Чацвер, 9.9.2010
№69 (9625) ад 04.09.2010
Творчыя праекты / Мясцовы час / Справа ўпрыгожвае дэпутата
Справа ўпрыгожвае дэпутата

У апошні час аб эфектыўнасці работы мясцовых органаў улады праходзіць шмат маштабных дыскусій. І гэта ўпаўне натуральна, бо самую аб’ектыўную ацэнку дзейнасці як асобных дэпутатаў, так і Саветаў у цэлым дасць сам выбаршчык. Што ж зроблена за міжвыбарчы перыяд мясцовымі Саветамі на Бялыніччыне? Аб гэтым журналіст Васіль ДЗЕРАВЯШКА гутарыць са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем ГУЗНЯКОВЫМ.

— Нагадайце напачатку, Мікалай Аляксандравіч, колькі часу вы ўзначальваеце раённы Савет дэпутатаў?

— Больш трох гадоў. Лічу, што гэтага ўпаўне дастаткова для таго, каб мець пэўныя вынікі канкрэтнай работы.

— І якія ж яны?

— Спашлюся на факты і лічбы, якія амаль са статыстычнай дакладнасцю адлюстроўваюць зробленае мясцовымі органамі ўлады. За мінулыя тры гады пастаўлена агароджа вакол 43 грамадзянскіх могілак са 109, якія налічваюцца на тэрыторыі раёна. Дарэчы, агульная працягласць гэтай агароджы складае 10,5 кіламетра. Няцяжка таму ўявіць, які велізарны аб’ём работ быў праведзены старшынямі сельсаветаў, дэпутатамі пры садзейнічанні і падтрымцы арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Як вядома, спакон вякоў для жыхароў сельскіх населеных пунктаў вялікай праблемай была якасная пітная вада. А добрая вада – гэта, перш за ўсё, добраўпарадкаваны калодзеж. За справаздачны перыяд з наяўных 944 калодзежаў удалося ўзнавіць – 246. І гэта пры тым, што спецыялізаванай брыгады грабараў, якая б мела адпаведныя машыны і механізмы, пакуль што не створана.

У вёсках і на вуліцах райцэнтра, на могілках спілавана 1184 аварыйныя дрэвы, высечаны хмызняк. Больш трохсот трухлявых пабудоў адпраўлена ў печы кацельняў.

— Відаць, Мікалай Аляксандравіч, усе гэтыя карысныя мерапрыемствы праводзіліся не без удзелу дэпутатаў раённага Савета?

— Сапраўды, дэпутацкі корпус значна актывізаваў сваю работу. Рашэннем чарговай сесіі раённага Савета, напрыклад, зацвердзілі правядзенне Дня дэпутата, на якім выбаршчык непасрэдна выказвае свайму выбранніку ўсё, што думае аб яго рабоце, уносіць слушныя прапановы, робіць заўвагі і пажаданні.

Як вядома, вёска пусцее. Колькасць жыхароў у сельскай мясцовасці скарачаецца, і многія падворкі наогул застаюцца без гаспадароў. Нават абкошванне вуліц зрабілася праблемай. Таму на змену дзедаўскім “літоўкам” у сельсаветы закуплены маторныя косы. Набылі таксама і бензапілы. Гэта тэхніка вельмі дапамагае ў навядзенні парадку на зямлі.

550 мільёнаў выдзелена бюджэтам і асвоена на правядзенні капітальнага рамонту адміністрацыйных будынкаў Цяхцінскага, Вішоўскага, Ланькаўскага і Лебядзянкаўскага сельсаветаў. На чарзе – офіс Эсьмонскага сельвыканкама. Для пяці сельвыканкамаў набыты легкавыя аўтамашыны.

— Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” дае пэўныя паўнамоцтвы старастам вёсак, старшыням дамавых і вулічных камітэтаў па добраўпарадкаванні тэрыторый, цывілізаваным утрыманні месцаў пражывання людзей...

— На сённяшні дзень мясцовыя Саветы дэпутатаў на Бялыніччыне працуюць у цесным кантакце са 109 старастамі вёсак, 58 старшынямі вулічных і дамавых камітэтаў. І невыпадкова наш райцэнтр тры гады запар займае прызавыя месцы ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па санітарнай культуры і добраўпарадкаванні сярод малых гарадоў. Прыкладаў плённай работы старастаў нават у аддаленых вёсках можна прывесці нямала. Ініцыятыўнасцю і паслядоўнасцю ў правядзенні карысных мерапрыемстваў вызначаюцца Юрый Міхайлаў з в. Вольніца, Ганна Бучманава – в. Пільшычы, Васіль Цыркуноў – з аграгарадка Галоўчын і многія іншыя.

