Пятнiца, 30.7.2010
Пятнiца, 30.7.2010![]() ![]() ![]() ![]() |
Творчыя праекты /
Наш край. Краязнаўчая старонка "Зары над Друццю" /
Iнiцыятыва. Увекавечыць памяць – наш абавязак
Iнiцыятыва. Увекавечыць памяць – наш абавязак
14 ліпеня 2008 года споўніцца 300 гадоў Галоўчынскай бітве Так ужо склалася, што на тэрыторыі нашага раёна няшмат захавалася помнікаў старавеччыны, якія адлюстроўваюць багатую гісторыю Бялыніцкага краю. А вось адной з вялікіх падзей еўрапейскага маштабу з’яўляецца бітва пад Галоўчынам, што адбылася 14 ліпеня 1708 года паміж рускімі і шведскімі войскамі. Тут неабходна адзначыць, што пэўныя падзеі Паўночнай вайны ўвекавечаны: помнікамі адзначаны бітва пад Лясной у Слаўгарадскім раёне, Палтаўская бітва. Магчыма, гэта здарылася таму, што названыя бітвы заканчваліся бліскучымі перамогамі рускіх войск. Што ж да Галоўчынскай, то тут думкі гісторыкаў разыходзяцца, і той-сёй з навукоўцаў трактуе яе, як паражэнне рускіх. Аднак, такім скептыкам ужо даўно даў адказ паплечнік Пятра І адмірал Апраксін, які лічыў, што бой гэты “можна залічыць да невялікай нашай перамогі”, бо шведам не ўдалося разбіць рускае войска. Вынік гэтай бітвы наступны: 1600 загінуўшых рускіх воінаў і 1400 – Карла ХІІ. Нельга сказаць, што ніхто не ўзнімаў гэтага пытання. Аўтар гэтых радкоў, напрыклад, ніколькі не перабольшваючы сваёй ролі, стукаўся ў ва многія дзверы. Улетку 1991 года на шматлікія звароты адгукнуўся райкам КПБ, які на адным з пасяджэнняў бюро прыняў пастанову “Аб увекавечванні памяці рускіх воінаў, якія загінулі ў час Паўночнай вайны 1700 – 1721 гадоў ля вёскі Галоўчын”. У ёй адзначалася: “лічыць неабходным узвесці помнік-абеліск і прыўрочыць яго адкрыццё да 285-годдзя бітвы”. Гэта значыць, помнік планавалася ўстанавіць і адкрыць у 1993 годзе, але вядомыя падзеі жніўня 1991 года на корані перакрэслілі такую добрую і патрэбную задуму. Ужо чацвёрты раз да нас у Галоўчын прыязджаюць прадстаўнікі грамадскасці Швецыі. І кожны раз я прыводжу іх на пустое месца, дзе павінен красавацца велічны помнік. Сёлета ў вёску завітаў яшчэ адзін такі прадстаўнік са Стакгольма Пелле Молін. Пакланіўшыся святому месцу на нашай зямлі, ён выказаў надзею, што яно ўрэшце будзе нейкім чынам абазначана. У кастрычніку бягучага года ён паабяцаў прыехаць у Галоўчын з вялікай групай шведскіх турыстаў, каб паказаць ім гэтыя мясціны і распавесці аб далёкіх падзеях. Васіль ЦЫРКУНОЎ, (Нумар ад 12.09.07) |
![]() ![]()
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
| Галоўная // Рэдакцыя // Рэклама // Кантакты // Карта сайта | |||||||||||||||||||||||||||
| © 2007 “Зара над Друццю” Дызайн і распрацоўка БЕЛТА |