Пятнiца, 30.7.2010
№58 (9614) ад 28.07.2010
Кропка на карце раёна. Галоўчын

Наша газета яшчэ не адзін раз будзе звяртацца да гісторыі гэтага паселішча, якое сапраўды заслугоўвае вялікай увагі.

А зараз мы прапаноўваем увазе чытача ўрывак з гісторыка-мастацкага аповеду нашага земляка Леаніда Лужанкова “Праз сотні гадоў”.

Колькі слоў пра аўтара. Нарадзіўся Леанід Лужанкоў у 1938 годзе ў Нежкаве. Закончыў рачны тэхнікум, артылерыйскую школу, юрыдычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта.

Друкаваўся ў часопісах “Савецкая юстыцыя”, закрытых спецыяльных выданнях, у часопісе “Неман”. Зараз знаходзіцца на пенсіі, займаецца грамадскай працай.

ВУЛІЦЫ ГАЛОЎЧЫНА

Пералічым, колькі іх. Каля дзесятка. А назвы, якія захаваліся са старажытных часоў, кажуць аб сваёй гісторыі.

На самым версе круглага ўзгорка, які знаходзіцца ў цэнтры Галоўчына, цягнецца на два кіламетры Верхняя Спасаўшчына.

Гэта вуліца як бы цэнтральная – так задумана. Там стаялі гандлёвыя рады, магазіны, піўная лаўка, школа. Ці то па Божаму запавету, але аніякіх эксцэсаў на ёй не адбывалася, пажараў таксама, у адрозненне ад вуліцы Ракавічы, дамы на якой загараліся часта...

Калі была Верхняя, то павінна існаваць і Ніжняя Спасаўшчына. Працягнулася яна ўздоўж падножжа цэнтральнай узвышанасці паралельна Верхняй Спасаўшчыны і была такой жа даўжыні. Прыгожая і нібыта задуменная.

Гэткія ж і людзі – непаспешлівыя, спакойныя, сур’ёзныя. Тут большасць сем’яў – Буянавы, альбо іх яшчэ называлі Сашкавічы, па імені прапрадзеда Сашкі, які некалі паставіў хату ў ціхім месцы на развілцы дарог каля рэчачкі Рудзянка. Затым яго нашчадкі рассяляліся па вуліцы, і пайшла цэлая дынастыя.

Бліжэй да рэчкі стаялі невялікія кузні, іх было каля дзесяці. Працавалі весела. Ад каня падкаваць да цвікоў накляпаць. Вось былі сапраўдныя майстры, і разумелі ўласцівасць металу, і працавалі з душой ды агеньчыкам.

На супрацьлеглым узвышшы, уздоўж рачушкі, легла вуліца Гараншчына. Шырокая, прамая, светлая і нібыта цёплая, таму што першая асвятляецца сонцам.

Унізе туман, а на гары – бліскучая сінява і золата воблакаў. Людзі, якія тут жывуць, падобныя да сваёй вуліцы. На гары сядзець – далёка бачыць. Гэтым усё і сказана.

Праз дарогу, быццам у працяг Гараншчыны, вуліца Дубаўшчына. Што ж занатавана такой ёмкай назваю? Тое, што там дубовы гай больш за сто гадоў расце, ці людзі, як дубы, дужыя, паважаныя? А работнікі якія! Сямён на ўсё наваколле праславіўся як спецыяліст па знаходжанню вады і пабудове калодзежаў са смачнаю вадой. Піліп – лепшы сталяр, а Фама – патомны пчаляр...

Гэта вуліца цікавая яшчэ і тым, што на ёй жылі Граф, Пані і Капрал. Яны не крыўдзіліся, нават ганарыліся сваімі мянушкамі.

За рэчкай раскінулася вуліца Паліеўская, ад лесу да лесу. Там свае асаблівасці і захопленасці: рыбакі, пчаляры, лесаводы.

Дугападобна, абвіваючы ўзвышанасць ад цэнтра, працягнулася вуліца Чабатаршчына. Тут жылі майстры сталярнай справы, якія рабілі выдатныя бочкі, скрыні, цэбры, сальніцы і іншыя бандарныя вырабы. Дзед Грыцына такія карункі з дрэва «выплятаў», што іншая жанчына з нітак падобны ўзор не звяжа.

Гэта вуліца замыкала ўтвораны квадрат, які называўся Цвінтар.

...Не злічыць землякоў, якія пайшлі на вечны спачын. Вось магіла маці-гераіні Марыі – дванаццаць дзяцей вырасціла. Адзін хлопец, а астатнія – дзяўчаты-прыгажуні. Аніводная не засталася “ў дзеўках”.

Яна любіла пачынаць усялякую размову са свайго любімага: “Ху-га!”. Штосьці азначаў гэты выраз на яе мове і разуменні. Калі вяселле, яна казала гаспадарам:”Ху-га, управяцца і ўсе прыйдуць”. Як у ваду глядзела – ідзе народ гуляць. Яе зяць Косця, пераняўшы ад цешчы гэта слова, заўсёды насіў крыж паперадзе пахавальнай працэсіі. І таксама казаў: ”Ху-га, усе там будзем!”. І замаўкаў у смутку. Усіх шкадаваў і ўсім спачуваў, казаў праўду ў вочы.

Яго цесць Сяргей яшчэ ў Першую сусветную вайну хадзіў у штыкавую на немца. Вучыў галоўчынскіх падлеткаў майстэрству фехтавання. “Бяры чапялу, а я качаргу. Рабі выпад, нахіляйся ўлева-права, выкідвай руку наперад!”. Ці: “Бяры, зяць, матыку і руш на мяне. А я дрынам махнуся”
.
Вось такія характары маіх землякоў-галоўчынцаў.

Леанід ЛУЖАНКОЎ.

(Нумар ад 03.10.07)

Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нядз