— Не сакрэт жа, што ўзровень жыцця людзей і эфектыўнасць вырашэння дэпутатамі надзённых пытанняў у многім залежаць ад папаўнення бюджэту. Як выглядае ён у сельсаветах?

— Бюджэт мясцовага Савета дэпутатаў складаецца, вядома, з крыніц папаўнення яго ўласнымі сродкамі і датацый з раённай казны. У цэлым уласныя сродкі складаюць прыкладна 60 працэнтаў, а ў Вішоўскім і Галоўчынскім сельсаветах – больш за 90.  На 30 мільёнаў рублёў, напрыклад, бюджэт Запольскага сельсавета папоўніўся летась падаткамі са збору з нарыхтоўшчыкаў дзікарослай прадукцыі. Між іншым, гэтыя сродкі былі выкарыстаны на абгароджванне грамадзянскіх могілак.

— Неўзабаве адбудуцца выбары новага дэпутацкага корпуса мясцовых Саветаў. Наколькі ж моцны і дзеяздольны яго патэнцыял?

— Думаецца, што выбаршчыкі за слабых кандыдатаў галасаваць не будуць, бо менавіта ад іх грамадзянскай пазіцыі, ад іх выбару ў значнай ступені будзе залежаць на бліжэйшы міжвыбарчы перыяд перспектыва сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Ніхто сам сабе не вораг, таму і спадзяюся, што новыя дэпутаты будуць працаваць гэтак жа плённа і самааддана. Тым больш, што перыяд эканамічнай рэцэсіі яшчэ не мінуў, і пры размеркаванні расходнай часткі бюджэту дэпутаты вымушаны ісці на секвестраванне фінансавання многіх важных праграм.

— Нягледзячы на ваш, Мікалай Аляксандравіч, вельмі аптымістычны і пазітыўны настрой ад бурлівай дзейнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў, нярэдка даводзіцца чуць прама супрацьлеглыя выказванні ад жыхароў раёна: маўляў, дэпутат – гэта пустое месца, чыстая фармальнасць, якая ў вертыкаль выканаўчай улады ніякім бокам нават не ўпісваецца.

— Плюралізм думак існаваў заўсёды. Сустракаюцца, вядома ж, і накшталт прыведзеных вамі. І часткова я згодзен з тым, што свой заканадаўчы і чыста грамадзянскі патэнцыял не ўсе дэпутаты накіроўваюць у патрэбнае русла.  Як адзначалася вышэй, далёка не ўсё яшчэ зроблена так, як таго патрабуе час. Тыя ж вёскі са сваімі калодзежамі, могілкамі, трухлявымі пабудовамі і аварыйнымі дрэвамі патрабуюць, без усялякага перабольшання, паўсядзённай карпатлівай працы і шматмільённых фінансавых затрат, каб можна было назваць іх добраўпарадкаванымі. І ніякі дэпутат у    адзіночку не вырашыць гэтую праблему. Працаваць плячо ў плячо дзеля нашай будучыні, дзеля таго, каб перадаць у спадчыну новаму пакаленню нашу бацькаўшчыну дагледжанай і прыбранай, павінны і скептыкі, і энтузіясты, і прадстаўнікі ўлады. Шлях у цывілізаваны свет ніколі не быў усыпаны ружамі, а наша бліжэйшая мэта – сапраўды еўрапейскі ўзровень жыцця. Менавіта зыходзячы з гэтага і варта задумацца над тым, хто ж з народных выбраннікаў здольны павесці за сабой выбаршчыкаў, згуртаваць іх на карысныя і маштабныя справы. І дай нам Бог не памыліцца ў сваім выбары!

ГРАМАДСКАЕ  САМАКІРАВАННЕ

Не ўмее быць раўнадушным чалавекам

Неяк адвячоркам у хату Святланы Ляньковай з вёскі Іскра нехта пастукаў.

— Заходзьце, калі ласка, дзверы адчынены, — адгукнулася гаспадыня. Праз парог пераступіла яе аднавяскоўка.

— Выручай, Ягораўна! Надзея толькі на цябе, — сказала, ледзь не плачучы.

— Што здарылася?

— Не працуе калонка каля майго дома, а камунальнікі і ў вус не дзьмуць, колькі да іх ні звярталася.

Назаўтра Святлана Лянькова патэлефанавала ў жылкамгас. Там ёй паабяцалі, што калонка будзе адрамантавана як толькі растане снег.

Увогуле ж, Святлана Ягораўна па меры магчымасцей і сіл стараецца дапамагчы кожнаму з іскраўчан, хто мае ў гэтым патрэбу. Сваімі штодзённымі справамі яна імкнецца апраўдваць іх давер: на вясковым сходзе ў 2005 годзе С.Лянькова аднагалосна была выбрана старастай. Вядома, далёка не кожнаму людзі давяраюць быць іх прадстаўніком. На гэту грамадскую пасаду яны выбіраюць самых аўтарытэтных, дзеяздольных і актыўных. Менавіта такой і з’яўляецца пенсіянерка Святлана Ягораўна. Дарэчы, яшчэ калі працавала спачатку бухгалтарам, а затым спецыялістам па ўліку і зборы плацяжоў у Ланькаўскім сельсавеце, да яе заўсёды звярталіся іскраўчане з просьбамі аформіць якую-небудзь даведку і прывезці яе, заплаціць падаткі і г.д. Што яна і рабіла з задавальненнем.

Па характару няўрымслівая, дбайная гаспадыня, Святлана Лянькова заўжды клапоціцца аб сваёй вёсцы і ўсіх, хто ў ёй пражывае. А гэта 273 чалавекі, з якіх 135 – непрацаздольныя. Святлана Ягораўна пастаянна сочыць, каб яны падтрымлівалі чысціню і парадак каля сваіх сядзіб, не разводзілі несанкцыяніраваныя сметнікі. Летась, напрыклад, яна сабрала аднавяскоўцаў і прапанавала ім разам ліквідаваць недазволеную звалку на вуліцы Паўднёвай. Ініцыятыва была падтрымана.

— Стараста вёскі Іскра Святлана Лянькова, — зазначае старшыня Ланькаўскага сельсавета Аляксандр Ляўковіч, — вельмі адказна адносіцца да выканання сваіх грамадскіх абавязкаў. Аб гэтым сведчыць яшчэ і вялікая растлумачальная і арганізацыйная работа, якую яна правяла сярод аднавяскоўцаў па ўкараненні цэнтралізаванай сістэмы збору бытавых адходаў. У выніку, уладальнікі іскраўскіх сядзіб заключылі адпаведныя дагаворы з дырэкцыяй БУКП “Жылкамгас”. Дарэчы, у нашым сельсавеце існуе даўняя традыцыя запрашаць стараст на сесіі. Дык вось, Святлана Лянькова не проста прысутнічае на іх, а і пастаянна бярэ слова: агучвае жыццёвыя праблемы аднавяскоўцаў, выказвае прапановы, дзеліцца вопытам…

— А ўсё таму, што не ўмею быць раўнадушным чалавекам, — прызнаецца Святлана Ягораўна. – І ведаеце, мне падабаецца жыць інтарэсамі сваіх аднавяскоўцаў.

Аб тым, што стараста добра спраўляецца з колам штодзённых клопатаў, сведчыць і тое, што ў раённым спаборніцтве сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання за мінулы год яна заняла другое месца.

Святлана ЦАЛАВАЛЬНІКАВА.

ВЫБАРЫ-2010

Датэрміновае галасаванне

У адпаведнасці з артыкулам 53 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь датэрміновае галасаванне праводзіцца не раней чым за 5 дзён да выбараў. Асобы, якія па розных прычынах не змогуць прагаласаваць 25 красавіка, маюць права зрабіць гэта, пачынаючы з 20 красавіка. Датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін толькі ў памяшканнях выбарчых участкаў. У адпаведнасці з артыкулам 54 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь асобы, якія па стану здароўя ці іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканні для галасавання, маюць права прагаласаваць па месцы свайго знаходжання. Для гэтага неабходна звярнуцца з вуснай ці пісьмовай просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання ва ўчастковую камісію ў любы час пасля яе стварэння, а ў дзень галасавання — не пазней чым за 2 гадзіны да заканчэння часу галасавання – да 18 гадзін.

Ірына Фурсава, старшыня раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання.

Пазіцыя кандыдатаў – наступальная

Кандыдаты ў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Міхалоўскай №17, Мічурынскай №6 і №7, а таксама Мінскай №10 выбарчых акругах сустрэліся са сваімі выбаршчыкамі ў мінулы чацвер у актавай зале СШ №2 г.п. Бялынічы. З вялікай цікавасцю прысутныя выслухалі праграмныя выступленні Алы Вяршылы і Святланы Патапчык, Аляксандра Калінкіна і Дзмітрыя Давыдава, Васіля Забаронка і Уладзіміра Адамовіча, Уладзіміра Котава і іншых патэнцыяльных народных абраннікаў.

На сустрэчы былі абмеркаваны надзённыя праблемы жыхароў участкаў, на якіх балатуюцца кандыдаты.

(Наш кар.)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз