці чалавека традыцыі.

Як патлумачыў Алег Салавей, зараз у Карманоўцы стала пражываюць усяго 26 чалавек. Адышлі ў нябыт такія паселішчы сельсавета, як Панізоў, Дзевашыцкі пасёлак і некаторыя іншыя. У шэрагу вёсачак цяпер жыве па аднаму-чатыры чалавекі. Усяго на тэрыторыі Эсьмонскага сельсавета на сёння пражываюць 1130 чалавек. І толькі каля 500 з іх знаходзяцца ў працаздольным узросце.

У ходзе Дня дэпутата жыхары Карманоўкі звярталі ўвагу К. М. Бардачовай, А. В. Салаўя на шэраг іншых пытанняў іх побыту. Практычна ўсе названыя праблемы былі, што называецца, вырашаны на месцы.

...У той жа самы дзень у Лебядзянкаўскай САШ праходзіў бацькоўскі сход. На яго і завіталі дэпутаты мясцовага сельсавета Сяргей Селядцоў, Вольга Севярынцава, Леанід Коршунаў, старшыня сельвыканкама Пётр Бялоў. Безумоўна, бацькоў вучняў найперш цікавілі менавіта пытанні, якія так ці інакш тычыліся іхніх дзяцей.

— З Чырвонай Слабады, — уключаецца ў размову жанчына, — ходзяць у школу сем дзяцей. Ёсць нават васьмігадовыя школьнікі. А вось абсталяванага аўтобуснага прыпынку няма. Куды дзецям, чакаючы аўтобуса, схавацца ад ветру, снегу і дажджу?

— Сельвыканкам, — тлумачыць Пётр Бялоў, — па гэтаму пытанню звяртаўся ў ДРБУ-170, на балансе якога знаходзіцца шаша. Адказ атрымалі несуцяшальны: прыпынак будаваць не будуць. У іх ёсць стандарт і яны вымушаны працаваць выключна ў поўнай адпаведнасці з ім.

— А давайце гэту праблему, — звяртаецца да бацькоў дэпутат і старшыня праўлення СВК “Лебядзянка” Сяргей Селядцоў, — вырашым па-іншаму. Сельгаскааператыў выдзеліць патрэбныя матэрыялы, а самі бацькі чырвонаслабадскіх школьнікаў у зручным месцы пабудуюць будку.

— Мы — згодныя, — адказалі бацькі.

Некалькі прысутных на сустрэчы з дэпутатамі жыхароў Лебядзянкі завастрылі ўвагу на дрэнным забеспячэнні вадой шэрагу кватэр, размешчаных на другіх паверхах.

Сяргей Селядцоў і Пётр Бялоў патлумачылі, што на днях спецыялісты БУКП “Жылкамгас” замянілі на больш магутную помпу на воданапорнай вежы, а таксама ліквідавалі парыў водаправода. Засталося толькі адрэгуляваць ціск вады такім чынам, каб не адбывалася пераліву яе на свідравіне і падавалася яна ў кватэры другіх паверхаў жылля.

Хвалявала многіх прысутных і арганізацыя асвятлення вуліц населеных пунктаў у цёмны час сутак. Старшыня сельсавета Пётр Бялоў патлумачыў, што за летні перыяд на вулічным асвятленні ўдалося зэканоміць Савету 18 мільёнаў рублёў.

Узімку вулічнае святло будзе гарэць толькі па вечарах і раніцах, дзеля чаго ўстаноўлена 20 рэле часу.

— Мы заключылі з камунгасам індывідуальныя дагаворы на вываз бытавых адходаў ад нашых сядзіб, — запытаўся адзін з прысутных на сходзе. — Чаму не арганізаваны вываз смецця да гэтага часу?

Пётр Бялоў патлумачыў, што сістэма ахопу цэнтралізаваным вывазам цвёрдых бытавых адходаў уводзіцца паступова. Яна ўжо дзейнічае ў Вішоўскім, Галоўчынскім, Цяхцінскім, Машчаніцкім сельсаветах. Бліжэй да Новага года яна, вобразна кажучы, прыйдзе і ў паселішчы Лебядзянкаўскага сельсавета. Зараз камунгас дзеля гэтых мэт набывае некалькі адзінак канверсійнай тэхнікі.

Дэпутат сельсавета, сацыяльны педагог Лебядзянкаўскай САШ Леанід Коршунаў звярнуў увагу бацькоў на тое, як іх дзеці праводзяць свой вольны вячэрні час. У час дыскатэк, што рэгулярна ладзяцца ў мясцовым Доме культуры, дзяжураць толькі адны настаўнікі. А бацькі — спяць. Хоць гэта справа не толькі агульная, але яна ў першую чаргу павінна хваляваць тат і маці школьнікаў. Некаторыя вучні, якім яшчэ не споўнілася 16 гадоў і не маюць правоў на кіраванне матацыклам, па вечарах гойсаюць на гэтай двухколавай тэхніцы па вуліцах. Так і да бяды недалёка. А бацькоў зусім не хвалюе, дзе і чым займаюцца іхнія сыны.

Спыніўся ў сваім звароце да бацькоў Леанід Дзмітрыевіч на праблемах і наступствах ужывання алкаголю. У тым ліку, і самімі дарослымі.

...Словам, сустрэча дэпутатаў з жыхарамі Карманоўкі і шэрагу вёсак Лебядзянкаўскага сельсавета адбылася шчырая, добразычлівая і ў пэўным сэнсе павучальная. Безумоўна, такія сустрэчы прыносяць карысць. Для ўсіх.

КАМЕНТАРЫЙ СТАРШЫНІ ЭСЬМОНСКАГА СЕЛЬСАВЕТА АЛЕГА САЛАЎЯ:

— Гэта выключна добрая справа, што ў раёне пачаў праводзіцца Дзень дэпутата. Падчас такіх сустрэч вяскоўцаў са сваімі дэпутатамі сельскіх і раённага Саветаў непасрэдна на месцы вырашаюцца многія праблемы іх жыццядзейнасці. У сваю чаргу, і дэпутаты, што называецца, маюць магчымасць пастаянна трымаць руку на пульсе жыцця населеных пунктаў, выбудоўваць трывалую і надзейную сувязь з выбаршчыкамі і сельвыканкамам.

Гэта традыцыя, што закладваецца зараз, мае добрае прадаўжэнне і прынясе свой належны плён.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

(нумар ад 14.11.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз