Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Маладзік /
На сваiм месцы
На сваiм месцы
МАЛАДАЯ! ПРЫГОЖАЯ! ТАЛЕНАВІТАЯ! І гэта ўсё аб ёй: мастацкім кіраўніку народнага квартэта “Бялыніца” раённага Цэнтра культуры Юліі Козыравай. З самага дзяцінства побач з Юляй ішла песня. Яе маці працавала загадчыцай Дома культуры ў вёсцы Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, валодала надзвычай моцным і прыгожым голасам. Менавіта ад Людмілы Аляксандраўны і перадаліся Юлі талент і вялікая любоў да спеваў. Ужо ў пяцігадовым узросце яна разам з дарослымі выходзіла на сцэну мясцовага ачага культуры і па-заліхвацку зацягвала песеньку “Мілашкі – лялькі-неваляшкі”. Потым была вучоба ў музычнай школе па класу акардэона, удзел у шматлікіх конкурсах дзіцячай творчасці, дзе Юля амаль заўсёды станавілася дыпламанткай. Пасля заканчэння школы маладая дзяўчына пажадала і надалей працягваць займацца любімай справай: паступіла ў Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава на аддзяленне народнага хору. І хутка, дзякуючы сваёй упартасці і незвычайнай працаздольнасці, дзяўчына стала адной з лепшых вакалістак у навучальнай установе. Пасля заканчэння вучылішча малады спецыяліст была размеркавана ў наш раён. Юля была прызначына мастацкім кіраўніком дзіцячага фальклорнага ансамбля “Весялушкі”. Амаль адразу ж пасля ўладкавання на працу яна пачала ўдзельнічаць у розных конкурсах спевакоў. І небеспаспяхова. Зараз у кабінеце, які яна займае ў раённым Цэнтры культуры, уся шафа застаўлена ўзнагародамі. Сярод іх дыпломы першай ступені ў абласным конкурсе ваенна-патрыятычнай песні імя Героя Савецкага Саюза Леаніда Лорчанкі і першым рэспубліканскім фестывалі-конкурсе выканаўцаў беларускіх народных песень “Галасы Радзімы”, гран-пры на пятым абласным фестывалі патрыятычнай і аўтарскай песні “Юнацтва нашых бацькоў”. А зусім нядаўна дзяўчына стала ўладальніцай спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама за дасягненні ў сацыяльнай сферы за 2006 год. — Юлія Козырава з’яўляецца адной з самых таленавітых спявачак, якія сёння працуюць у раённым Цэнтры культуры, — адзначыла дырэктар РЦК Лідзія Грыневіч. – І мне вельмі прыемна, што яе дасягненні на творчай ніве былі адзначаны на такім высокім узроўні. Спадзяюся, што яна і надалей будзе радаваць сваіх слухачоў і калег новымі творчымі ідэямі і цікавымі кампазіцыямі. Як прызналася гераіня гэтага матэрыялу, напачатку сваёй працоўнай дзейнасці ў нашым раёне яна планавала з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства ў сталіцу або ў абласны цэнтр. Але лёс унёс свае карэктывы, і зараз дзяўчына ніколькі аб гэтым не шкадуе. На Бялыніччыне Юля сустрэла сваю другую палову і вось ужо два гады яна крочыць па жыцці разам з любімым мужам Анатолем, які заўсёды падтрымлівае і дапамагае рэалізоўваць усе яе творчыя задумы. Акрамя гэтага, тут яна знайшла і сапраўдных сяброў, якія не толькі падзеляць радасныя моманты ў жыцці, але і заўсёды прыйдуць на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Бягучы год для Юліі Козыравай стаў адметным і яшчэ на адну падзею: яна скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і зараз з’яўляецца спецыялістам вышэйшага ўзроўню. |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |